Мікала́й Іва́навіч Чаргіне́ц () — беларускі палітык і пісьменнік, народны пісьменнік Беларусі (2022).
Функцыянер рэжыму Лукашэнкі. Кандыдат юрыдычных навук (1977), Заслужаны работнік МУС СССР (1977), генерал-лейтэнант унутранай службы (1993), старшыня прарэжымнага Саюза пісьменнікаў Беларусі (2005—2022).
Пісаў на рускай мове. Працаваў у дэтэктыўным жанры, увёў у рускамоўную літаратуру Беларусі так званы міліцэйскі дэтэктыў. Аўтар каля паўсотні кніг мастацкай прозы, большасць з іх — вострасюжэтныя дэтэктывы.
Біяграфія Нарадзіўся 17 кастрычніка 1937 года ў Менску ў сям’і рабочага.
У маладосці займаўся футболам. Выхаванец мінскай Футбольнай школы моладзі, у 1958 годзе далучыўся да новастворанай каманды «Лакаматыў» з Вінніцы і забіў першы гол гэтай каманды ў гісторыі. Пасля выступаў у Малдаўскай ССР, а ў 1960—1962 гадах у мінскіх клубахПрофіль футбаліста на сайце footballfacts.ru. У 1963 годзе скончыў Вышэйшую школу трэнераў Беларускага дзяржаўнага інстытута фізічнай культуры.
Працаваў інструктарам фізічнай культуры на Мінскім прыборабудаўнічым заводзе. У 1964 годзе накіраваны на работу ў органы міліцыі — у крымінальны вышук. У 1967 годзе скончыў юрыдычны факультэт БДУ. З 1969 года — намеснік начальніка Першамайскага, з 1973 года — начальнік Ленінскага раённага аддзела ўнутраных спраў Мінска. З 1975 года — намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама, з 1981 года — начальнік Упраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў БССР. У 1984—1987 гадах служыў у Афганістане дарадцам пры штабе (Савецкая вайна ў Афганістане). З 1987 года — начальнік Беларускага ўпраўлення ўнутраных спраў на транспарце МУС БССР. Генерал-маёр міліцыі. Кандыдат юрыдычных навук. Член СП СССР (з 1978).
Акадэмік (акадэмія закрыта ў 2008 годзе за махлярства — выдавала ўяўныя дакументы і званні, якія назвай супадалі з вайсковымі званнямі). Член Прэзідыума Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, старшыня Пастаяннай камісіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях знешняй палітыкі. Старшыня грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі», які падтрымліваецца рэжымам Лукашэнкі (2005—2022).
Памёр 7 ліпеня 2026 годаУмер народный писатель Беларуси Николай Чергинец. Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілкахУ Мінску развіталіся з народным пісьменнікам Беларусі Мікалаем Чаргінцом.
Творчасць Дэбютаваў у друку як журналіст у 1963 годзе. Пісаў на рускай мове. Аўтар кніг прозы «Четвертый след» (1973), «Тревожная служба» (1975), «Следствие продолжается» (1977), «Финал Краба» (1979), «Служба — дни и ночи» (1981), «Приказ № 1» (1985; 2003, серыя «Уголовный розыск»), «Следствие продолжается. Финал Краба» (1986), раманаў «Вам — задание» (1982), «За секунду до выстрела» (1983), «Тайна Черных Гор» (1987), «Сыновья» (1989; 2000, серыя Уголовный розыск), Черный пес (2000, Уголовный розыск), За секунду до выстрела (2001, Уголовный розыск), Киллер (2001, Уголовный розыск), Кремлевский колодец (2001, Уголовный розыск), Русская красавица (2001, Уголовный розыск), Убить вождя (2001, Уголовный розыск), Илоты безумия (2002, Уголовный розыск), Побег (2002, Уголовный розыск), Смертник (2002, Уголовный розыск), Тайна Овального кабинета (2002), Смерть за смерть (2003, Уголовный розыск), Упреждающий удар (2002, Уголовный розыск), «Вам задание» (2004), Русское братство (2004, Уголовный розыск), Смертельный квадрат (2004, Уголовный розыск), Третья звезда (2005, Уголовный розыск), Выстрел в прошлое (2006, серыя Спецназ), «Логово змей» (2007). Аўтар аповесцяў «Свадьбы не будет», «Однажды в марте», «По божьей воле», «Следствие продолжается» (2000, Уголовный розыск), «Последний герой» (2003, Уголовный розыск).
Па творах М. І. Чаргінца пастаўлены ваенна-прыгодніцкі фільм «Вам заданне», чатырохсерыйны тэлевізійны фільм «Ветраў», здымаецца шасцісерыйны тэлевізійны фільм па яго раманах «Смерць за смерць» і «Пабег».
Узнагароды Узнагароджаны 8 ордэнамі СССР, Беларусі, Афганістана і Польшчы, у тым ліку ордэнам Чырвонага Сцяга, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі, вышэйшым афганскім ордэнам Чырвоны Сцяг, савецкімі і афганскімі медалямі. Заслужаны работнік Міністэрства ўнутраных спраў СССР (1977). Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1990) за раман «Сыновья», Літаратурнай прэміі імя В. Пікуля.
У 2022 годзе атрымаў ганаровае званне Народнага пісьменніка БеларусіОрдэны, медалі, ганаровыя званні. Дзяржузнагарод удастоены 75 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці.
Крытыка Пры першай спробе прыняцця ў Саюз пісьменнікаў БССР Мікалай Чаргінец не быў прыняты, бо, як палічыла прыёмная камісія, яго творчасць «ніякага дачынення да літаратуры не мае».
Як сцвярджае сам Мікалай Чаргінец на сваім сайце, ён унесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса за разнапланавыя дасягненні ў галіне навукі і культуры (1998). Аднак, пры афіцыйным запыце да прадстаўніцтва кампаніі пацвердзіць гэта, высветлілася, што Чаргінца ў базе няма і ніколі не было. Няма яго імя і на афіцыйным сайце міжнароднай прэміі імя С. Міхалкова, хаця сам Чаргінец заяўляе, што з’яўляецца яе лаўрэатам. Таксама паводле сцвярджэнняў самога Чаргінца, у 2008 годзе Амерыканскім бібліяграфічным інстытутам ён быў прызнаны «Чалавекам года» за выдатны ўклад у развіццё Рэспублікі Беларусь, на самай справе такога інстытута няма.
Пры кіраванні Чаргінца Саюзам пісьменнікаў Беларусі наклад калісьці папулярнага штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» зменшыўся амаль у дзесяць разоў. З ведама Чаргінца імёны шэрагу вядомых пісьменнікаў былі ўнесены ў так званыя «чорныя спісы» дзяржаўных выдавецтваў.
Сям’я Жанаты, меў дваіх дзяцей: сын Ігар Чаргінец — генеральны дырэктар «Белавія», дачка Вольга Чаргінец — юрыстка, палкоўнік памежных войскаў у адстаўцы.
Памяць У снежні 2022 года, пры жыцці Мікалая Чаргінца, яго імем названа школа № 76 у Мінску.
Крыніцы
Літаратура
Чаргінец Мікалай Іванавіч // Парламент — Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь другога склікання / пад агул. рэд. У. М. Канаплёва і М. А. Аўласевіча. — Мн.:, 2003. — С. 231. Чергинец Николай Иванович // Кто есть кто в Республике Беларусь, 2005 / под ред. И. В. Чекалова. — Мн.:, 2005. — Т.2. — С. 366.
Спасылкі Карані беларускай палітыкі. Мікалай Чаргінец
Катэгорыя:Футбалісты СССР Катэгорыя:Ігракі ФК СКА Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Дынама Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Ураджай Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Зімбру Кішынёў Катэгорыя:Ігракі ФК Ніва Вінніца Катэгорыя:Рускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Палітыкі Беларусі Катэгорыя:Рэкардсмены Кнігі рэкордаў Гінеса Катэгорыя:Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 1-га склікання Катэгорыя:Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 2-га склікання Катэгорыя:Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 3-га склікання Катэгорыя:Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Катэгорыя:Футбалісты паводле алфавіта Катэгорыя:Беларускія асобы ў Чорным спісе ЕС Катэгорыя:Народныя пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Члены КПСС Катэгорыя:Генерал-лейтэнанты міліцыі (Беларусь)