Пра́ца — мэтазгодная свядомая дзейнасць чалавека, накіраваная на захаванне, відазмяненне і прыстасаванне асяроддзя пражывання для задавальнення ўласных патрэб праз вытворчасць тавараў і паслуг. У ходзе прыстасавання да знешняга асяроддзя людзі развіваюць і ўдасканальваюць прылады, сродкі і падзел працы. Пры абмене з прыродай людзі выкарыстоўваюць механічную, фізічную і хімічную якасці прадметаў і з'яў прыроды праз іх узаемаўплыў адзін на аднаго для дасягнення загадзя вызначанай мэты. Змест выяўляецца ў акрэсленасці працоўнага прызначэння, абумоўленага прыладай, тэхналогіяй, ладам вытворчасці і майстэрствам працаўніка. Адлюстроўвае спосаб спалучэння вытворцы са сродкамі вытворчасці, абумоўлены ўзроўнем развіцця вытворчых сіл.
Прызначэнне Вылучаюць тры прызначэнні працы: апасродкаванае: устанаўленне ўзаемасувязей між прадметамі прыроды праз саматужныя, рамесныя прылады і эмпірычнае пазнанне; упарадкавальнае: уплыў на ўзаемадзеянне між прыроднымі з'явамі і прадметамі праз машыны і прыродазнаўчыя веды; кіравальнае: кіраванне ўнутраным механізмам з'яў і прадметаў прыроды праз навукова-тэхнічны пераварот.
Законы Закон падзелу працы. Грамадскі лад спараджае спосабы і віды (цялесная і разумовая, прамысловая і сельскагаспадарчая, не- і кваліфікаваная, выканаўчая і кіраўніцкая) падзелу працы, што вынікаюць з узроўню развіцця вытворчых сіл і прыроды гаспадарчых дачыненняў. Грамадства падзяляецца паводле занятасці пэўнымі відамі працы. Дачыненні між грамадскімі групамі залежаць ад іх становішча і пашаны працы. Закон перамены працы. Замена вытворчасці вымагае гнуткіх, шматбакова развітых працаўнікоў, здольных да навучання і перанавучання ў ходзе змены вытворчых дзеянняў. Закон спаборніцтва. Спаборнасць прымушае капітал напружваць вытворчыя сілы.
Катэгорыя:Эканамічныя тэрміны Катэгорыя:Эканамічныя тэорыі Катэгорыя:Сацыяльная філасофія Катэгорыя:Фактары вытворчасці