Сяле́ц (, ) — аграгарадок у Мсціслаўскім раёне Магілёўскай вобласці, на рацэ Чорная Натапа. Уваходзіць у склад Краснагорскага сельсавета. Насельніцтва на 2009 год — 513 чалавекНасельніцтва Беларусі па выніках перапісу 2009 года .

Геаграфія Знаходзіцца за 16 км на поўдзень ад Мсціслава, за 16 км ад чыгуначнай станцыі Крычаў, на аўтамабільнай дарозе Мсціслаў — Крычаў.

За 1,5 на поўнач ляжыць Сялецкае радовішча суглінкаў і супескаў. Пластавы паклад звязаны з лёсападобнымі адкладамі часу адступання сожскага ледавіка.

Гісторыя Па пісьмовых крыніцах вёска вядома з пачатку XIX стагоддзя. Аднак мясцовасць была заселена яшчэ ў старажытныя часы, пра што сведчыць курганны могільнік (2 насыпы), размешчаны на правым беразе Чорнай Натапы. Да таго ж з XV стагоддзя ў в. Ануфрыева (цяпер у складзе Сяльца) дзейнічаў Свята-Ануфрыеўскі манастыр, паводле падання заснаваны Лугвенам Альгердавічам.

Станам на 1811 год, Сялец знаходзіўся ў Чэрыкаўскім павеце Магілёўскай губерні ў царкоўнай уласнасці. У 1878 годзе пры манастыры адкрылі царкоўна-прыходскую школу. У 1885 годзе — у Кашанскай воласці Чэрыкаўскага павета. Акрамя земляробства, частка насельніцтва займалася сталярным і кравецкім промысламі. Па выніках перапісу 1897 года, Сялец знаходзіўся ў Маляціцкай воласці Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні, пры паштовым тракце Крычаў — Мсціслаў; дзейнічала кузня.

У 1919—1924 гадах — у складзе Смаленскай губерні РСФСР, у выніку першага ўзбуйнення БССР 17 ліпеня 1924 года перададзена БССР. У 1925 годзе заснавана сельскагаспадарчае таварыства, адкрыта рабочая школа першай ступені, у якой у 1926 годзе было 90 вучняў. У 1929 годзе арганізаваны калгасы «Чырвоны Сялец» і «Чырвоны Кулямётчык», якія затым аб’ядналіся ў калгас імя Варашылава. З 20 лютага 1938 года Сялец знаходзіцца ў складзе Магілёўскай вобласці.

У час Другой сусветнай вайны з 14 ліпеня 1941 да 29 верасня 1943 года вёска знаходзілася пад нямецкай акупацыяй, у выніку чаго была спалена. На ўшанаванне памяці 331 загінулага вяскоўца ў 1975 годзе была пастаўлена стэла.

Пасля вайны вёска аднавілася. З 16 верасня 1963 да 2017 года — цэнтр аднайменнага сельсаветаРашэнне выканкома Магілёўскага абласнога (сельскага) Савета дэпутатаў працоўных ад 16 верасня 1963 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1963, № 34 (1034).Решение Могилевского областного Совета депутатов от 28 ноября 2017 г. № 31-4 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Могилевской области . У 1967 годзе да паселішча былі далучаны дзве суседнія вёскі: Ануфрыева і Сялец-Галоўчыцы. Па звестках 1990 года, у Сяльцы працавалі калгас імя Чапаева (спецыялізаваўся на мясамалочнай жывёлагадоўлі і вырошчванні лёну, меў 4483 га сельгасугоддзяў), дзіцячы сад-яслі, сярэдняя школа, бібліятэка, дом культуры, гандлёвы цэнтр, сталовая, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт абслугоўвання насельніцтва, аўтаматычная тэлефонная станцыя і ветэрынарны ўчастак.

У 2007 годзе вёска — цэнтр СВК імя Чапаева, дзейнічалі дзіцячы сад-яслі, сярэдняя школа, бібліятэка, дом культуры, крама, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, комплексны прыёмны пункт абслугоўвання насельніцтва, філіял Мсціслаўскага УКП «Бытпаслугі». Аграгарадок забудоўваецца паводле генеральнага плана 1973 года, распрацаванага Магілёўскім філіялам інстытута «Белдзяржпраект».

Насельніцтва XIX стагоддзе: 1811 год — 108 жыхароў, 47 двароў; 1885 год — 738 жыхароў, 85 двароў; 1897 год — 967 жыхароў, 137 двароў. XX стагоддзе: 1909 год — 1187 жыхароў, 190 двароў; 1990 год — 694 жыхары, 282 двары. XXI стагоддзе: 2002 год — 596 жыхароў, 275 двароў; 2007 год — 525 жыхароў, 240 двароў; 2009 год — 513 жыхароў.

Славутасці Свята-Ануфрыеўская царква (XVIII стагоддзе, 1825) — . Курганны могільнік (IX—XII стагоддзі) — . Помнік загінулым землякам

Страчаная спадчына Вадзяны млын (сярэдзіна XX стагоддзя, дрэва)

Вядомыя ўраджэнцы Віктар Макаравіч Ільін (нар. 1930) — беларускі вучоны ў галіне тэарэтычнай і прыкладной электратэхнікі, ганаровы рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Краснагорскі сельсавет (Мсціслаўскі раён) Катэгорыя:Населеныя пункты Мсціслаўскага раёна