Юга́ся Каляда́, спраўднае імя Яўгенія Парашчанка (; ) — беларуская пісьменніца, празаік і паэтка. Аўтарка кніг «Галоўная памылка Афанасія» (2005) і «Перамена месцаў» (2024).
Біяграфія
Нарадзілася 10 лютага 1981 года ў Гомелі. Вучылася на гістарычным факультэце Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта, юрыдычным факультэце Інстытута парламентарызму і прадпрымальніцтва.
У розныя гады працавала ў юрыдычнай і рэкламнай сферах, пазней — у грамадзянскім і праваабарончым сектары. Была прэс-сакратаркай Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
У лютым 2021 года ў Гомелі прайшоў ператрус у кватэры, дзе Каляда жыла з малым сынам, а таксама ў доме яе бацькоў. Неўзабаве яна пакінула Беларусь і выехала з сынам у Літву. З 2021 года жыве ў Вільні.
Літаратурная дзейнасць
Дэбютавала ў 1998 годзе як паэтка і празаік, 15 чэрвеня ў газеце «Наша Ніва» апублікаваны верш «П’еро» і празаічны тэкст «Insere inseli, ці Нататкі вар’яткі».
З пачатку 2000-х гадоў публікацыям твораў Каляды спрыяў журналіст і даследчык Віктар Корбут. У 2003 годзе яе проза выйшла ў газеце «Літаратура і мастацтва» і часопісе «Дзеяслоў»: у «Літаратуры і мастацтве» было надрукавана апавяданне «Зялёны акіян, залатыя бурбалкі», а ў № 7 «Дзеяслова» — навела «Добрай раніцы, планета».
У 2004 годзе Каляда стала адной з пераможцаў конкурсу маладых літаратараў Беларускага ПЭН-цэнтра да 700-годдзя Франчэска Петраркі. Яе аповесць «Invicta, альбо Галоўная памылка Афанасія» ўвайшла ў зборнік «Формула каханьня» (2005).
У 2005 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў серыі «Дэбют» выйшла яе першая кніга «Галоўная памылка Афанасія».
«Галоўная памылка Афанасія» У 2005 годзе ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў серыі «Дэбют» выйшла першая кніга Югасі Каляды «Галоўная памылка Афанасія». У кнігу ўвайшлі апавяданне «Зялёныя бурбалкі, залаты акіян», трылогія «Лета» і аповесць «Invicta, альбо Галоўная памылка Афанасія».
Кніга выклікала заўважную і палярную рэакцыю. У 2005 годзе ў «Нашай Ніве» выйшла рэцэнзія Ігара Бабкова пад псеўданімам Францішак N. «Салодкая помста Югасі К.». У 2006 годзе літаратуразнаўца Аксана Бязлепкіна прысвяціла кнізе артыкул «Дакторка Югася, альбо Як здабыць літаратурную нішу» ў часопісе ARCHE.Бязьлепкіна А. Дакторка Югася, альбо Як здабыць літаратурную нішу // ARCHE. — 2006. — № 1—2 (41—42). — С. 215—217.
«Галоўная памылка Афанасія» актыўна абмяркоўвалі ў беларускай інтэрнэт-прасторы. Пасля выхаду кнігі дыскусія разгарнулася на літаратурным форуме Litara.net; абмеркаванні кнігі адбываліся на форуме FromBy.
У снежні 2005 года «Белорусская деловая газета», падводзячы літаратурныя вынікі года, пісала пра «бурныя дэбаты» вакол кнігі і цытавала ацэнку Бабкова, які назваў яе «самым скандальным і контравэрсійным літаратурным дэбютам дзесяцігоддзя».
У 2007 годзе кніга выйшла па-польску ў кракаўскім выдавецтве Korporacja Ha!art пад назвай Traktor albo błąd w sztuce ў перакладзе Катажыны Катыньскай.
У 2025 годзе «Галоўная памылка Афанасія» была перавыдадзеная па-беларуску ў Польшчы выдавецтвам Gutenberg Publisher у серыі «Акно ў прозу».
Паэзія Першы апублікаваны верш Каляды выйшаў 15 чэрвеня 1998 года ў газеце «Наша Ніва», № 11 (108). Такім чынам, у друку яна дэбютавала адначасова як паэтка і празаік. Паэзія заставалася самастойнай лініяй яе творчасці і пасля выхаду першай празаічнай кнігі. У 2005 годзе «Наша Ніва» апублікавала вялікую падборку яе вершаў пад агульным загалоўкам «Сіні дызэль „Гомель—Гомель“», у якую ўвайшлі «Палянэз Агінскага», «Comment t’appelles-tu?» і цыкль «Гомельскія абліччы».
У 2008—2012 гадах Каляда рэгулярна публікавала вершы ў сваім LiveJournal-дзённіку magdalena_jo_jo. Пад тэгам «верш» захаваўся корпус арыгінальных вершаў, перакладаў і перастварэнняў, а таксама перакладаў яе твораў на іншыя мовы.
Вершы Каляды перакладаў на ўкраінскую мову ўкраінскі паэт Алег Коцараў; Каляда, у сваю чаргу, перакладала і перастварала ягоныя вершы на беларускую мову. На рускую мову яе вершы перакладалі Натальля Бельчанка, Герман Уласаў і Алена Песцерава. У 2010 годзе два пераклады вершаў Каляды ўвайшлі ў шорт-ліст VIII Міжнароднага літаратурнага Валошынскага конкурсу ў намінацыі часопіса «Дружба народов»: «Я ела снег» у перакладзе Натальлі Бельчанкі і «Заместитель министра» ў перакладзе Алены Песцеравай.
У 2012 годзе часопіс «Дружба народов» апублікаваў падборку вершаў Каляды «Пока природа не видна» ў перакладзе Германа Ўласава. У 2013 годзе ў часопісе «Новая Юность» выйшла падборка «Кровь земли» ў перакладзе Алены Песцеравай; у яе ўвайшлі, сярод іншага, пераклады вершаў «Ягады», «Дзікі вінаград» і «Нярайскі сад». Песцерава таксама напісала да публікацыі ўступнае слова, у якім звяртала ўвагу на інтанацыю, вобразнасць, іронію, гукапіс і рытмічную арганізацыю паэзіі Каляды.
Верш «Я ела снег» быў перакладзены на ўзбекскую мову Гўзал Бегім пад назвай «Қор тановул қилдим» і апублікаваны ва ўзбекскай літаратурнай перыёдыцы.
У 2010 годзе верш «Я ела снег» быў запісаны ў аўтарскім выкананні для відэапраекта «Чорна-белыя вершы». Аўдыязапісы выбраных вершаў захоўваюцца ў Аўдыятэцы Беларускага ПЭНа. Верш «Дзікі вінаград» стаў песняй у выкананні беларускага музыкі Яўгена Барышнікава.
Каляда ўдзельнічала ў міжнародным паэтычным фестывалі «Порядок слов» у Мінску ў 2010 годзе, фестывалі «Вершы на асфальце» ў Мінску ў 2012 і 2018 гадах і ў Вільні ў 2025 годзе, а таксама ў літоўскім міжнародным фестывалі Poetinis Druskininkų ruduo ў 2021 годзе.
У 2022 годзе яе вершы ўвайшлі ў «Анталёгію паэтак. Выбранае Вальжынай Морт».
Проза паміж кнігамі Пасля выхаду «Галоўнай памылкі Афанасія» ў 2005 годзе Каляда працягвала пісаць і публікаваць прозу, хоць наступная асобная кніга выйшла толькі ў 2024 годзе. У 2006 годзе часопіс ARCHE апублікаваў цыкль «Пакаленьне „Нуль“. Пяць апавяданьняў».
У 2010 годзе ў часопісе «Маладосць» выйшла апавяданне «Слова не з майго лексікону». У 2013 годзе часопіс беларускай прозы «Макулатура» апублікаваў апавяданне «Цыркус»; рэдакцыя нумару адзначала, што Каляда да гэтага некалькі гадоў не друкавалася.
Яе проза выходзіла таксама ў інтэрнэт-часопісе «ЛітРАЖ», дзе было апублікавана апавяданне «Выпадковая Тамара», і ў часопісе «Мінкульт», у першым нумары якога выйшла апавяданне «Фабрыка-кухня, масьленіца-памідор».
Асабліва шмат прозы Каляды было апублікавана ў «Маладосці» ў 2015 годзе. У лютаўскім нумары выйшла аповесць Je suis ton ange gardien; у рэдакцыйным каментары паведамлялася, што твор прапанаваў да друку Віктар Корбут, які ў той час укладаў другую кнігу Каляды «Слова не з майго лексікону» для выдавецтва «Мастацкая літаратура». Гэтая кніга ў выніку не была выдадзеная.
У жнівеньскім нумары «Маладосці» прозе Каляды быў адведзены вялікі блок, які пачынаўся на старонцы 41. У яго ўвайшлі творы «Што такое шчасьце», «Таварняк на абводнай каляіне», «Заяц з гумовым тварам», «Цыркус», «Выпадковая Тамара» і «Малады спэцыяліст».
Наступнай асобнай кнігай Каляды стаў раман «Перамена месцаў», выдадзены ў 2024 годзе.
«Перамена месцаў» У 2024 годзе ў выдавецтве «Пфляўмбаўм» выйшаў раман Югасі Каляды «Перамена месцаў». Дзеянне рамана адбываецца ў Беларусі ў 2017 годзе. У цягніку Мінск—Гомель мяняюцца месцамі дзве пасажыркі — суддзя Альбіна і беспрацоўная Маня; на наступную раніцу высвятляецца, што яны памяняліся і целамі. Раман пачынаецца як камедыя інтрыгі, але паступова ператвараецца ў сацыяльную драму.
У лютым 2025 года ў «Нашай Ніве» выйшла рэцэнзія Зосі Лугавой «Паваліла моцная літаратура! „Перамена месцаў“ Югасі Каляды». Рэцэнзентка адзначала стрыманую інтанацыю, лаканічную мову і псіхалагічную распрацаванасць персанажаў, а адной з асноўных тэмаў рамана называла чалавечы патэнцыял і здольнасць чалавека змяняцца.
У 2025 годзе «Перамена месцаў» заняла другое месца прэміі імя Ежы Гедройца. Журы адзначыла раман «за фантасмагарычнае адлюстраванне зрухаў у беларускім грамадстве». Каляда атрымала таксама спецыяльны прыз партнёра прэміі Audiobooks.by.
У 2026 годзе выйшла аўдыяверсія рамана ў выкананні Валянціны Малінінай. Аўдыякнігу працягласцю 6 гадзін 24 хвіліны выдалі Audiobooks.by і «Пфляўмбаўм».
Публікацыі і рэцэпцыя ў Польшчы Польская рэцэпцыя творчасці Каляды пачалася неўзабаве пасля выхаду яе першай кнігі. У 2005 і 2006 гадах кракаўскі часопіс Ha!art апублікаваў фрагменты аповесці «Invicta, альбо Галоўная памылка Афанасія» ў перакладзе Катажыны Катыньскай пад назвай Invicta albo Podstawowy błąd Afanasija: у № 22 за 2005 год — на старонках 36—38, у № 23 за 2006 год — на старонках 15—18.
У 2006 годзе Каляда стала стыпендыяткай міжнароднай рэзідэнцкай праграмы Homines Urbani для пісьменнікаў і перакладчыкаў у Кракаве, арганізаванай Вілай Дэцыюша.
У 2007 годзе ў кракаўскім выдавецтве Korporacja Ha!art выйшла польская версія кнігі пад назвай Traktor albo błąd w sztuce ў перакладзе Катажыны Катыньскай. У часопісе Polityka Марта Цубер у рэцэнзіі «Zemsta kobiet» называла кнігу сучаснай жаночай прозай, адзначала іранічнае пераасэнсаванне жаночых стэрэатыпаў і супастаўляла яе з творамі Аксаны Забужкі і Наталкі Сняданка.
Рэцэнзіі на Traktor albo błąd w sztuce выйшлі таксама ў польскіх літаратурных часопісах Lampa і Kresy: Станіслаў Лубеньскі апублікаваў у Lampa артыкул «Białoruś żyje!», а Гжэгаж Высоцкі ў Kresy — рэцэнзію «Jak Łukaszenka zakazał swoim pisarzom tworzenia wartościowej prozy».
У 2008 годзе Каляда ўдзельнічала ў IV Кракаўскіх днях літаратуры, прысвечаных дзесяцігодздзю літаратурных стыпендый Вілы Дэцыюша. Яна была сярод удзельнікаў шматмоўных літаратурных чытанняў Willa Babel — Willa Kraków.
Выбраная бібліяграфія
Асобныя выданні
Галоўная памылка Афанасія. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2005. — Серыя «Дэбют». — ISBN 985-02-0757-4.
Traktor albo błąd w sztuce / пераклад Катажыны Катыньскай. — Kraków: Korporacja Ha!art, 2007. — 119 с. — Seria Prozatorska. — ISBN 83-89911-58-2.
Перамена месцаў: раман. — Вільня: Пфляўмбаўм, 2024. — 187 с. — ISBN 978-609-8350-01-2.
Invicta, або Галоўная памылка Афанасія. — Кракаў: Gutenberg Publisher, 2025. — 103 с. — Серыя «Акно ў прозу». — ISBN 978-83-68016-48-2.
Творы ў зборніках і анталогіях
«Invicta, альбо Галоўная памылка Афанасія» // Формула каханьня: зборнік тэкстаў пераможцаў літаратурнага конкурсу маладых літаратараў, прысвечанага 700-годздзю Франчэска Петраркі / укладальнік і рэдактар Андрэй Хадановіч. — Мінск: І. П. Логвінаў, 2005. — С. 43—111.
«Малады спэцыяліст» // Дванаццаць актаў: зборнік беларускай прозы. — Kniharnia.by, 2017.
Вершы // Анталёгія паэтак. Выбранае Вальжынай Морт / укладальніца Вальжына Морт. — Вільня: Пфляўмбаўм, 2023. — 308 с. — ISBN 978-609-96371-0-5.
«Зацемкі на палёх непрамоўленага» // Іду да вас, людзі: анталёгія эсэ пра суседзяў / укладальніца Алена Казлова. — Вільня: Пфляўмбаўм, 2025. — С. 123—134. — ISBN 978-609-8350-15-9.
Прэміі і узнагароды
2004 — адна з пераможцаў конкурсу маладых літаратараў Беларускага ПЭН-цэнтра, прысвечанага 700-годздзю Франчэска Петраркі.
2025 — другое месца прэміі імя Ежы Гедройца за раман «Перамена месцаў» — «за фантасмагарычнае адлюстраванне зрухаў у беларускім грамадстве». Узнагарода ўключала творчую стыпендыю і месяц працы ў Доме пісьменніка на Готландзе.
2025 — спецыяльны прыз партнёра прэміі імя Ежы Гедройца Audiobooks.by за раман «Перамена месцаў»; паводле вынікаў чытацкага і слухацкага выбару кніга была абраная для прафесійнага аўдыявыдання.
Крыніцы
Спасылкі Архіў LiveJournal Югасі Каляды Югася Каляда ў Аўдыятэцы Беларускага ПЭНа Югася Каляда ў Facebook
Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі