Гурэвіч Эсфір (Эся) Саламонаўна () — беларускі літаратуразнавец. Доктар філалагічных навук (1973).

Біяграфія Нарадзілася ў сям’і патомнага сшывальшчыка. Скончыла філалагічны факультэт Маскоўскага педагагічнага інстытута імя У. І. Леніна (1941), аспірантуру пры Інстытуце літаратуры, мовы і мастацтва АН БССР (1949). Удзельніца Вялікай Айчыннай вайны. З 1950 працавала ў Інстытуце літаратуры АН БССР (у 1952—1957 навуковы сакратар інстытута, з 1957 старэйшы навуковы супрацоўнік).

Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1977 г.

З 1995 г. жыла ў Кліўлендзе (ЗША). Памерла 20 жніўня 2015 года ў Кліўлендзе, штат Агая, ЗША. Пахаваная там жа.

Узнагароды Узнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені і медалямі.

Творчасць У друку выступала з 1948 г. Даследаванні па гісторыі беларускай літаратуры (творчасць Я. Купалы, Я. Маўра, М. Лынькова, В. Віткі, Я. Брыля і інш.), праблемах беларускай дзіцячай літаратуры.

Аўтарка манаграфій «Творчая гісторыя раманаў М. Астроўскага» (Мінск, 1957), «Беларуская дзіцячая літаратура (1917—1967)» (Мінск, 1970), «Пафас гераізму» (Мінск, 1979), «Детская литература Белоруссии» (Масква, 1982), «Янка Маўр: Нарыс жыцця і творчасці» (Мінск, 1983, 2004), «Боль и тревога наши» (Мінск, 1986). Выдала кнігу ўспамінаў «Полевая почта 43177Д» (Мінск, 2011). У сааўтарстве з Л. Гарэлік, Т. Грамадчанка і інш. напісала кнігу «Сучасная літаратура і чытач» (1988). Адна з аўтараў «Истории белорусской советской литературы» (1977), «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1981—1982).

Літаратура Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 5. — Мінск, 1997. Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 2. — Мінск, 1993. Беларускія пісьменнікі (1917—1990). — Мінск, 1994. Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. Т. 2. — Мінск, 1985.

Спасылкі Гуревич Эсфирь (Эся Соломоновна)

Катэгорыя:Літаратуразнаўцы СССР Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Манастыршчынскім раёне Катэгорыя:Беларусы ў ЗША