Царква Прасвятой Тройцы — помнік драўлянага дойлідства ў аграгарадку Бездзежы Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці.

Гісторыя Царква пабудавана ў 1784 годзе з дрэва на падмурку ўніяцкай царквы 1-й паловы XVII ст. Паводле загада гродзенскага генерал-губернатара ў 1865 годзе перабудавана ў праваслаўны храм па праекце архітэктара Мсціслава Барташэўскага на вылучаную казной суму 1 000 рублёўПомнікі гісторыі і культуры .

Царква разам з брамай-званіцай, звон якой быў адліты ў 1776 годзе, занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей.

Архітэктура

У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі храма і рашэнні галоўнага фасада спалучаюцца традыцыі мясцовага драўлянага дойлідства з уплывам мураванага будаўніцтва эпохі барока. Кампазіцыя будынка складаецца з двух прамавугольных у плане зрубаў рознай шырыні. Перад царквой — прамавугольная ў плане званіца-брама, накрытая двухсхільным дахам.

Асноўны зруб і апсідны прыруб маюць аднолькавую вышыню і пакрыты агульным дахам, апяразаны карнізам з вялікім вынасам, які над апсідай пераходзіць у трохвугольныя застрэшкі. Двухсхільная кроквенная страха завяршаецца трыма вальмамі над апсідай і паўвальмай на галоўным фасадзе. Яго фланкіруюць дзве чацверыковыя вежы, завершаныя пукатымі гранёнымі купаламі з макаўкамі. Сцены вертыкальна ашаляваны, шчыты франтонаў запоўнены дэкаратыўнай шалёўкай з нашчыльнікамі. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены разнымі ліштвамі. Уваход зроблены праз вялікі ганак з разнымі калонкамі і балясінамі.

Інтэр’ер зальны, з чатырма слупамі ў сярэдзіне, над уваходам хоры; захаваліся абразы XVII—XVIII стст. Іканастас з разнымі царскімі варотамі выкананы ў 1872 годзе.

Брама-званіца Перад царквой пастаўлена званіца-брама: два ярусы-чацверыкі пад двухсхільным дахам. Яны мацуюць «забраную ў слупы» канструкцыю, гарызантальна ашаляваны. Брама вырашана арачным праёмам. Верхні чацвярык званіцы мае невялікія здвоеныя праёмы на тарцах. Мастацкім рарытэтам з’яўляецца падпісны звон 1776 года.

У 2000-х гадах брама-званіца была перабудавана.

Абраз

Уваскрасенне — Сашэсце ў пекла — абраз 2-й паловы XVII — пачатку XVIII ст. з царквы цяпер захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь.

Літаратура

С. 373. Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4

Спасылкі

Катэгорыя:Бездзеж Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Драгічынскага раёна Катэгорыя:Драўляныя цэрквы Беларусі Катэгорыя:Помнікі беларускага народнага дойлідства Катэгорыя:Колішнія ўніяцкія храмы Брэсцкай вобласці Катэгорыя:Храмы Брэсцкай і Кобрынскай епархіі