Архаі́зм ( — старадаўні, старажытны) — слова, моўны выраз, граматычная форма, якія выйшлі з актыўнага ўжытку і заменены сінанімічнымі моўнымі адзінкамі.

Архаізмы часта выкарыстоўваюцца ў стылістычных мэтах, напрыклад, для надання мове ўрачыстасці ці для перадачы атмасферы даўніны.

Класіфікацыя Адрозніваюць некалькі тыпаў архаізмаў: уласналексічныя, семантычныя, лексіка-фанетычныя, лексіка-словаўтваральныя, лексіка-марфалагічныя, лексіка-акцэнталагічныя.

Уласналексічныя архаізмы Уласналексічныя архаізмы — словы, якія цалкам адрозніваюцца ад сучасных назваў і выцесніліся з мовы словамі іншага кораня: атрамант — чарніла; лемантар — буквар; чало — лоб; тлумач — перакладчык; балонка — аконная шыба, старонка кнігі; скрыжалі — закон; прастакутнік — прамавугольнік; дзясніца — правая рука.

Семантычныя архаізмы Семантычныя архаізмы — словы, асобныя значэнні якіх выйшлі з ужытку і сталі ўстарэлымі: жывот у значэнні ‘жыццё’, калена ў значэнні ‘пакаленне’, старац у значэнні ‘жабрак’, бабыль у значэнні ‘беззямельны адзінокі селянін’, дружына ў значэнні ‘прыбліжаныя князя; князева войска’, камора ў значэнні ‘кантрольны пункт у дарэвалюцыйны час’.

Лексіка-фанетычныя архаізмы Лексіка-фанетычныя архаізмы — словы, якія адрозніваюцца ад адпаведных ім сучасных слоў адным ці некалькімі гукамі: кроніка — хроніка, гімнасія — гімназія, часопісь — часопіс, філёзофія — філасофія, Эўропа — Еўропа, міт — міф, сымболь — сімвал, хэмія — хімія.

Лексіка-словаўтваральныя архаізмы Лексіка-словаўтваральныя архаізмы — устарэлыя словы, якія маюць аднолькавы корань з сучаснымі назвамі, але адрозніваюцца суфіксамі ці прыстаўкамі: абставы — абставіны, дзейца — дзеяч, лятун — лётчык, матацыклет — матацыкл, прасвета — асвета, лгар — лгун, кісліна — кіслата, тэза — тэзіс, злуч — злучок.

Лексіка-марфалагічныя архаізмы Лексіка-марфалагічныя архаізмы — словы, якія адрозніваюцца ад слоў сучаснай літаратурнай мовы асобнымі граматычнымі значэннямі і сродкамі іх выражэння: паэта — паэт, кляса — клас, лякаматыва — лакаматыў.

Лексіка-акцэнталагічныя архаізмы Лексіка-акцэнталагічныя архаізмы — словы, якія адрозніваюцца ад сучасных адпаведнікаў націскам: рапо́рт — ра́парт.

Функцыі архаізмаў У мовах з развітымі прафесійна-сацыяльнымі падсістэмамі (як, напрыклад, у англійскай) архаізмы могуць выконваць функцыю прафесійнага жаргону, што асабліва характэрна для юрыспрудэнцыі.

Ад архаізмаў могуць утварацца шырокаўжывальныя вытворныя словы, напрыклад, ад чало паходзіць слова узначальваць, выраз на чале.

У блізкароднасных мовах можа назірацца з’ява, калі некаторае слова з’яўляецца архаізмам у адной мове, але актыўна ўжываецца ў другой. Напрыклад,  — (пры сучасным глаз),  — (пры сучасных красный, алый).

Гл. таксама Гістарызм

Літаратура

Катэгорыя:Лексіка