Уладзіслаў Клімовіч (нар. , ) — беларускі футбаліст, паўабаронца венгерскага клуба «Дыёшдзьёр» з Мішкальца і нацыянальнай зборнай Беларусі. Кандыдат у майстры спорту.
Клубная кар’ера Выхаванец мінскай СДЮШАР-5, з 2013 года пачаў выступаць за дубль барысаўскага БАТЭ ў якасці нападніка. 18 ліпеня 2014 года дэбютаваў у асноўнай камандзе БАТЭ, выйшаўшы на замену ў канцы матча супраць «Слуцка» і адзначыўшыся галявой перадачай. Увосень 2014 года выступаў за каманду БАТЭ ў Юнацкай Лізе чэмпіёнаў.
У першай палове 2015 года выступаў за дубль БАТЭ, а ў жніўні быў аддадзены ў арэнду ў клуб «Іслач», у складзе якога замацаваўся ў аснове і дапамог атрымаць перамогу ў Першай лізе. У снежні 2015 года вярнуўся з арэнды ў Барысаў.
У студзені—лютым 2016 года рыхтаваўся да новага сезона разам з асноўнай камандай БАТЭ, а ў сакавіку быў аддадзены ў арэнду клубу латвійскай Вышэйшай лігі «Елгава», разам з якім выйграў Кубак Латвіі. У ліпені 2016 года на правах арэнды перабраўся ў гродзенскі «Нёман», аднак правёў толькі пяць матчаў, пасля чаго атрымаў траўму і выбыў да канца сезона. Па заканчэнні сезона 2016 вярнуўся ў Барысаў, аднак у лютым 2017 года зноў быў аддадзены гродзенцам у арэнду да канца сезона 2017. Падчас выступлення ў «Нёмане» перакваліфікаваўся з нападніка ў апорнага паўабаронцу. У пачатку сезона 2017 выхадзіў на замену, але хутка замацаваўся ў стартавым складзе, стаў адным з асноўных ігракоў каманды.
У студзені 2018 года, вярнуўшыся з арэнды, пачаў трэніравацца разам з БАТЭ, аднак неўзабаве далучыўся да «Тарпеда-БелАЗ» і быў выкуплены жодзінскім клубам. У складзе «Тарпеда-БелАЗ» стаў трывалым іграком асновы.
У студзені 2020 года па заканчэнні кантракта пакінуў жодзінскую каманду. У хуткім часе стаў трэніравацца з мінскім «Дынама» і неўзабаве падпісаў кантракт з клубам. Замацаваўся ў стартавым складзе каманды і стаў адным з лідараў. У снежні 2020 года падоўжыў кантракт з дынамаўцамі. У сезоне 2021 заставаўся адным з асноўных ігракоў мінчан.
У студзені 2022 года, пакінуўшы «Дынама» па заканчэнні кантракта, перайшоў у венгерскі клуб «Дзьірмот». Па выніках сезона 2021/22 «Дзьірмот» выбыў з найвышэйшага дывізіёна Венгрыі, і ў чэрвені 2022 года паўабаронца стаў іграком кіпрскага клуба «Неа Саламіна». Пакінуў «Неа Саламіну» ў чэрвені 2023 года.
У ліпені 2023 года папоўніў склад венгерскага «Дыёшдзьёра».
Міжнародная кар’ера Увосень 2014 года выступаў за юніёрскую зборную Беларусі (да 19) у кваліфікацыйным раўндзе чэмпіянату Еўропы.
16 студзеня 2015 года дэбютаваў у моладзевай зборнай Беларусі ў матчы супраць Туркменістана на Кубку Садружнасці ў Санкт-Пецярбургу. Пазней здолеў замацавацца ў якасці асноўнага нападніка зборнай.
У ліпені 2017 года выступаў за другую зборную Беларусі на Кубку Караля ў Тайландзе. 9 лістапада 2017 года дэбютаваў у нацыянальнай зборнай Беларусі, адгуляўшы другі тайм таварыскага матча супраць Арменіі (1:4).
Палітычныя погляды Падпісаў адкрыты ліст спартыўных дзеячаў краіны, якія выступаюць за дзеючую ўладу Беларусі пасля жорсткіх падаўленняў народных пратэстаў у 2020 годзе.
Дасягненні Чэмпіён Беларусі: 2014 Бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі: 2021 Уладальнік Кубка Беларусі: 2015 Уладальнік Суперкубка Беларусі: 2015 Пераможца Першай лігі чэмпіянату Беларусі: 2015 У спісе 22 найлепшых футбалістаў чэмпіянату Беларусі: 2020 Уладальнік Кубка Латвіі: 2016
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі зборнай Беларусі па футболе Катэгорыя:Ігракі ФК БАТЭ Катэгорыя:Ігракі ФК Іслач Катэгорыя:Ігракі ФК Елгава Катэгорыя:Ігракі ФК Нёман Гродна Катэгорыя:Ігракі ФК Тарпеда-БелАЗ Катэгорыя:Ігракі ФК Дынама Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Дзьірмот Катэгорыя:Ігракі ФК Неа Саламіна Фамагуста Катэгорыя:Ігракі ФК Дыёшдзьёр