Остэ () — востраў у паўднёвай частцы архіпелага Вогненная Зямля. Уваходзіць у склад Чылі. Плошча - 4 117 км². Насельніцтва (2002 г.) - 11 чал.

Геаграфія і прырода Востраў Остэ знаходзіцца ў 2396 км на поўдзень ад Сант'яга, сталіцы Чылі. Аддзелены ад вострава Вогненная Зямля на поўначы пралівам Бігль, ад вострава Наварына на ўсходзе — аднайменным пралівам, які ў самым вузкім месцы дасягае толькі 533 м. Остэ надзвычай гарысты. Найвышэйшая вяршыня дасягае 1402 м. Берагі перарэзаны фіёрдамі і залівамі, часцяком спадзістыя або пакрытыя друзам.

Клімат марскі прахалодны. Сярэдняя гадавая тэмпература +4°C. Найбольш цёплы месяц — студзень, калі сярэдняя тэмпература падвышаецца да +10,4°C. Пераважаюць заходнія вятры. Сярэдняя вільготнасць 74%. Высокія горы нават у летні перыяд пакрыты снегам.

Ніжнія схілы гор пакрыты нізкімі шырокалісцевымі лясамі. Аднак вышэй пачынаецца горная тундра. Наземныя жывёлы прадстаўлены пераважна грызунамі. На марскім узбярэжжы шмат птушак. Каменныя пляжы Остэ вабяць ластаногіх звяроў і пінгвінаў.

Гісторыя Востраў здаўна быў населены індзейцамі кавескар і ямана. Тут яны здабывалі пірыт. У XVIII - пачатку XX стст. даследаваны шэрагам еўрапейскіх экспедыцый. У 1979 г. усходняе ўзбярэжжа Остэ выкарыстоўвалася ВМС Чылі ў канфлікце з Аргенцінай. У нашы дні большая частка вострава ўваходзіць у склад чылійскага Нацыянальнага парка Альберта дэ Агасціні.

Турызм З 1990-ых гг. на ўсходзе вострава развіваецца турызм. З гэтай мэтай створаны спецыялізаваныя сцяжыны. Востраў Остэ вабіць прыхільнікаў незакранутай дзікай прыроды.

Літаратура Nicholas Coghlan, Winter in Fireland: A Patagonian Sailing Adventure (Google eBook). University of Alberta, 2012

Спасылкі Isla Hoste in Chile Around Isla Hoste ISLA HOSTE, CHILE WEATHER

Катэгорыя:Астравы Ціхага акіяна Катэгорыя:Астравы Чылі Остэ