Гага звычайная (Somateria mollissima) — птушка сямейства качыных.

Апісанне Даўжыня цела 50-71 см, размах крылаў 80-110 см. Самка значна меншая за самца.

У самцоў у шлюбным уборы галава і верх цела белыя, грудзі цялеснага колеру, патыліца зеленаватая, верх галавы і астатняя частка цела чорныя. Самка, маладыя і самец у негнездавы час карычневыя ў бурыя палоскі. Самцы крыху цямнейшыя, адносна хутка набываюць цялесны колер грудзей і белую палоску на баках спіны. Голас: у самцоў гучнае «аў-аў, ху-аў, уху-ах» (другі склад заўседы больш моцны), у самак траскучае «корр, крр».

Пашырэнне Арэал ваколпалярны, у т.л. ўзбярэжжы Паўночнай Еўропы, Ісландыя, Шпіцберген, Фарэрскія астравы, Зямля Франца-Іосіфа, Кольскі паўвостраў, Нарвегія, Шатландыя, паўночная Ірландыя, на Балтыцы (у Швецыі, Фінляндыі, Эстоніі), Данія, Фрызскія астравы, Галандыя, узбярэжжы Францыі (ізаляваныя), Чукоцкае і Берынгава мора, поўнач Паўночнай Амерыкі, Бафінава Зямля і Грэнландыя.

Насяляе марскія ўзбярэжжы або астравы (камяністыя або парослыя лесам, але не пясчаныя), вусці вялікіх рэк, летам таксама тундру.

Паўночныя папуляцыі пералётныя, паўднёвыя — аселыя. Спарадычна назіраецца на поўдзень ад гнездавога арэала ў Партугаліі, Венгрыі, Румыніі, б. Югаславіі, Албаніі, Грэцыі, Балгарыі, Беларусі, Турцыі.

Месца зімовак у паўднёвай частцы гнездавога арэала, а таксама Паўночнае мора і заходняя Балтыка, заходнія ўзбярэжжы Брытанскіх астравоў, Ірландыі, нешматлікая на швейцарскіх азёрах (Жэнеўскім і Бодэнскім), Атлантычнае і Ціхаакіянскае ўзбярэжжы Паўночнай Амерыкі, Камчатка і Берынгава мора. На Беларусі вельмі рэдкі выпадкова залётны і зімуючы від.

Падвіды S. m. mollissima — паўночнае ўзбярэжжы Заходняй і Усходняй Еўропы (да Новай Зямлі); S. m. faeroeensis — Фарэрскія астравы; S. m. borealis — Ісландыя, Ян-Маен, Мядзведжыя а-вы, Шпіцберген, Зямля Франца-Іосіфа, а таксама Грэнландыя, Бафінава Зямля; S. m. v-nigra — Паўночна-Усходняя Сібір.

Іншыя падвіды жывуць на крайняй поўначы Паўночнай Амерыкі.

Асаблівасці біялогіі Гняздо звычайна ў калоніі, паблізу вады, часцей за ўсё пад навесам каранёў, раслін або торфу; у ямцы, скупа высланай навакольнымі раслінамі. Пасля знясення 4-га яйка з’яўляецца багатая высцілка з пуху ў выглядзе валіка вакол яек.

Яйкі (звычайна 4-6, часам 1-8) сярэдне падоўжаныя, зеленавата-салатавыя. Памеры: 78 х 51,5 мм.

Літаратура Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X

Катэгорыя:Качыныя Катэгорыя:Жывёлы, апісаныя ў 1758 годзе