Язэп (Юзаф) Казіміравіч Гайле́віч (, Дразды, Дзісенскі павет, Віленскай губерні — , Бальбінава, Краслаўскі раён, ЛатССР) — рымска-каталіцкі святар, грамадскі і культурны дзеяч, педагог, прыхільнік беларусізацыі Каталіцкай царквы, дзеяч беларускага руху ў Латвіі.
Біяграфія Нарадзіўся ў невялікай вёсцы Дразды Друйскай воласці ў вялікай сям’і. Вучыўся ў Мёрах. На службу ўсёй сям’ёй хадзілі ў мясцовы касцёл у Ідолце, на фэсты ездзілі ў Друю.
Пад уплывам знаёмых святароў у 1913 годзе паступіў у Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю ў Пецярбургу. З прычыны падзей 1917—1918 гадоў у Расіі вымушаны працягваць вучобу ў Мінскай духоўнай каталіцкай семінарыі. 29 лютага 1920 года пасвечаны ў святары. У 1920—1921 гадах вікарый у Друі Браслаўскага павета. У 1921—1934 гадах адміністратар у Бальбінаве Дзісенскага павета. У 1934—1935 гадах вікарый у касцёле Сэрца Ісуса ў Рэзэкнэ (Латвія). У 1935—1943 гадах вікарый у касцёле Дзевы Марыі ў Дзвінску (Даўгаўпілс, Латвія), адначасова выкладаў Закон Божы ў беларускіх школах. Прымаў удзел у культурным і грамадскім жыцці беларусаў Латвіі. Выступаў з казаннямі на беларускай мове. Праследаваўся латышскімі ўладамі, абвінавачваўся ў планах далучыць Латгалію да Польшчы. Падчас 2-й сусветнай вайны заставаўся на акупаванай тэрыторыі, служыў у адноўленым вернікамі касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў Росіцы, цяпер Верхнядзвінскі раён Віцебскай вобласці. З 1943 года зноў у Бальбінаве.
Арыштаваны органамі МДБ 10 верасня 1949 года. Абвінавачваўся ў «правядзенні антысавецкай агітацыі». Асуджаны 8 красавіка 1950 года да 10 гадоў ППЛ. Этапаваны 4 чэрвеня 1950 года ў Мінеральны лагер у Комі АССР. 5 студзеня 1956 года пераведзены ў Дубраўны лагер у Мардоўскай АССР. Вызвалены 22.6 (ці 24.10) 1956 года. Служыў у касцёле ў Рундаку (Латвія). З 1959 года зноў у Бальбінаве, потым у касцёле ў Індры (Латвія).
Памёр 18.10.1971 года. Пахаваны ў Бальбінаве.
Крыніцы
Літаратура Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Уклад. Ю. Гарбінскі. — Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3 Календарыюм // «Czasopis» № 10/2006
Катэгорыя:Постаці беларускага каталіцтва Катэгорыя:Постаці латвійскага каталіцтва Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Постаці Даўгаўпілса Катэгорыя:Вязні Дубраўлага Катэгорыя:Нарадзіліся ў Мёрскім раёне