Паўночны полюс, або Геаграфічны Паўночны полюс — кропка перасячэння восі кручэння Зямлі з яе паверхняй у Паўночным паўшар'і. Знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Паўночнага Ледавітага акіяна . Паўночны полюс не варта блытаць з Паўночным магнітным полюсам.

Паўночны полюс дыяметральна процілеглы Паўднёваму полюсу, размешчанаму на сушы. Любая іншая кропка паверхні Зямлі знаходзіцца заўсёды ў паўднёвым кірунку па адносінах да Паўночнага полюса. Геаграфічныя каардынаты Паўночнага полюса 90°00'00" паўночнай шыраты. Даўгаты полюс не мае, так як з'яўляецца кропкай перасячэння ўсіх мерыдыянаў. Паўночны полюс таксама не адносіцца да якога-небудзь часавога пояса. Палярны дзень, як і палярная ноч, тут працягваецца прыблізна па паўгода.

Глыбіня акіяна на Паўночным полюсе складае 4261 метр (паводле вымярэнняў глыбакаводнага апарата «Мір» у 2007 годзе) або 4087 метраў (паводле вымярэнняў амерыканскай падводнай лодкі «Наўтылус» у 1958 годзе).

Бліжэйшым участкам сушы да Паўночнага канцавосся лічыцца альбо востраў Кафеклуббен, альбо востраў ATOW1996; а бліжэйшым населеным пунктам — паселішча Алерт на востраве Элсмір (тэрыторыя Нунавут, Канада) у 817 кіламетрах ад Паўночнага полюса.

Сярэдняя тэмпература на Паўночным полюсе зімой — каля -40 °C, летам пераважна каля 0 °C.

Гісторыя пакарэння

У мностве антычных культур Зямля лічылася плоскай, аднак ужо старажытнагрэчаскія філосафы, у прыватнасці Піфагор, у VI стагоддзі да нашай эры пачалі выказваць здагадкі аб сферычнай форме Зямлі. У IV стагоддзі да нашай эры два прадстаўнікі Піфагоравай школы — Гікет і Экфант, першымі патлумачылі сутачнае кручэнне небасхілу кручэннем Зямлі вакол сваёй восі.

Тэрмін Паўночны полюс для абазначэння пункту, у якой вось кручэння Зямлі перасякае яе паверхню ў Паўночным паўшар'і, упершыню сустракаецца ў сярэдзіне XV стагоддзя. Да гэтага, у канцы XIV стагоддзя, пісьмовыя крыніцы згадвалі яе як Арктычны полюс (Polus Arcticus).

Ужо ў XV стагоддзі Марцін Бехайм і іншыя географы правільна лічылі, што Паўночны полюс размешчаны ў моры. Некаторыя географы, напрыклад Герард Меркатар, у XVI стагоддзі нават складалі карты арктычнага рэгіёну на падставе наяўных у іх уяўленняў, з указаннем Паўночнага полюса ў цэнтры.

Да 1900 года

Праблема дасягнення Паўночнага полюса ўпершыню ўзнікла ў XVII стагоддзі, у сувязі з неабходнасцю знайсці самы кароткі шлях з Еўропы ў Кітай. Тады ж паўстала легенда пра тое, што ў час палярнага дня ў раёне Паўночнага полюса існуе свабоднае ад лёду мора. Першую спробу дасягнуць гэтага мора здзейсніў у 1607 годзе англійскі мараплавец Генры Гудзон, экспедыцыю якога фінансавала «Маскоўская кампанія». Дабраўшыся да ўсходняга берага Грэнландыі, Гудзон быў спынены льдамі. Прабіраючыся уздоўж абзы пака на ўсход, каманда дасягнула Шпіцбергена, але не змагла прасунуцца на поўнач ад 80° 23' паўн. ш..

Міхаіл Ламаносаў тэарэтычна абгрунтаваў магчымасць дасягнення Паўночнага полюса марскім шляхам. З паморскіх легенд ён зрабіў выснову, што моцныя вятры адганяюць лядовыя палі ад паўночнага ўзбярэжжа Шпіцбергена, і адкрываюць свабоднае мора. Па ўказу Кацярыны II у 1765 і 1766 гадах адмірал Васіль Чычагаў двойчы спрабаваў прасунуцца на поўнач ад Шпіцбергена, але дасягнуў толькі 80° 30' паўн. ш..

У 1773 годзе брытанская экспедыцыя барона Канстанціна Фіпса ля Шпіцбергена дасягнула 80° 48' паўн. ш. У 1818 годзе атрад брытанскіх караблёў, адным з якіх камандаваў Джон Франклін, не здолеў пераадолець адзнакі 80° 34' паўн. ш. Пасля гэтага на доўгі час ідэя дасягнення Паўночнага полюса на караблі была пакінутая.

Адной з першых экспедыцый, якая паспрабавала дасягнуць Паўночнага полюса, выкарыстоўваючы іншыя метады, стала брытанская экспедыцыя Уільяма Пары ў 1827 годзе. Атрымаўшы неабходныя сродкі ад Брытанскага Адміралцейства, экспедыцыя Пары ў сакавіку 1827 года адплыла з Англіі на судне «Хекла» (Hecla), які даставіў яе на Шпіцберген. Адсюль атрад Пары на дзвюх лодках, забяспечаных палазамі для руху па лёдзе, адправіўся на поўнач і 23 ліпеня дасягнуў 82° 45' паўн. ш., усталяваўшы рэкорд, які пратрымаўся наступнае паўстагоддзе. Адным з членаў атрада Пары быў Джэймс Рос, будучы першаадкрывальнік Паўночнага магнітнага полюса.

Іншы спробай дасягнення Паўночнага полюса стала Брытанская арктычная экспедыцыя 1875-1876 гадоў пад кіраўніцтвам Джорджа Нэрса, якая рухалася да полюса з боку праліва Сміта на караблях «Алерт» (Alert) і «Дыскаверы» (Discovery). Частка экспедыцыі на санках, у якія былі запрэжаны людзі, пад кіраўніцтвам Альберта Маркема (Albert Markham) 12 мая 1876 года дасягнула рэкордных 83° 20' 26" паўн. ш., перш чым павярнуць назад.

Амерыканская экспедыцыя Джорджа Дэ-Лонга 8 ліпеня 1879 года адплыла на барцы «Жанэта» (Jeannette) з Сан-Францыска з намерам дасягнуць Паўночнага полюса праз Берынгаў праліў. Аднак, недалёка ад вострава Врангеля ў Паўночным Ледавітым акіяне, іх карабель быў акружаны льдамі. Наступны 21 месяц карабель дрэйфаваў на паўночны захад, паступова набліжаючыся да Паўночнага полюса. 12 чэрвеня 1881 года «Жанэта» не вытрымала ціск лёду, дала цечу і затанула на . Каманда здолела выратавацца і, цягнучы на санях па лёдзе шлюпкі з харчаваннем, дасягнула Новасібірскіх астравоў. Адтуль 12 верасня 1881 года каманда паспрабавала на трох шлюпках даплысці да мацерыка. У выніку шторму адна шлюпка з экіпажам затанула. Дзве іншыя дабраліся да берага, але былі падзеленыя штормам. Экіпаж шлюпкі пад камандай суднавага механіка Джорджа Мельвіля быў падабраны мясцовымі Якуціі ў вусце ракі Лены. Група Дэ-Лонга, якая высадзілася на другім беразе вусця, паспрабавала знайсці паселішча, адправіўшыся ў доўгі шлях па тундры ўглыб мацерыка, але толькі двое з 14 чалавек змаглі дабрацца да людзей. Астатнія, уключаючы Дэ-Лонга, памерлі, адзін за адным, ад голаду і змардаваныя.

У 1884 годзе рэшткі рыштунку з «Жанэты» былі знойдзеныя ўмерзлымі ў лёд у ваколіцах Какарток на поўдні Грэнландыі, у тысячах кіламетрах ад месца крушэння. Метэаролаг Хенрык Мон на падставе гэтай знаходкі выказаў здагадку аб існаванні плыні ў Паўночным Ледавітым акіяне, якое пераносіць лёд з усходу на захад, ад сібірскага ўзбярэжжа да амерыканскага. Нарвежскі даследчык Фрыцёф Нансен зацікавіўся ідэяй дасягнуць Паўночнага полюса з дапамогай гэтай плыні на ўмёрзлым у лёд караблі. Для гэтага Нансен арганізаваў Нарвежскую палярную экспедыцыю на караблі «Фрам». «Фрам» быў пабудаваны, па замове Нансена, спецыяльна для дрэйфу ў льдах — яго корпус быў умацаваны і ў папярочным сячэнні быў акруглым, як яйка. Такім чынам, лёд, здушваючы «Фрам» па баках, не збіваў судна, а паступова выціскаў яго наверх, на паверхню. 24 чэрвеня 1893 года «Фрам» пакінуў Крысціянію. Прайшоўшы па Паўночным марскім шляху, 28 верасня карабель дасягнуў лядовага поля ў Новасібірскіх астравоў і лёг у дрэйф. 14 сакавіка 1895 года, калі «Фрам» дасягнуў 84° 4' паўн. ш., Нансен і Ялмар Ёхансан пакінулі карабель, вырашыўшы працягнуць шлях да Паўночнага полюсу на лыжах. Нансен разлічваў пераадолець 660 км да полюса за 50 дзён, а адтуль накіравацца да Зямлі Франца-Іосіфа. Правізію на 120 дзён шляху яны загрузілі на тры сабачыя запрэжкі. Першапачаткова лёд быў даволі роўны, і даследчыкі маглі хутка перасоўвацца наперад. Але паступова ландшафт станавіўся ўсё больш няроўным, значна запавольваючы хуткасць іх прасоўвання. 7 красавіка пара дасягнула 86° 14' паўн. ш. Далейшы шлях, наколькі яны маглі яго бачыць, складаўся з нагрувашчванняў лёду. Усведамляючы, што ім не хопіць харчавання, каб дасягнуць Паўночнага полюса і вярнуцца назад, пара адмовілася ад далейшай спробы і павярнула на поўдзень, у канчатковым рахунку дасягнуўшы Зямлі Франца-Іосіфа.

Італьянская арктычная экспедыцыя прынца Савойскага Луіджы Амедэа ў 1899 годзе адплыла на пераабсталяваным кітабойным судне «Палярная Зорка» з Нарвегіі. Яны планавалі дасягнуць Зямлі Франца-Іосіфа, разбіць там лагер, правесці ў ім палярную зіму, а ў канцы яе — адправіцца па лёдзе на сабачых запрэжках да Паўночнага полюсу. Падчас зімоўкі ў лагеры, у выніку абмаражэння, прынц страціў два пальцы і таму ўжо не мог асабіста ўдзельнічаць у паходзе на полюс. 11 сакавіка 1900 года група пад кіраўніцтвам капітана Умберта Каньі выйшла да Паўночнага полюсу. З-за вялікіх цяжкасцей (уключаючы гібель трох чалавек з дапаможнай партыі) чацвёра палярнікаў атрада Каньі пачалі ўсведамляць, што не змогуць дасягнуць полюса. Усё, што яны маглі зрабіць, — толькі прайсці як мага далей на поўнач, усталяваць сцяг і павярнуць назад, калі колькасць ежы ў іх распараджэнні будзе ледзь хапаць на зваротны шлях. 25 красавіка група Каньі дасягнула рэкордных 86° 34' паўн. ш., што было на 35 км на поўнач ад рэкорду Нансена і Ёхансана, і з цяжкасцю змагла вярнуцца назад да карабля праз два месяцы, 23 чэрвеня, праз дванаццаць дзён пасля таго, як у іх павінны былі скончыцца ўсе прадукты.

Экспедыцыі да Паўночнага канцавосся набылі такую вялікую вядомасць, што ў англійскай мове нават з'явіўся тэрмін Farthest North, які азначаў самую паўночную шырыню, дасягнутую экспедыцыямі ў іх шляху да Паўночнага полюсу. Аднак, акрамя экспедыцый да Паўночнага полюсу, у Арктыку таксама адпраўляліся і экспедыцыі, якія ставілі перад сабой іншыя мэты — напрыклад, прайсці па Паўночна-Заходняму праходу або па Паўночным марскім шляху. Вопыт, набыты ў выніку гэтых экспедыцый, апынуўся вельмі карысны і для экспедыцый да Паўночнага полюса.

1900—1940 гады

Амерыканскі даследчык Фрэдэрык Кук заявіў аб тым, што першым дасягнуў Паўночнага полюса 21 красавіка 1908 года, разам з двума эскімосамі Авелай (Ahwellah) і Этукішукам (Etukishook), рухаючыся на сабачых запрэжках. Аднак ён не змог прадставіць пераканаўчых доказаў, і яго заявы не былі шырока прыняты грамадскасцю.

Заваяванне Паўночнага полюса доўгі час прыпісвалася амерыканскаму інжынеру Роберту Піры, які заяўляў, што дасягнуў Паўночнага полюса 6 красавіка 1909 года, у суправаджэнні афраамерыканца Мэцью Хенсана (Matthew Henson) і чатырох эскімосаў Ута (Ootah), Эгінгва (Egingwah), Сіглу (Seegloo) і Укеа (Ooqueah). Аднак пазней заяву Піры таксама было падвергнута сумневу. Так, некаторыя даследчыкі адзначылі, што ў атрадзе, адабраным Піры для апошняга адрэзку шляху да Паўночнага полюса (246 км), не было нікога, апроч яго, які валодаў навігацыйнымі навыкамі і здольнага незалежна пацвердзіць (або абвергнуць) сцвярджэнні Піры. Таксама выклікаў сумнеў хранаметраж паходу. Сярэдняя хуткасць экспедыцыі Піры ад кантынента да лагера Бартлет складала 17 км у дзень, а, паводле сцвярджэнняў Піры, пасля выхаду з лагера Бартлет яго атрад змог пераадолець 246 км да Паўночнага полюса за пяць дзён, пераадольваючы штодня ў сярэднім па 50 км, што ў тры разы перавышала сярэднюю хуткасць, з якой экспедыцыя рухалася да гэтага часу. На зваротны шлях у іх пайшло яшчэ менш — тры дні, г. зн. атрад Піры павінен быў рухацца з полюса з хуткасцю больш за 80 км у дзень, што многія даследчыкі палічылі неверагодным.

Сумневы ў дасягненнях Кука і Піры заахвоцілі Руаля Амундсена ў яго экспедыцыі да Паўднёвага полюса ў 1911 годзе ўключыць у фінальную партыю з пяці чалавек чатырох прафесійных навігатараў, якія праводзілі дбайныя і незалежныя адзін ад аднаго назіранні з дапамогай компаса, секстанта і тэадалітаў.

Першай рускай экспедыцыяй да Паўночнага полюса лічыцца экспедыцыя Георгія Сядова ў 1912—1914 гадах. Дрэнна падрыхтаваная экспедыцыя была вымушаная правесці дзве зімоўкі ў Арктыцы на борце шхуны «Міхаіл Суворын» («Святы вялікапакутнік Фака»). 2 лютага 1914 года хворы на цынгу Сядоў, разам з матросамі Рыгорам Ліннікам і Аляксандрам Пустошным, на трох сабачых запрэжках выйшлі па лёдзе з бухты Ціхай да полюса. Ужо праз тыдзень Сядоў не мог ісці далей, але загадаў прывязаць сябе да нартаў, каб працягнуць паход. 20 лютага, прайшоўшы крыху больш за сто з больш чым двух тысяч кіламетраў да полюса, Сядоў памёр сярод ільдоў паблізу вострава Рудольфа. Яго спадарожнікі пахавалі цела на востраве і адправіліся ў зваротны шлях. Адна з сабак Сядова, па мянушцы Фрам, засталася на магіле гаспадара.