Ігар Шытаў (нар. , ) — беларускі футбаліст (абаронца) і трэнер. Ігрок нацыянальнай зборнай Беларусі (2008—2019). У цяперашні час працуе ў трэнерскім штабе клуба «Мінск».
Клубная кар’ера Пачаў займацца футболам у СДЮШАР горада Полацка. Пазней трапіў у сістэму мінскага «Дынама», гуляў у Другой лізе за клубы «Дынама-БНТУ» і РВАР. У 2004—2005 гадах выступаў за дубль «Дынама», але так і не дэбютаваў у асноўнай камандзе.
З 2006 года гуляў за жодзінскае «Тарпеда» — спачатку на правах арэнды, потым на трывалай аснове. Здолеў замацавацца ў аснове жодзінцаў, ужо па выніках сезона 2007 трапіў у спіс 22 найлепшых ігракоў чэмпіянату.
У 2009 годзе перайшоў у барысаўскі БАТЭ. Разам з барысаўчанамі двойчы стаў чэмпіёнам краіны, выступаў у групавым раўндзе Лігі Еўропы. Спачатку гуляў як цэнтральны абаронца, але пазней стаў трывала выкарыстоўвацца на правым фланзе абароны.
У жніўні 2011 года падпісаў чатырохгадовы кантракт з маскоўскім «Дынама». Аднак не здолеў замацавацца ў «Дынама», за год у маскоўскім клубе правёў толькі 3 матча. У пачатку сезона 2012/13 на правах арэнды стаў іграком «Мардовіі». У саранскім клубе трывала выступаў у аснове, але не здолеў выратаваць яго ад вылету з Прэм’ер-лігі.
Улетку 2013 года вярнуўся з арэнды ў «Дынама», але так і не здолеў прабіцца ў склад клуба. У выніку ў студзені 2014 года кантракт з «Дынама» быў разарваны, і Ігар зноў стаў іграком «Мардовіі», якой дапамог вярнуцца ў Прэм’ер-лігу па выніках сезона 2013/14. У 2014—2016 гадах гуляў за «Мардовію» ў Прэм’ер-лізе.
У ліпені 2016 года, пакінуўшы саранскі клуб у якасці свабоднага агента, падпісаў двухгадовы кантракт з чэмпіёнам Казахстана «Астаной». У ліпені 2018 года па заканчэнні кантракта пакінуў казахстанскі клуб і неўзабаве вярнуўся ў Беларусь, стаўшы іграком мінскага «Дынама». У складзе дынамаўцаў хутка замацаваўся ў аснове. У 2019 годзе шмат прапусціў з-за траўм, а ў пачатку 2020 года згодна з рашэннем галоўнага трэнера Сяргея Гурэнкі быў пераведзены ў дубль. Аднак, хутка Гурэнка пакінуў пасаду галоўнага трэніра, і Шытаў вярнуўся ў асноўны склад. У 2021 годзе стаў радзей з’яўляцца на полі, у ліпені зноў быў адпраўлены ў дубль. У верасні 2021 года па заканчэнні кантракта пакінуў «Дынама», а ў кастрычніку завяршыў прафесійную кар’еру.
Міжнародная кар’ера Выступаў у складзе моладзевай зборнай Беларусі на моладзевым чэмпіянаце Еўропы 2009 у Швецыі.
2 лютага 2008 года дэбютаваў у нацыянальнай зборнай Беларусі ў матчы супраць Ісландыі на міжнародным турніры ў Мальце.
Трэнерская кар’ера З чэрвеня 2022 года працаваў трэнерам па агульнай фізічнай падрыхтоўцы ў дублі расійскага «Краснадара».
У студзені 2024 года ўвайшоў у трэнерскі штаб «Мінска».
Дасягненні Чэмпіён Беларусі (2): 2009, 2010 Бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі: 2018 Уладальнік Кубка Беларусі: 2010 Уладальнік Суперкубка Беларусі: 2011 Пераможца Першынства ФНЛ: 2013/14 Чэмпіён Казахстана (2): 2016, 2017 Уладальнік Кубка Казахстана: 2016 Уладальнік Суперкубка Казахстана: 2018 У спісе 22 найлепшых ігракоў чэмпіянату Беларусі (6): 2007, 2008, 2009, 2010, 2011, 2018 Найлепшы абаронца чэмпіянату Беларусі: 2009
Крыніцы
Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі зборнай Беларусі па футболе Катэгорыя:Ігракі ФК Дынама Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Астана Катэгорыя:Ігракі ФК Мардовія Саранск Катэгорыя:Ігракі ФК Дынама Масква Катэгорыя:Ігракі ФК БАТЭ Катэгорыя:Ігракі ФК Тарпеда-БелАЗ Катэгорыя:Ігракі ФК РВАР Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Дынама-2 Мінск Катэгорыя:Футбольныя трэнеры Беларусі