Валянці́н Васі́левіч Акудо́віч () — беларускі філосаф, эсэіст, літаратурны крытык.
Біяграфія Працаваў экспедытарам на Свіслацкім хлебазаводзе (1967—1968), токарам, слесарам і інжынерам па металу на Мінскім маторным заводзе (1968—1969, 1970—1975). Служыў у Савецкай арміі (1969—1970), паранены аскепкам гранаты ў левае вока. Кіраўнік турысцкага гуртка ў Доме піянераў Заводскага раёна (1980—1981), працаваў вартаўніком (1981—1985, 1986) і лодачнікам на аўтатурбазе «Нарачанка» (1985). З 1986 намеснік дырэктара Мінскай школы турызму, у 1990 годзе перайшоў на кафедру спартыўнага турызму Беларускага філіяла інстытута турызму (старшы выкладчык). Майстар спорту СССР па спартыўным турызме.
Скончыў Літаратурны інстытут імя А. М. Горкага пры СП СССР у Маскве (1980), спецыяльнасць — літаратар.
У 1991—1999 гадах працаваў у штотыднёвіку «Культура» (рэдактар аддзела, першы намеснік галоўнага рэдактара). У 1999—2000 годзе быў рэдактарам аддзела філасофіі і замежнай літаратуры часопіса «Крыніца» і нейкі час штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Па-за працай у дзяржаўных выданнях быў намеснікам галоўнага рэдактара філасофскага часопіса «Фрагменты», выкладаў у Беларускім калегіуме (з 2001 — куратар аддзялення філасофіі і літаратуры). Рэдактар філасофскага часопіса «Перекрёстки» (2004—2007) і куратар літаратурна-філасофскага часопіса «Паміж».
Ахрышчаны ў праваслаўнай царкве.
Творчасць Аўтар філасофскіх і літаратурна-мастацкіх кніг «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека» (1998), «Разбурыць Парыж» (2004), «Дыялогі з Богам» (2006), «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці» (2007), «Кніга пра нішто» (2012), «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне» (2015), «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» (2024).
Асобныя тэксты друкаваліся ў ЗША, Польшчы, Расіі, Чэхіі, Македоніі, Сербіі, Украіне, Літве, Башкірыі, Манголіі. Кніга «Дыялогі з Богам» перакладзеная на польскую мову (2008), а кніга «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці» на літоўскую, рускую і нямецкую мовы.
Разам з Алесем Анціпенка ўклаў «Анталёгію сучаснага беларускага мыслення» (2003) і кнігу «Невядомая Беларусь» (2008).
«Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці» «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці» — гістарычны нарыс, упершыню апублікаваны ў 2007 годзе ў мінскім выдавецтве Логвінаў на беларускай мове. Асновай тэксту стаў цыкл лекцый пра беларускі менталітэт, прачытаны аўтарам у Беларускім Калегіюме ў Мінску.
Галоўная тэма манаграфіі — пытанне беларускай ідэнтычнасці ў гістарычнай перспектыве. У кнізе аўтар разглядае праблемы беларускага этнанацыяналізму, спецыфікай якога называе стратыфікацыю на некалькі культурных ніш і адсутнасць кансалідацыі грамадства. На думку Акудовіча, менавіта гэтыя асаблівасці звязаныя з незвычайнай у еўрапейскім кантэксце пабудовай беларускай нацыі, а таксама асновай невыразнай нацыянальнай самасвядомасці.
Прычыны гэтага філосаф бачыць не толькі ў неспрыяльных геапалітычных умовах, але таксама ў дэфіцыце ўніверсальнага пагаднення аб сутнасці беларускай ідэнтычнасці і ў адносінах да канону нацыянальна-гістарычных міфаў. У якасці асноўнага фактару, які ўплывае на гэты дэфіцыт, аўтар разглядае дамінуючую ролю Расіі ў фарміраванні сацыяльных і культурных рэалій у Беларусі. Тым не менш, Акудовіч адмяжоўваецца ад аднабаковай ацэнкі ролі Расіі ў гісторыі крышталізацыі ідэі беларускасці. На яго думку гэта ў Расійскай Імперыі, а не ў Вялікім Княстве Літоўскім, стварыліся перадумовы для пазнейшых працэсаў пабудовы нацыі у цені русіфікацыі і паланізацыі.
«Калі б ВКЛ — пры ўсіх магчымых гістарычных трансфармацыях,— не страціла дзяржаўнасці да нашага часу, дык, напэўна, сёння мы б не мелі знаку ні сучаснай беларускай нацыі, ні беларускай мовы […].»Акудовіч, Валянцін: Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці. С. 36.
Філосаф заклікае адмовіцца ад існуючых да нашага часу — бясплодных на яго думку — спроб пераазначэння беларускай ідэнтычнасці і гістарычнай памяці на ўзор цэнтральнаеўрапейскіх этнічных нацыяналізмаў маналітнага характару. На яго думку, патрэбна станоўчае стаўленне да гісторыі Беларусі і да працэсаў пабудовы беларускай нацыі sui generis замест шырока распаўсюджанай ацэнкі іх як «няўдалых». Мэту развіцця беларускай ідэнтычнасці спосабам характэрным для большасці еўрапейскіх народаў аўтар разглядае як памылковую і прапануе замяніць яе на свядомае паважанне гетэрагеннага характару беларускай культуры.
«Беларусь ніколі не будзе толькі беларускай, але і ніколі яна не будзе толькі расійскай ці польскай […].»Акудовіч, Валянцін: Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці. С. 126.
У сваёй кнізе Акудовіч заклікае да цвярозага падыходу ў адносінах да пытанняў нацыянальнай ідэнтычнасці, а таксама да разгляду ідэі беларускай дзяржавы ў кантэксце грамадства палітычнага, а не этнічнага.
Кніга была перакладзеная на рускую і нямецкую мовы. У 2006 годзе кніжка атрымала літаратурную прэмію «Гліняны Вялес». Усёабдымны агляд апублікаваны на старонках нямецкага гістарычнага партала «H-Soz-Kult».
Прэміі і ўзнагароды Медаль «За воінскую доблесць» (1970). Лаўрэат прэміі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва» (1993), Лаўрэат прэміі часопіса «Крыніца» (1995), Лаўрэат прэміі Беларускага гуманітарнага цэнтра (1997), Лаўрэат прэміі Беларускага ПЭН-цэнтра (Прэмія імя Алеся Адамовіча) (2001), Лаўрэат прэміі літаратурнай прэміі «Гліняны Вялес» (2007), Лаўрэат прэміі «Залатая літара» (2012). Галоўны прыз літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця (2024) за кнігу «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым».
Паходжанне прозвішча Свіслацкае прозвішча Акудовіч мяркуецца ад старажытнабалцкага двухасноўнага імені тыпу A-kudas. Было таксама старое свіслацкае Акудэль, з утваральнікам -el-.
Крыніцы
Літаратура Акудовіч Валянцін // Выдавецтва Галіяфы: Афіцыйны сайт — Эл.рэсурс goliafy.com Бабкоў І. Валянцін Акудовіч: (артыкул для слоўніка) // Паміж № 1, 2001. Сучасная беларуская проза. Традыцыі і наватарства. Анталогія. — Мн.: Сэр-Віт, 2003.
Спасылкі
Выбраныя творы В. Акудовіча — Эл.рэсурс knihi.com Валянцін Акудовіч чытае свае творы на Літаратурным радыё
Катэгорыя:Эсэісты Беларусі Катэгорыя:Эсэісты паводле алфавіта Катэгорыя:Літаратурныя крытыкі Беларусі Катэгорыя:Літаратурныя крытыкі паводле алфавіта Катэгорыя:Філосафы Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі