Крэ́ва (, ) — аграгарадок у Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Крэўскага сельсавета.
Колішні горад у Вялікім Княстве Літоўскім.
Назва
Згодна з В. Жучкевічам, тапонім «Крэ́ва» ўтварыўся ад назвы племянной супольнасці крывічоў С. 182.. Але паводле Е. Ахманскага, які грунтаваўся на звестках тапаніміі, літоўска-крывіцкая мяжа была не далей за МаладзечнаЕжы Ахманскі. Літоўская этнічная мяжа на ўсходзе ад племянной эпохі да XVI стагоддзя // ARCHE 2 2016. С. 13—96.,
Гісторыя Першыя пісьмовы згадкі пра Крэва як сталіцу Нальшанскай зямлі змяшчаюцца ў нямецкай хроніцы і датуюцца XIII ст. З таго часу назва паселішча неаднаразова фіксуецца ў розных летапісах, дакументах і на мапах. У 1260-я гады Крэва далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. У XIV ст. яно зрабілася сталіцай Крэўскага княства, тут пабудаваны мураваны замак. У 1338 г. вялікі князь Гедзімін перадаў Крэва свайму сыну Альгерду, потым ім валодаў Ягайла.
У 1382 годзе па загаду Ягайлы ў Крэўскім замку забілі Кейстута, бацьку Вітаўта. 14 жніўня 1385 года тут адбылося падпісанне Крэўскай уніі. У 1387 годзе Ягайла заснаваў у Крэве адну з першых у Літве каталіцкіх парафій. У 1391 годзе загінуў апошні князь крэўскі Вігунд. У 1413 годзе мясцовасць увайшла ў склад Віленскага ваяводства.
Пра аўтахтонных жыхароў Крэва і іх антрапанімію ў другой палове XV ст. сведчыць Літоўская Метрыка, дзе, датаваны гэтым перыядам, ёсць запіс у кн. 3-й: «У Креве. Явоишу два ч(о)л(о)веки: Кгирятович а Билюс»Lietuvos Metrika. Knyga 3 (1440—1498). Vilnius, 1998. C. 23.. Гэтыя «Гір’ятавіч і Білюс» мелі быць мясцовыя жыхары, якіх адпісвалі знатнаму баярыну «Явойшу». З імені па-бацьку «Кгирятович» паўстае балцка-літоўскае двухасноўнае імя Girjotas (значыць «Слаўны вершнік»), а прозвішча (ранейшае імя) Bilius засведчанае ў сучаснай літоўскай антрапанімііLietuvių pavardžių žodynas. A-K. Vilnius, 1985. C. 259..
З сярядзіны XV да 1-й паловы XVI стст. Крэва было сталіцай павета. Станам на 1551 год яно плаціла ў велікакняжацкі скарб мінімальную суму падаткаў — 5 коп грошаў.
7 красавіка 1559 года вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Крэву Магдэбургскае права, да канца XVIII ст. ужываўся герб: «у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога срэбная зорка» (герб «Ляліва»). Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мястэчка ўвайшло ў склад Ашмянскага павета. З 1636 года пры касцёле працавалі школа і бальніца.
У вайну 1654—1667 гадоў маскоўскія захопнікі спусташалі Крэва двойчы (у 1655 і 1659 гг.). Цягам XVIII ст. у мястэчку дзейнічалі 6 уніяцкіх цэркваў і 1 касцёл. Паводле інвентару (1789), існавалі рынак (52 дамы, 2 карчмы), вуліцы Зарэцкая (56 дамоў), Пяскоўская (9 дамоў), Татарская (13 дамоў), Багданаўская (56 дамоў), Барунская (5 дамоў). У канцы XVIII ст. мястэчка карысталася пячаткай з гербам Ляліва.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Крэва апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У XIX — 1-й палове XX стст. паселішча было адным з найбуйнейшых цэнтраў вытворчасці керамікі. Па здушэнні нацыянальна-вызваленчага паўстання ў 1866 годзе расійскія ўлады гвалтоўна перарабілі мясцовы касцёл у царкву Маскоўскага патрыярхату. Паводле вынікаў перапісу (1897) у Крэве было 217 двароў, 2 царквы, сінагога, вучэльня, школа, 2 крамы, рэгулярна праводзілася 5 кірмашоў. У 1898 г. мястэчка наведаў мастак Фердынанд Рушчыц, які напісаў карціну «Крэва».
У Першую сусветную вайну каля Крэва праходзілася лінія фронту. 21 ліпеня 1917 г. у ходзе артылерыйскіх абстрэлаў нямецкіх пазіцый войскі Расійскай імперыі ўшчэнт разбурылі муры замка і касцёла.
У 1920 г. Крэва апынулася ў складзе Сярэдняй Літвы, у 1922 г. — міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Ашмянскім павеце Віленскага ваяводства. У 1929 г. беларускі мастак Язэп Драздовіч стварыў серыю малюнкаў мястэчка. Цягам 1929 — 1930-х гг. праводзілася ўмацаванне муроў замка.
У 1939 г. Крэва ўвайшло ў БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 г. зрабілася цэнтрам сельсавета Смаргонскага раёна. У 1998 годзе з мэтай спрыяння захаванню і адраджэнню Крэўскага замка ўтварыўся міжнародны фонд «Крэва».
Насельніцтва 1789 год — 1,1 тыс. чал. 1866 год — 1285 чал., у тым ліку 639 праваслаўных, 337 каталікоў, 68 магаметанаў, 241 іўдзеяў; 1897 год — 1380 чал. 1909 год — 2,3 тыс. чал.; 1972 год — 1155 чал.; 1994 год — 865 жыхароў, 360 двароў; 1997 год — 837 чал. 2004 год — 726 чал.
Інфраструктура У Крэве працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бальніца, аптэка, клуб, бібліятэка.
Турызм Праз Крэва праходзяць турыстычныя маршруты «Легенды Вялікага Княства Літоўскага», «Дойлідства Налібоцкага краю».
Славутасці
Замак вялікіх князёў (XIV ст.; руіны) Касцёл Перамянення Божага Яўрэйскія могілкі Сінагога (канец XIX — пачатак XX стст.) Царква Св. Аляксандра Неўскага (1854) Крэўскі вялікі камень — геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння
Страчаная спадчына Касцёл Маці Божай Ласкавай (1936)
Вядомыя асобы Ілья Ісаакавіч Даен (1914—1989)https://tambweb.ru/ДА́ЕН_Илья_Исаакович
Галерэя
Крыніцы
Літаратура
Дзярновіч А. Гісторыя Крэва // Адраджэнне: гістарычны альманах. Вып. 1. — Мн.: Універсітэцкае, 1995. Крэва : гісторыя, археалогія, культурная спадчына : зборнік навуковых артыкулаў / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі; уклад., навук. рэд. А. I. Дзярновіч. — Мінск: Беларуская навука, 2021 . — 460 с.: іл. (Беларусь праз прызму рэгіянальнай гісторыі).
Спасылкі
Турыстычны сайт мястэчка Крэва
Герб Крэва Геральдыкум
Катэгорыя:Крэўскі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Смаргонскага раёна
Катэгорыя:Мястэчкі Віленскага ваяводства