«Авата́р» (, МФА: ) — амерыканскі навукова-фантастычны фільм 2009 года аўтара сцэнарыя і рэжысёра Джэймса Кэмерана з Сэмам Уортынгтанам і Зоі Салдана ў галоўных ролях. Дзеянне фільма адбываецца ў 2154 годзе, калі чалавецтва здабывае каштоўны мінерал унабтаніум на планеце Пандора, заселеным спадарожніку газавай планеты ў зорнай сістэме Альфы Цэнтаўра. Па сюжэце рэсурсаздабывальная карпарацыя пагражае існаванню мясцовага племені чалавекападобных разумных істот, на’ві. Назва фільма — назва генетычна спраектаваных целаў, гібрыдаў на’ві і людзей, якія выкарыстоўваюцца камандай даследчыкаў для вывучэння планеты і ўзаемадзеяння з туземнымі жыхарамі Пандоры.
Стварэнне «Аватара» пачалося ў сярэдзіне 1990-х гадоў, калі Кэмеран напісаў 80-старонкавую канцэпцыю сцэнарыя фільма. Меркавалася пачаць здымкі ў 1997 годзе і выпусціць «Аватар» у пракат ужо ў 1999 годзе, але, па словах Кэмерана, на той момант яшчэ не існавала тэхналогій, здольных увасобіць у жыццё яго бачанне карціны. Праца над мовай на’ві пачалася ўлетку 2005 года, а напачатку 2006 года Кэмеран прыступіў да стварэння сцэнарыя і выдуманага сусвету. Па афіцыйных даных, бюджэт «Аватара» складае каля 237 мільёнаў долараў, па іншых ацэнках, выдаткі на вытворчасць фільма вар'іруюцца ад $280 да $310 мільёнаў, а кошт рэкламнай кампаніі ацэньваецца ў $150 мільёнаў. Пры здымках «Аватара» шырока выкарыстоўвалася тэхналогія захопу руху. Фільм выйшаў у пракат у традыцыйным фармаце, 3D-фармаце (RealD 3D, Dolby 3D, XpanD 3D і IMAX 3D) і ў «4D»-фармаце ў некаторых кінатэатрах Паўднёвай Карэі.
Прэм’ера «Аватара» адбылася ў Лондане 10 снежня 2009 года. У міжнародны пракат, уключаючы ЗША і Канаду, фільм выйшаў 16—18 снежня таго ж года. Карціна мела камерцыйны поспех і была станоўча ўспрынята крытыкамі. Яна пабіла некалькі рэкордаў па зборах, стаўшы самым касавым фільмам усіх часоў у Паўночнай Амерыцы і ва ўсім свеце, абагнаўшы «Тытанік», які ўтрымліваў рэкорд на працягу 12 гадоў. «Аватар» таксама стаў першым фільмам у гісторыі кінематографа, чые касавыя зборы перавысілі адзнаку ў 2 мільярды долараў. Фільм быў намінаваны на «Оскар» у дзевяці катэгорыях, уключаючы «Найлепшы фільм» і «Найлепшая рэжысура», і перамог у трох з іх: «Найлепшая аператарская праца», «Найлепшыя візуальныя эфекты» і «Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка». DVD-рэліз фільма пабіў рэкорды продажаў, а Blu-ray-выданне стала адным з самых паспяховых у гісторыі. У 2015 годзе ці пазней выйдзе сіквел кінакарціны — «Аватар: Шлях вады». Адначасова здымаецца і трэцяя частка франшызы; таксама магчыма з’яўленне чацвёртага фільма.
Акцёры
Узнагароды і намінацыі
«Аватар» быў намінаваны на прэмію «Оскар» у дзевяці катэгорыях, уключаючы «Найлепшы фільм» і «Найлепшую рэжысуру», але перамог толькі ў трох з іх: «Найлепшая праца мастака-пастаноўшчыка», «Найлепшая аператарская праца» і «Найлепшыя візуальныя эфекты». На 67-й цырымоніі «Залаты глобус» з чатырох намінацый «Аватар» перамог у дзвюх: «Найлепшы фільм-драма» і «Найлепшая рэжысёрская праца». Фільм стаў «Найлепшай карцінай» па меркаванні New York Film Critics Online і «Самым арыгінальным, інавацыйным або крэатыўным фільмам» па версіі St. Louis Film Critics, дзе таксама выйграў у намінацыі «Найлепшыя візуальныя эфекты». «Аватар» быў намінаваны ў дзевяці катэгорыях на прэміі BAFTA і стаў пераможцам у дзвюх з іх: «Найлепшы прадакшн-дызайн» і «Найлепшыя спецэфекты». Фільм — уладальнік мноства іншых розных узнагарод і намінацый.
Крыніцы
Літаратура
На англійскай
Спасылкі
Афіцыйны сайт
Pandorapedia — энцыклапедыя сусвету «Аватара»
Катэгорыя:Фільмы Джэймса Кэмерана Катэгорыя:Фільмы, музыку да якіх напісаў Джэймс Хорнер Катэгорыя:Фільмы пра іншапланецян Катэгорыя:Фільмы ЗША ў 3D Катэгорыя:Фільмы IMAX Катэгорыя:Фільмы-драмы ЗША Катэгорыя:Навукова-фантастычныя фільмы ЗША Катэгорыя:Навукова-фантастычныя фільмы 2009 года Катэгорыя:Навукова-фантастычныя ваенныя фільмы Катэгорыя:Фантастычныя фільмы 2009 года Катэгорыя:Фільмы-баевікі ЗША Катэгорыя:Фільмы-баевікі 2009 года Катэгорыя:Прыгодніцкія фільмы ЗША Катэгорыя:Фільмы 20th Century Fox Катэгорыя:Фільмы — лаўрэаты прэміі «Оскар» за найлепшыя візуальныя эфекты Катэгорыя:Фільмы — лаўрэаты прэміі «Залаты глобус» за найлепшы фільм — драма Катэгорыя:Фільмы пра XXII стагоддзе Катэгорыя:Фільмы на англійскай мове