Дняпроўскія балты — балтыйскія плямёны, якія насялялі басейн Дняпра паміж басейнамі Віслы і Волгі ў эпоху жалезнага веку (I тыс. да н.э. — I тыс. н.э.). Дняпроўскія балты сфарміраваліся на фіна-ўгорскім субстраце.

Пра прысутнасць балтаў у басейне Дняпра сведчаць шматлікія гідронімы і археалагічныя знаходкі. Пісьмовых помнікаў гэтыя плямёны не пакінулі. У 1962 годзе расійскія мовазнаўцы У. Тапароў і А. Трубачоў у даследаванні «Лінгвістычны аналіз гідронімаў Верхняга Падняпроўя» паведамілі, што сярод 1085 гідронімаў басейна Дняпра выяўлена 911 назваў балцкага паходжання, што сведчаць пра ранейшы балцкі этнічны характар гэтай тэрыторыі.

Мяркуючы па розных археалагічных помніках, а таксама па распаўсюджанні гідронімаў балцкага паходжання, у канцы неаліту (III—II тыс. да н. э.) у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе існавала некалькі блізкароднасных, прынамсі гіпатэтычна балцкіх, культур: Паморская, (позняя) Нарвенская і (позняя) Нёманская. Найстаражытнейшая з іх —Паморская культура — займала толькі вузкую паласу паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжа Балтыйскага мора.

У бронзавым і жалезным вяках (II—I тыс. да н. э. — I тыс. н. э.) на тэрыторыі на ўсход і поўдзень ад сучасных Літвы і Латвіі існавалі ўжо несумненна балцкія культуры: позняя Нарвенская і сфарміраваная на яе аснове культура штрыхаванай керамікі (іх арэалы ахоплівалі таксама ўсходнія часткі сучасных Літвы і Латвіі), Днепра-Дзвінская (таксама вядомая як «Смаленская культура гарадзішчаў»), Мілаградская, Юхнаўская і позняя Дзякoўская культуры (каля пачатку нашай эры ва ўсходняй частцы басейна верхняй Акі яе стварылі нашчадкі мясцовага насельніцтва Днепра-Дзвінскай культуры і перасяленцаў-юхнаўцаў).

У III—V стагоддзях гэтыя балцкія культуры басейнаў Дняпра, Дзвіны і Акі пад моцным уплывам заходніх балтаў (носьбітаў Зарубінецкай культуры), якія яшчэ ў II—I стст. да н. э. праніклі з тэрыторыі сучаснай Польшчы далёка ў басейн Дняпра, трансфармаваліся ў Калочынскую, Банцараўска-Тушамлянскую і Мошчынскую культуры, што існавалі да VIII—X стагоддзяў. Мошчынскую культуру лічаць культурай продкаў усходніх галіндаў (голядзіБалтаславяне і «вялікае перасяленне народаў» ), якія жылі ў Падмаскоўі, у басейне ракі Протвы, да канца Сярэднявечча.

Прыкладна ў пачатку VI — канцы VII стст. на тэрыторыю дняпроўскіх балтаў пачалі пранікаць славяне, якія да таго часу жылі толькі на тэрыторыі сучаснай правабярэжнай Украіны, але паступова прасунуліся ва ўсходнюю частку басейна Дняпра.

У IX—X стст. рухаючыся на поўнач уздоўж Дняпра. славянскія перасяленцы аддзялілі большую частку дняпроўскіх балтаў ад іншых, больш заходніх балтаў

У XI—XII стст. амаль усе дняпроўскія балты (за выключэннем усходніх галіндаў) былі асіміляваныя ўсходнімі славянамі. Працэс іх культурнай і моўнай славянізацыі, які пачаўся яшчэ на мяжы VII—VIII стагоддзяў, значна паскорыўся пасля прыняцця праваслаўнага хрысціянства рознамоўнымі плямёнамі Кіеўскай Русі. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што пасля афіцыйнага хрышчэння Русі ў 988 годзе частка дняпроўскіх балтаў перасялілася на захад і з цягам часу ўвайшла ў склад этнасаў літоўцаў і латгалаў.

Паводле меркавання некаторых даследчыкаў, язычніцкая рэлігія дняпроўскіх балтаў уключала шанаванне слупоў з мядзведжымі галоваміТраццякоў П. М. Славяне і балты ў Верхнім Падняпроўі ў сярэдзіне і трэцяй чвэрці I тыс. н.э. .

Крыніцы

Катэгорыя:Зніклыя народы Еўропы Катэгорыя:Усходнія балты Катэгорыя:Гісторыя Беларусі Катэгорыя:Дагістарычная Расія