Бутрус аль-Бустані () (1819, Дыбія, Ліван — 1883) — арабскі пісьменнік, асветнік, вучоны. Адзін з бачных дзеячаў арабскага адраджэння.

Біяграфія Вучыўся ў мараніцкай духоўнай семінарыі ў Айн-Варке. Каля 1840 года зблізіўся з амерыканскімі місіянерамі ў Бейруце і прыняў пратэстанцтва.

У 1840-х гадах арганізаваў «Сірыйскае навуковае таварыства», выступаў з заклікамі да прагрэсу, рэформы ладу жыцця, у тым ліку ўпершыню сярод арабаў высунуў лозунг вызвалення жанчыны.

У 1863 годзе адкрыў першую арабскую нацыянальную школу «Аль-Мадраса аль-ватанія» («Айчыннае вучылішча») для хлопчыкаў. У 1870 годзе заснаваў у Бейруце газету «Аль-Джана» («Сад»), пазней — газету «Аль-Джунейна» («Садок») і часопіс «Аль-Джынан» («Садоўнік»; «аль-бустані» — сінонім «аль-джынан»). Аб'яднаў вакол гэтых друкаваных органаў групу прагрэсіўных арабскіх журналістаў і пісьменнікаў.

Аўтар шматлікіх твораў, сабраных у 5-ці зборніках і выдадзеных у 1910 годзе. Галоўны аўтар і выдавец энцыклапедыі «Даірат аль-маарыф» («Круг ведаў», тамы 1-6, 1876—1883, выданне завершана Сулейманам Бустані). Склаў тлумачальны слоўнік арабскай мовы «Мухіт аль-мухіт» («Акіян акіянаў», у 2-х тамах, 1867—1870).

Літаратура Brockelmann С. Geschichte der arabischen Literatur. — Bd 2. — Leipzig, 1949. Крачковский И. Ю. Избр. соч. — Т. III. — М.—Л., 1956.

Катэгорыя:Пісьменнікі XIX стагоддзя