Будынак акруговага суда, таксама будынак Ніжняга суда, Урачэбнай управы і архіва — будынак у Магілёве на плошчы Славы, 1. Помнік архітэктуры класіцызму. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння.

Гісторыя

Пабудаваны ў 1778 годзе на Губернатарскай плошчы (сучасная пл. Савецкая) як будынак ніжняга земскага суда, урачэбнай управы і губернскага архіва.

Першапачаткова класічнае аблічча гэтага корпуса вызначалі як частку параднай паўдугі ансамбля Губернатарскай плошчы вядомыя рускія архітэктары М. А. Львоў і В. П. Стасаў. Калі прыйшоў час дэталёва ўладкоўваць і прыстасоўваць гэтыя каменныя карпусы пад пэўныя казённыя патрэбы (уключаючы Губернскі архіў і судзейскія ведамствы), гэта было даручана магілёўскаму губернскаму архітэктару Пятру Цістраву, які дапрацоўваў чарцяжы фасадаў, склаў дакладныя планы ўнутраных памяшканняў і разлічыў каштарысы. На захаваным чарцяжы фасаду і планаў паверхаў мы бачым будынак менавіта ў той класічнай стылістыцы першай паловы XIX стагоддзі, якую ён курыраваў.

У 1883 годзе будынак часткова перабудаваны і прыстасаваны пад акруговы суд паводле праекта М. П. ВысоцкагаБарановский Г. В. Юбилейный сборник сведений о деятельности бывших воспитанников Института гражданских инженеров (Строительного училища) 1842—1892. с. 70 .

Калі ў час Першай сусветнай вайны ў Магілёве знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага, у будынку размяшчалася частка світы Цара і чыны , знаходзілася ўпраўленне дзяжурнага генерала. Тут размяшчаліся камандзір канвою граф , генерал Д. М. Дубенскі і цырымоніймайстар барон .

У ліпені-жніўні 1919 г. у будынку размяшчаўся штаб 16-й арміі, якая ў 1919—1920 гг. вяла на тэрыторыі Беларусі баі супраць войскаў Польскай Рэспублікі. У ліпені 1919 г. членам Рэўваенсавета 16-й арміі прызначаны Р. К. Арджанікідзэ, які некаторы час працаваў у будынку, дзе размяшчаўся штаб.

Разбураны ў гады Другой сусветнай вайны. У 1950-я гады адноўлены і пераабсталяваны пад Магілёўскі абласны краязнаўчы музей.

У 1975 г. на будынку ўстаноўлена мемарыяльная дошка Рыгору Канстанцінавічу Арджанікідзэ.

Архітэктура

Уяўляе сабой мураваны прамавугольны ў плане будынак, які быў падзелены капітальнымі сценамі на тры часткі (для кожнай установы). З боку дваровага фасада кожная з устаноў мела асобны дворык, абнесены мураванай сцяной (не захаваліся). У 1883 г. часткова перабудаваны, надбудаваны трэці паверх, дэкарыраваны галоўны фасад, змененая ўнутраная планіроўка, будынак прыстасаваны пад акруговы суд.

Галоўны трохпавярховы (з паўпадвальным паверхам) фасад выходзіць на плошчу. Паверхі падзелены карнізнымі цягамі. У цэнтры галоўнага фасада — уваходны партал, раней існавалі тры асобныя ўваходы, адпаведна фасад быў аздоблены трыма рызалітамі, завершанымі атыкамі з франтонамі. Цэнтральная частка фасада завершана над карнізам прамавугольным прафіляваным атыкам і дэкарыраваная плоскімі пілястрамі па тры паабапал увахода. На першым паверсе пілястры руставаныя, на другім — парныя, на трэцім — гладкія. Падобныя пілястры захаваліся на бакавых частках будынка, абапал першапачатковых уваходаў, і на вуглах фасадаў. Прамавугольныя аконныя праёмы ў простых ліштвах на першым і трэцім паверхах аздобленыя замковым каменем, на другім завершаны праз адно прамавугольнымі сандрыкамі або трохвугольнымі франтонамі. Будынак завершаны тонкапрафіляваным карнізам. Дэкаратыўныя дэталі, як то пілястры, паясы, ліштвы, сандрыкі, вылучаны асобным колерам.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Магілёва Катэгорыя:Славутасці Магілёва Катэгорыя:Плошча Славы (Магілёў) Катэгорыя:З’явіліся ў 1778 годзе Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў стылі класіцызм Катэгорыя:Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Еўдакіма Раманавіча Раманава Катэгорыя:1778 год у Беларусі Катэгорыя:XVIII стагоддзе ў Магілёве