Ва́ска да Га́ма (; 1469—1524) — партугальскі даследчык, вядомы як першы еўрапеец, які здзейсніў марское падарожжа ў Індыю.
Адкрыццё да Гамы было вельмі значным, бо адкрыла шлях на цэлае стагоддзе для глабальнага імперыялізму і дазволіла партугальцам усталяваць вялізную каланіяльную імперыю ў Азіі. Усталяванне маршруту азначала, што партугальцам больш не трэба будзе перасякаць ні Міжземнае мора, ні небяспечны Аравійскі паўвостраў і што ўвесь шлях будзе праходзіць па моры. Сума адлегласцяў, пройдзеных у абодвух кірунках, зрабіла экспедыцыю самым працяглым марскім рэйсам на той час, больш працяглым за поўнае падарожжа вакол свету па экватарыDiffie, Bailey W. and George D. Winius, «Foundations of the Portuguese Empire, 1415—1580», p.176. Толькі праз стагоддзе пасля адкрыцця такія еўрапейскія дзяржавы, як Англія, Галандыя і Францыя, змаглі, нарэшце, разарваць манаполію Партугаліі і марскую перавагу ў шляху вакол Афрыкі, адкрываючы такім чынам новую эру еўрапейскага імперыялізму на Усходзе.
Пасля дзесяцігоддзяў спробаў маракоў дасягнуць Індыі, падчас якіх былі страчаныя тысячы жыццяў і дзясяткі суднаў у караблекрушэннях і нападах, да Гама высадзіўся ў Калікуце 20 мая 1498 года. Дасягненне легендарных індыйскіх маршрутаў спецый карэнным чынам дапамагло Партугальскай імперыі палепшыць сваю эканоміку, якая да адкрыцця Васкі да Гама грунтавалася, галоўным чынам, на гандлі ўздоўж паўночнай і прыбярэжнай Заходняй Афрыкі. Атрыманыя спецыі ў асноўным былі перцам і карыцай, але неўзабаве былі ўключаныя і іншыя, новыя для Еўропы, прадукты, што прывяло да гандлёвай манаполіі Партугаліі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў.
Васка да Гама кіраваў дзвюмя армадамі ў Індыю, першай і чацвёртай. Чацвёртая была самай значнай і стартавала толькі праз чатыры гады пасля яго вяртання з першай. За свой унёсак ён прызначаны губернатарам Індыі ў 1524 годзе з тытулам віцэ-караля, а таксама ўганараваны тытулам графа Відыгейра ў 1519 годзе. Васка да Гама застаецца вядучай фігурай у гісторыі даследаванняў і да гэтага часу. Па ўсім свеце яго даследаванні і дасягненні былі адзначаны пашанай. Партугальскі нацыянальны эпас Лузіяды напісаны ў яго гонар. Яго першая экспедыцыя ў Індыю традыцыйна лічыцца важнай вяхой у сусветнай гісторыі, яна паклала пачатак першай хвалі глабальнага мультыкультуралізму..
Даследаванні да Васкі да Гамы
Пачынаючы з першай паловы 15-га стагоддзя, партугальскія экспедыцыі, арганізаваныя прынцам Генры Навігатарам, прасоўваліся ўздоўж узбярэжжа Афрыкі ў пошуках багаццяў Заходняй Афрыкі (у асноўным, золата). Яны значна пашырылі партугальскія навігацыйныя веды, але мала спрыялі дасягненню пастаўленых мэтаў. Пасля смерці Генрыха ў 1460 годзе партугальцы не праявілі вялікай цікавасці да даследаванняў. У 1469 годзе манапольныя правы на Афрыканскі гандаль былі прададзеныя гандлёваму кансорцыуму на чале з Фернанам Гомесам. На працягу некалькіх гадоў Гомес значна пашырыў веды партугальцаў аб Гвінейскім заліве, робячы бізнес на залатым пяску, перцы, слановай косці і рабах. Калі дамоўленасць з Гомесам падышла да аднаўлення ў 1474 годзе, прынц Жуан (будучы кароль Жуан II) папрасіў свайго бацьку Афонса V Партугальскага перадаць Афрыканскую манаполію яму.
Стаўшы манархам ў 1481 годзе, Жуан II пачаў доўгатэрміновыя рэформы. Каб разарваць залежнасць манарха ад феадальнай знаці, Жуан II вырашыў стварыць каралеўскую казну і бачыў каралеўскі гандаль ў якасці ключа да сваёй мэты. Пад наглядам Жуана II значна пашырыўся гандаль золатам і рабамі ў Заходняй Афрыцы. Ён быў гатовы ўвайсці ў высокапрыбытковы гандаль спецыямі паміж Еўропай і Азіяй. На той час гандаль быў практычна манапалізаваны Венецыянскай рэспублікай, якая кіравала сухапутнымі маршрутамі праз леванційскія і егіпецкія парты і далей праз Чырвонае мора да рынкаў спецый Індыі. Жуан II паставіў новую мэту для сваіх капітанаў: знайсці марскі шлях у Азію вакол Афрыканскага кантынента.
У 1487 годзе Жуан II накіраваў двух дыпламатаў Перу да Кавільяна і Афонсу дэ Пайва сушшу праз Егіпет ва Усходнюю Афрыку і Індыю, каб даведацца падрабязнасцяў пра рынкі спецый і гандлёвыя шляхі. Прарыў адбыўся неўзабаве пасля таго, як капітан Жуана II Барталамеу Дыяш вярнуўся пасля адкрыцця мыса Добрай Надзеі ў 1488 годзе, даследаваўшы да Вялікай рыбнай ракі і пацвердзіўшы, што невядомае ўзбярэжжа працягнулася на паўночны ўсход.
Заставалася толькі даказаць сувязь паміж адкрыццямі Дыяша, а таксама Кавільяна і дэ Пайвы, і звязаць гэтыя асобныя сегменты ў адкрыццё, каб наладзіць патэнцыйна прыбытковы гандлёвы маршрут у Індыйскім акіяне.
Ранняе жыццё
Васка да Гама нарадзіўся ў 1460 або 1469 годзеModern History Sourcebook: Vasco da Gama: Round Africa to India, 1497—1498 CE , fordham.edu, Retrieved 27 June 2007. ў Сінішы на паўднёва-заходнім узбярэжжы Партугаліі, імаверна, у доме побач царквы Носа-Сеньёра-дас-Салас. Сініш, адзін з нешматлікіх марскіх партоў на ўзбярэжжы Алентэжу, складаўся не больш чым з некалькіх пабеленых, з чырвонай чарапіцай дамоў, у якіх жылі ў асноўным рыбакі.
Бацька Васкі Эштэван да Гама служыў рыцарам ва ўладаннях інфанта Фердынанда, герцага Візеу., а пасля ў шэрагах ваеннага ордэна Сант’яга. Эштэван да Гама быў прызначаны грамадзянскім губернатарам Сінеша ў 1460 годзе, гэтую пасаду ён займаў да 1478 года, а пасля працягнуў у якасці збіральніка падаткаў і загадчыкам маёмасці Ордэна ў рэгіёне.
Эштэван да Гама ажаніўся з Ізабэль Содрэ, дачкою Жуана Содрэ (таксама вядомага як Жуана дэ Рэсэндэ), нашчадка сям’і англійскага паходжання. Яе бацька і браты, Вісэнтэ Содрэ і Браш Содрэ, былі звязаныя з дваром інфанта Дыега, герцаг Візэў і з’яўляліся вядомымі дзеячамі ваеннага ордэна Хрыста.
Васка да Гама быў трэцім з пяцёх сыноў Эштэвана да Гама і Ізабель Содрэ — верагодны парадак дзяцей: Паўлу да Гама, Жааў Содрэ, Васка да Гама, Пэдра да Гама і Айрэс да Гама. У Васкі таксама была вядомая сястра Тэрэза да Гама, якая ўзяла шлюб з Лопа Мэндэсам дэ ВаскансэласамSubrahmanyam, 1997, p. 61.. Мала вядома аб раннім жыцці да Гамы. Існуюць меркаванні, што ён вучыўся ў горадзе Эвары матэматыцы і навігацыі. Таксама сцвярджаецца, (хоць і сумнеўна), што ён вучыўся ў астролага і астранома Аўраама ЗакутаSubrahmanyam, 1997, p. 62..
Каля 1480 года да Гама ўслед за сваім бацькам уступіў у ордэн Сант’ягаSubrahmanyam, 1997, pp. 60-61.. Майстрам ордэна быў князь Жуан, які ў 1481 годзе ўзышоў на трон як кароль Жуан II Дасканалы. Жуан II апекаваў ордэн, і дастатак да Гамы ўзрос. У 1492 годзе Жуан II накіраваў да Гаму з місіяй у порт Сетубал і ў Алгарве, каб захапіць французскія караблі ў адплату за рабаванні ў мірны час партугальскіх суднаў. З гэтай задачай да Гама хутка і эфектыўна справіўсяSubrahmanyam, 1997, p. 63..
Першае плаванне
8 ліпеня 1497 года Васка да Гама павёў флот з чатырох караблёў з экіпажам у 170 чалавек з Лісабона. Адлегласць, пройдзеная ў падарожжы вакол Афрыкі ў Індыю і назад, была большая, чым адлегласць па экватары.Da Gama’s Round Africa to India , fordham.edu Retrieved 16 November 2006.. У склад экспедыцыі ўваходзілі самыя дасведчаныя партугальскія маракі таго часу: Пяро дэ Аленкер, Перу Эшкабар, Жааў дэ Каімбры і Афонсу Ганкальвес. Дакладна не вядома, колькі было людзей у экіпажы кожнага судна, але толькі 55 вярнулася, і два караблі былі страчаныя. Два караблі былі нядаўна пабудаваныя дзеля плавання, верагодна, каравела і карабель забеспячэння. Чатыры караблі, з якіх складалася экспедыцыя, былі:
Сан-Габрыэл, якім камандаваў Васка да Гама; карака ў 178 тон, даўжыня 27 м, шырыня 8,5 м, асадка 2,3 м, ветразі 372 м. Сан-Рафаэл, якім камандаваў брат Васкі Паўлу да Гама; карабель меў падобныя памеры з Сан-Габрыэлам. Каравела Бэрыа, меншымі памерамі за першыя два (пазней перайменаваны ў Сан-Мігель), суднам камандаваў Мікалаў Каэльё Карабель забеспячэння з невядомым імем пад камандаваннем Гансала Нуньеса. Карабель пазней быў страчаны каля заліва Сан-Брас, уздоўж усходняга ўзбярэжжа Афрыкі.
Экспедыцыя адплыла з Лісабона 8 ліпеня 1497 года. Яна рушыла ўслед маршрута, пракладзенага раней даследчыкамі ўздоўж узбярэжжа Афрыкі праз астравы Тэнэрыфэ і Зялёнага Мыса. Пасля дасягнення ўзбярэжжа сучаснай Сьера-Леонэ да Гама ўзяў курс на поўдзень у адкрыты акіян, перасякаючы экватар і адшукваючы заходнія вятры Паўднёвай Атлантыкі, якія Барталамеў Дыяш адкрыў у 1487 годзеGago Coutinho, C.V. (1951-52) A Nautica dos Descobrimentos: os descobrimentos maritimos visitos por um navegador, Lisbon: Agencia Geral do Ultramar; p. 319-63; Axelson, E. (1988) «The Dias Voyage, 1487—1488: toponymy and padrões», Revista da Universidade de Coimbra, Vol. 34, p. 29-55 offprint; Waters, D.W. (1988) «Reflections Upon Some Navigational and Hydrographic Problems of the XVth Century Related to the voyage of Bartolomeu Dias», Revista da Universidade de Coimbra, Vol. 34, p. 275—347. offprint.. Гэты курс аказаўся паспяховым, і 4 лістапада 1497 года экспедыцыя высадзілася на ўзбярэжжы Афрыкі. Больш чым за тры месяцы караблі праплылі больш за 10000 кіламетраў у адкрытым акіяне, на той час самы доўгі шлях па-за бачнасцю зямлі..
16 снежня флот прайшоў Вялікую рыбную раку — месца, дзе Дыяш павярнуў назад і паплыў далей у водах, якія яшчэ былі невядомыя еўрапейцам. Калядныя святы да Гама і яго каманда сустрэлі на ўзбярэжжы, якое яны назвалі Натал, гэтае слова на партугальскай мове мае значэнне «нараджэнне Хрыста».
Васка да Гама правёў з 2 па 29 сакавіка 1498 года ў раёне Мазамбікскіх астравоў. Тэрыторыя, якая кантралявалася арабамі на ўзбярэжжы Усходняй Афрыкі, была неад’емнай часткай сеткі гандлю ў Індыйскім акіяне. Баючыся, што мясцовае насельніцтва будзе варожым да хрысціян, да Гама назваўся мусульманінам і быў запрошаны на аўдыенцыю да султана Мазамбіка. Але, не маючы дастаткова гандлёвых тавараў, да Гама быў не ў стане забяспечыць прыдатны падарунак кіраўніку, і неўзабаве мясцовае насельніцтва стала з падазрэннем паглядаць на да Гаму і яго людзей. Вымушаны з-за варожага натоўпу збегчы з Мазамбіка да Гама з гавані некалькі разоў стрэліў са сваіх гарматаў у бок горада ў якасці помстыVasco da Gamma Seeks Sea Route to India , Oldnewspublishing.com. Retrieved 8 July 2006..
У раёне сучаснай Кеніі экспедыцыя занялася пірацтвам, рабуючы арабскія гандлёвыя суды, якія без цяжкіх гарматаў былі фактычна бяззбройныя. Партугальцы сталі першымі вядомымі еўрапейцамі, якія наведалі порт Мамбасы з 7 па 13 красавіка 1498 года, але і там іх сустрэлі варожа, і яны неўзабаве пакінулі порт.
Васка да Гама рушыў далей на поўнач, прыбыўшы ў сяброўскі порт Маліндзі 14 красавіка 1498 г. — чые кіраўнікі былі тады ў канфлікце з жыхарамі Мамбасы, там экспедыцыя ўпершыню адзначыла доказы прысутнасці індыйскіх гандляроў. Да Гама скарыстаўся паслугамі лоцмана, чыё веданне мусонных вятроў дазволіла яму давесці экспедыцыю да Калікута, размешчанага на паўднёва-заходнім узбярэжжы Індыі. Крыніцы па-рознаму называюць лоцмана: і як хрысціяніна, і як мусульманіна, і як гуяраці. У адной з крыніц лоцман апісваецца ў якасці знакамітага арабскага мараплаўцы Ібн Маджыда, але Маджыд не мог быць у тым месцы ў той час.. Васка да Гама пакінуў Маліндзі 24 красавіка 1498 года і накіраваўся ў бок Індыі.