Вялі́кае Кня́ства Фінля́ндскае — аўтаномнае княства ў складзе Расійскай імперыі ў 1809—1917 гадах. Было створана ў выніку Фінскай вайны на землях, якія да гэтага ўваходзілі ў склад Швецыі. У 1917 годзе сейм княства прыняў дэкларацыю незалежнасці, узнікла сучасная дзяржава Фінляндыя.
Гісторыя
Перадумовы стварэння
Пачынаючы з сярэдніх вякоў Фінляндыя знаходзілася пад уладай шведскага каралеўства. Яшчэ ў часы шведскіх крыжовых паходаў (XII—XIII стагоддзі) пачаліся канфлікты Швецыі з Наўгародскай дзяржавай за кантроль над землямі паўднёвай Фінляндыі і Карэльскім перашыйкам. У канцы XV стагоддзя канфлікты працягнуліся ўжо з Маскоўскай дзяржавай, а пазней і з Расійскай імперыяй. У выніку Паўночнай вайны 1700—1721 гадоў Расія далучыла да сябе частку Старой Фінляндыі разам з Выбаргам. Цягам XVIII стагоддзя Швецыя рабіла спробы вярнуць землі, але яны скончыліся яшчэ большымі стратамі.
У лютым 1808 года пачалася Фінская вайна, прычынай чаго быў Тыльзіцкі мір 1807 года паміж Расіяй і Францыяй, паводле каторага Расія павінна была прымусіць Швецыю далучыцца да гандлёвай Вялікабрытаніі, з чым не пагаджаўся шведскі кароль. На загад імператара Аляксандра I расійскае войска пачало наступ у падкантрольнай Швецыі частцы Фінляндыі. Ужо праз месяц расіяне захапілі вялікія вобласці на поўдні Фінляндыі, яшчэ праз некаторы час здалося камандаванне Свеаборга, не верачы ў поспех абароны. Шведы пры падтрымцы Вялікабрытаніі спрабавалі правесці контрнаступленне і мелі частковы поспех на моры, але не далі рады ў баях на сушы, у выніку чаго адступілі канчаткова.
Ідэя далучыць Фінляндыю ўзнікла ў Расіі ўжо падчас вайны. Частка фінскіх сялян вяла партызанскую вайну, бо падтрымлівала шведскага караля і не хацела прыгону, але сярод іншых саслоўяў пашыраліся прарасійскія настроі і расчараванне ў здольнасцях Швецыі абараніць Фінляндыю. У чэрвені 1808 года Аляксандр падпісаў маніфест, дзе абяцаў захаваць шведскія законы і фінансава падтрымліваць краіну. У канцы восені 1808 года група фінскіх дэпутатаў наведала Санкт-Пецярбург і прасіла імператара склікаць сойм, дзе саслоўі б абвясцілі яго кіраўніком Фінляндыі. На загад Аляксандра 29 сакавіка 1809 года быў скліканы Боргаскі сойм. Імператар прысягнуў паважаць рэлігійны статус-кво, правы саслоўяў, і «канстытуцыю краіны», як ён назваў дзеючыя законы, а таксама заявіў, што Фінляндыя «з гэтага моманту была ўзнятая да рангу нацыі». 17 верасня 1809 года Швецыя і Расія падпісалі Фрыдрыхсгамскі мірны дагавор, згодна з якім Расія атрымала шэсць фінскіх ленаў, Аландскія астравы і частку лена . Гэтая падзея паклала канец шведскаму праўленню ў ФінляндыіМейнандэр Х. Гісторыя Фінляндыі: Лініі, структуры, пераломныя моманты; пер. са шведскай Вольгі Рызмаковай. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2017. — ISBN 978-985-02-1748-6.. На далучаных да Расіі землях было створана аўтаномнае Вялікае Княства Фінляндскае.
Першыя гады расійскага кіравання
У 1808 годзе, напачатку Фінскай вайны, быў прызначаны былы шведскі генерал . У снежні 1808 ён прапанаваў стварыць фінскі ўрадавы кабінет, які б падпарадкоўваўся генерал-губернатару. Праз канфлікты з суайчыннікамі, улетку 1809 года Спрэнгтпортэна змяніў на пасадзе генерал Барклай-дэ-Толі.
Яшчэ з 1808 года дарадцу імператара Міхаілу Спяранскаму было даручана дакладваць пра справы ў Фінляндыі ў абыход генерал-губернатара. У 1811 годзе для гэтага стваралася пасада фінскага дзяржаўнага сакратара, які мусіў складаць даклады з падтрымкай Камітэта па справах Фінляндыі ў Санкт-Пецярбургу. Акрамя Фінляндыі, з усіх частак імперыі такая пасада існавала толькі для Польшчы. Першым сакратаром стаў Густаў Морыц Армфельт.
У жніўні 1809 года імператарам быў зацверджаны Статут, распрацаваны напярэдадні Боргаскага сойма фінскім камітэтам на чале з , . Статут перадаваў уладу ад губернатара ўрадаваму кабінету, які ў 1816 годзе быў перайменаваны ў . Сенат складаўся з дэпартамента юстыцыі і дэпартамента эканомікі, і збольшага набіраўся з чыноўнікаў «шведскай» Фінляндыі, якія не валодалі рускай мовай. Згодна са Статутам, генерал-губернатар быў старшынём Сената, аднак не меў права голасу ў грамадзянскіх справах. На практыцы ў яго кампетэнцыі ўваходзіў толькі кантроль над узброенымі сіламі княства. Таксама генерал-губернатар мог забяспечваць прапановы Сената пісьмовым заключэннем.
У 1812 годзе сталіца Вялікага Княства была перанесена з Турку ў Хельсінкі, што мела стратэгічныя перавагі праз знаходжанне там крэпасці Свеаборг. У тым жа годзе да княства была далучаная Выбаргская губерня.
У жніўні 1812 года ў Турку адбылася сустрэча расійскага імператара Аляксандра I і пераемніка шведскага трона Карла XIV Юхана. Швецыя адмовілася ад ідэі вяртання Фінляндыі і падтрымала Расію ў вайне з Напалеонам. У абмен на гэта расійскі імператар пагадзіўся з рашэннем Швецыі заваяваць Нарвегію і стварыць шведска-нарвежскую унію.
Стаўленне фінскага грамадства да расійскай улады
Фінскае грамадства не адразу прыняло далучэнне да Расіі, узброены супраціў сялянства працягваўся і пасля завяршэння Фінскай вайны. Стаўленне пачало змяняцца з усведамленнем таго, што старыя законы і прынцыпы функцыянавання грамадства не будуць зменены новай уладай. Першымі лаяльнасць да расійскай улады прадэманстравалі чыноўнікі і духавенства, напрыклад біскуп , які быў прызначаны арцыбіскупам. Важным рэпутацыйным крокам было развіццё Хельсінкі як сталіцы.
З мэтай паляпшэння лаяльнасці чыноўнікам павысілі ўтрыманне, для іншых прадстаўнікоў грамадскага сектара ўвялі адмысловае форменнае адзенне. У 1812 годзе было прынятае прадпісанне, якое абавязвала чыноўнікаў здаваць экзамен на валоданне расійскай мовай, але яно сустрэла пратэст і было скасавана. Камунікацыя паміж расійскай і фінскай уладай праводзілася на французскай і нямецкай мовах, або з дапамогай перакладчыкаў.
Пасля вайны з Напалеонам узмацніўся кантроль за грамадствам, бо кіраўніцтва імперыі баялася пашырэння рэвалюцыйных ідэй. Павялічылася цэнзура, забараняўся ўвоз палітычнай літаратуры. У 1817 годзе ў Турку была заснаваная першая ў Фінляндыі паліцэйская ўправа. Для падтрымання парадку ў краіне была размешчаная пятнаццацітысячная дывізія расійскага войска. Сяляне вызваляліся ад абавязку ўтрымання салдат, што перашкаджала ўзнікненню ўласных сепаратысцкіх сіл.
У 1819 годзе ў Фрыдрыхсгаме быў створаны , праз выхаванне ў якім праходзіла шмат фінскіх дваран. Агулам каля 4 тысяч фінаў зрабілі афіцэрскую кар’еру ў расійскім войску, з якіх амаль 300 дасягнулі генеральскай або адміральскай годнасці. Расійская мова была абавязковым прадметам для вывучэння ў корпусе, спрыяючы збліжэнню Фінляндыі з Расіяй.
Журналіст адзначаў у сваіх мемуарах, што ў 1830-х гадах усе яго аднагодкі былі ўпэўненыя ў тым, што інтэграцыя з Расіяй будзе толькі паглыбляцца, а шведскае панаванне засталося ў мінулым. Тым не менш, у XIX стагоддзі працягваліся цесныя культурныя і гандлёвыя дачыненні паміж Фінляндыяй і Швецыяй, таму гэты перыяд атрымаў назву «доўгага развітання».
Фармаванне нацыянальнай самасвядомасці
У першай палове XIX стагоддзя асновай большай часткі жыхароў Фінляндыі была рэлігія, а не фінская нацыянальная самасвядомасць. Пашырэнне нацыяналізму ў Еўропе пачалося толькі пасля Напалеонаўскіх войнаў, і закранула спачатку частку фінскіх акадэмічных вярхоў, якія ў далейшым працавалі над замацаваннем нацыянальных пачуццяў сярод іншых слаёў насельніцтва. У гэты час набыў вядомасць лозунг «Мы больш не шведы, рускімі станавіцца не хочам, дык давайце будзем фінамі». Яго часта прыпісваюць гісторыку , хаця такую думку выказваў яшчэ ў 1811 годзе Армфельт.
Пазіцыі фінскай мовы сярод адукаваных жыхароў былі слабыя, хоць і аддзяленне ад Швецыі мела для яе некаторы станоўчы эфект. У пачатку XIX стагоддзя больш за 85 % насельніцтва гаварылі рознымі фінскімі дыялектамі, але адміністрацыйная і акадэмічная эліта як дома, так і на працы працягвала карыстацца шведскай мовай да 1880-х гадоў. Развіццё адукацыі спрыяла яшчэ большаму пашырэнню шведскай, бо на ёй вялося навучанне ў універсітэтах і школах.
З 1820-х гадоў пачаліся дыскусіі вакол павелічэння ролі фінскай мовы. Гэта было звязана з распаўсюджаннем рамантычных ідэй такіх аўтараў як Шэлінг, Фіхтэ і Геер, што заклікалі да больш актыўнай палітычнай ролі звычайных людзей, якія ў выпадку Фінляндыі гаварылі збольшага па-фінску. Фінскі гісторык Адольф Арвідсан выступаў за тое, каб фінская мова атрымала афіцыйны статус і быў супраць надання гэтага статусу расійскай мове. Ён успрымаў мову і народную культуру як неабходную частку нацыянальнага духу, патрэбную на шляху да дзяржаўнасці. Погляды Арвідсана прывялі яго да звальнення з і вымушанай эміграцыі ў Швецыю. Звальненне Арвідсана акрэсліла межы палітычнай дыскусіі ў Фінляндыі, а фінская прэса ў далейшым правяралася на прадмет пытанняў да юрыдычнага палажэння княства і яго будучыні, аж да ўсталявання паўнамаштабнай цэнзуры ў 1829 годзе.
У 1822 годзе, праз год пасля звальнення Арвідсана, у акадэмію Турку паступілі тры студэнты, якія пазней сталі вядомымі дзеячамі культуры ў Фінляндыі: Юхан Рунеберг, і Юхан Снельман.
Юхан Рунеберг стаў нацыянальным паэтам, напісаў паэмы «Паляўнічыя на ласёў» (, 1832), дзе апісваўся побыт сялян з унутраных абласцей Фінляндыі, і «Апавяданні прапаршчыка Столя» (, 1848, 1860) з апісаннем патрыятызму і самаахвярнасці фінаў у вайне 1808—1809 гадоў. У 1832 годзе ён з сябрамі заснаваў «Гельсінгфорскую ранішнюю газету» (), якая да 1840-х гадоў была адзіным рупарам нацыянальна скіраванай інтэлігенцыі. Рунебергу ўдавалася балансаваць на мяжы дазволенага, ствараючы патрыятычную літаратуру так, каб быць не заўважаным цэнзурай. Увесну 1848 года верш «Наш край», якім распачынаюцца «Апавяданні прапаршчыка Столя», быў прадстаўлены як новы гімн краіны на студэнцкім свяце. Музыку для гімна напісаў нямецкі кампазітар . У апошняй страфе паэт маляваў карціну айчыны, якая дасягне калісьці росквіту, «памужнелая ў ліхалецці».
Эліяс Лёнрут увайшоў у гісторыю дзякуючы выданню фінскага нацыянальнага эпасу «Калевала» (1835, 1849), перакладзенага на многія мовы, у тым ліку беларускую. «Калевала» была створана на аснове старажытных народных паданняў, якія Лёнрут збіраў падчас падарожжаў. Мова твора была складанай, таму да канца XIX стагоддзя нават у самой Фінляндыі з ім часта знаёміліся праз шведскі або нямецкі пераклад. У 1831 годзе Лёнрут узяў удзел у заснаванні , якое з часам зрабілася цэнтрам нацыянальнага абуджэння.
Юхан Снельман выступаў за моўнае адзінства Фінляндыі, стварэнне літаратуры на фінскай мове. Ён натхняўся грамадскай філасофіяй Гегеля і ідэямі Гердэра, і распрацаваў тэорыю дзяржавы, якая б абапіралася не на пэўную форму кіравання, а на сваю адпаведнасць «патрабаванням нацыянальнага духу». Нацыянальны дух для яго выражаўся ў больш «патрыятычных» дзеяннях законатворцаў, стварэнні законаў на карысць усіх грамадзян. У 1844 годзе, будучы дырэктарам школы ў мястэчку Куопіа ў азёрнай частцы Фінляндыі, ён пачаў выдаваць шведскамоўны часопіс «Сайма» (Saima) пад лозунгам «Адзін народ — адна мова». Часопіс выклікаў дэбаты ў прэсе, большасць удзельнікаў якіх падтрымлівала павелічэнне ролі фінскай мовы, але крытыкавалі ідэю Снельмана пра перавод на яе сістэмы вышэйшай адукацыі, бо не разумелі чаму шведскамоўная адукацыя і літаратура Фінляндыі не могуць быць нацыянальнымі.
На фінскай мове ў 1830-х гадах выдаваліся газеты «Штотыднёвыя весці Оўлу» () і «Выбаргскі веснік» (). У 1841 годзе абедзве газеты былі зачыненыя праз нястачу падпісчыкаў, але пачаў выдавацца фінскамоўны мовазнаўчы часопіс «Суомі» () Лёнрута. Большасць дыскусій пра моўную сітуацыю ўсё яшчэ праводзілася на шведскай мове, а публічнае выкарыстанне фінскай мовы было рэдкім і выклікала здзіўленне. Пад канец зімы 1845 года ў газеты патрапіла навіна пра студэнцкую вечарынку ў Хельсінкі, дзе некаторыя госці, у тым ліку Боргаскі біскуп , рабілі прамовы па-фінску. Пра гэтую ж падзею пісаў у «Сайме» Снельман, падкрэсліваючы камізм таго, што прамова фінскага біскупа па-фінску ўспрымалася як штосьці незвычайнае. У грамадскіх дыскусіях фінская мова пачала актыўна выкарыстоўвацца толькі ў 1870-х гадах.