Ігна́цій Іяўле́віч або Ігнат Яўле́віч (26 верасня 1619, Магілёў — каля 1686) — педагог-асветнік, пісьменнік, грамадскі і царкоўны дзеяч.
Біяграфія Пачатковую адукацыю атрымаў у Шклове. Вучыўся ў Магілёўскай брацкай школе. У 1638—1641 гадах вывучаў пачаткі філасофіі ў Кіеўскім калегіуме. Пазней вывучаў тэалогію і медыцыну вывучаў у Замойскай акадэміі (Польшча).
Быў прафесарам свабодных навук у Кіева-Магілянскай калегіі. Разам з рэктарам калегіі С. Пачаскім удзельнічаў у арганізацыі ў Ясах (Румынія) славяна-грэка-лацінскай акадэміі, адкрытай у 1640 годзе.
У 1647 годзе пастрыгся ў Кіеве ў манахі. Жыў у Львове, Ярославе (у Галіцыі), Кракаве, Скіце, Камянцы, Сочаве (Валахія), Оршы і інш.
Падчас вайны 1654—1667 гадоў, пасля заняцця маскоўцамі Полацка, у 1655 годзе прызначаны ігуменам праваслаўнага полацкага Богаяўленскага манастыра. Адкрыў пры Богаяўленскім манастыры школу і бібліятэку. Вітальная прамова Іяўлевіча спадабалася вялікаму князю маскоўскаму Аляксею Міхайлавічу падчас наведання Полацка ў 1656 годзе, як падзяку, у 1657 годзе Іяўлевіч атрымаў «на церковное строенье» цэглу разбуранага маскоўцамі касцёла ў Друі. Загадам Аляксея Міхайлавіча ад 10 снежня 1659 года полацкі епіскап Каліст пасвяціў ігумена Ігнація на Барысаглебскую архімандрыю, а ў верасні 1660 года Аляксей Міхайлавіч дазволіў Іяўлевічу трымаць Богаяўленскі і Барысаглебскі манастыры разам. У 1660 годзе Іяўлевіч удзельнічаў у працы сабора ў Маскве, скліканага Аляксеем Міхайлавічам у справе адхілення ад стальца патрыярха Нікана.
Быў апекуном полацкіх паэтаў Ф. Утчыцкага і Сімяона Полацкага, падтрымліваў прыязныя адносіны з маскоўскімі дзяржаўнымі і культурнымі дзеячамі Ф. Рцішчавым і А. Ардын-Нашчокіным.
Паводле Міхаіла Баўтовіча, у 1664 годзе Іяўлевіч разам з манахамі Багаяўленскага манастыра Геронтам і Анатолем адправіўся ў Маскву, дзе раптоўна памёр.
Паводле іншых звестак, апошнія раз Іяўлевіч згаданы ў перапісцы з маскоўскім патрыярхам Іаакімам у студзені—сакавіку 1686 года.
Літаратурная спадчына З літаратурнай спадчыны Іяўлевіча дайшла яго аўтабіяграфічная запіска (на польскай мове, апублікавана С. Голубевым у 1886), у якой важныя матэрыялы па гісторыі гарадской адукацыі 2-й чвэрці 17 ст., культурныя ўзаемасувязі беларускага і ўкраінскага народаў. Захаваліся яго прамовы з нагоды розных рэлігійных і палітычных падзей, некалькі лістоў да Сімяона Полацкага. Вядомы яго дэкламацыя на прыезд у Магілёў віцебскага, аршанскага, мсціслаўскага і магілёўскага епіскапа Іосіфа Гарбацкага (4.8.1650), некалькі вершаў на ўзор элегій Авідзія. У паэзіі Іяўлевіча яскрава выяўлены рысы сілабізму.
Крыніцы
Літаратура Іяўлевіч Ігнацій // С. 371. Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Мн., 1968 Т. 1. С. 363—364.
Катэгорыя:Пісьменнікі Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Праваслаўныя манахі Беларусі Катэгорыя:Постаці Полацка Катэгорыя:Архімандрыты Катэгорыя:Польскамоўныя пісьменнікі