Half-Life: Blue Shift — камп’ютарная гульня ў жанры навукова-фантастычнага шутара ад першай асобы, другое па ліку дапаўненне для Half-Life. Гульня была распрацаваная кампаніяй Gearbox Software і выдадзеная кампаніяй Sierra On-Line. Першапачаткова гульня планавалася для выпуску на Dreamcast, аднак у выніку версія для Dreamcast была скасаваная, гульня была выпушчаная для Windows 12 чэрвеня 2001 года. Гэта трэцяя гульня ў серыі Half-Life.
Аналагічна Half-Life: Opposing Force і Half-Life: Decay, Blue Shift адлюстроўвае падзеі, якія адбыліся ў Half-Life, але з пункту гледжання іншага персанажа — ахоўніка «Чорнай Мезы» Барні Калхуна. У ролі Барні ігрок павінен збегчы з сакрэтнай лабараторыі, захопленай прышэльцамі і атрадамі HECU.
У адрозненне ад першага дапаўнення Opposing Force, Blue Shift з’яўляецца аўтаномнай гульнёй і не патрабуе ўсталяванай на камп’ютары арыгінальнай Half-Life.
Ацэнкі
Гульня атрымала «змешаныя водгукі» паводле сайта Metacritic, паводле ацэнак на ім мае 71 з 100 балаў.
У рэцэнзіі для IGN крытык Тал Блевінс адзначыў, што гульнявы працэс Blue Shift «у значнай ступені адпавядае таму, што мы чакалі ад Half-Life». Паводле яго водгуку галаваломкі «былі лагічнымі і добра зробленымі, хаця некаторыя галаваломкі выклікалі расчараванне». Хаця IGN хваліў гульню за захаванне «эпічнага» адчування арыгіналу, Блевінс крытыкаваў кароткую працягласць гульні. Рэцэнзент GameSpot Грэг Касавін пагадзіўся са шматлікімі крытычнымі заўвагамі IGN, заявіў, што «справа не ў тым, што гульня лёгкая, а хутчэй у тым, што яна надзвычай кароткая», і што Blue Shift «сама па сабе не мае вялікага значэння». Акрамя таго, Касавін назваў «карыснымі» графічныя ўдасканаленні, унесеныя пакетам High Definition, але адзначыў, што «яны ўсё яшчэ не робяць Half-Life падобнай на новую гульню — і многія змены самі па сабе не вельмі прыкметныя».
Катэгорыя:Шутары ад першай асобы Катэгорыя:Відэагульні 2001 года Катэгорыя:Гульні для Windows Катэгорыя:Гульні для Linux Катэгорыя:Гульні для macOS Катэгорыя:Відэагульні з трохмернай графікай Катэгорыя:Steam-гульні Катэгорыя:Відэагульні, распрацаваныя ў ЗША Катэгорыя:Valve Катэгорыя:Half-Life