Алесь Бажко, поўнае імя Аляксандр Цімафеевіч Бажко (, в. Даўгінава,  — , Мінск) — беларускі пісьменнік і паэт, агент савецкіх спецслужб. Заслужаны работнік культуры БССР (1977).

Біяграфія Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1936—1938 гадах вучыўся ў музычным інстытуце імя С. Манюшкі ў Навагрудку, у 1938—1939 гадах — у Варшаўскай кансерваторыі. Але вучоба была спынена з-за пачатку Другой сусветнай вайны. Працаваў дырэктарам мірскага раённага дома культуры (1940).

У 1940 годзе прызваны ў Чырвоную Армію. Пасля ранення пад Ельняй (1942) працаваў на абаронным будаўніцтве. Удзельнічаў у стварэнні першых фарміраванняў Войска Польскага на тэрыторыі СССР як генеральны інструктар прапаганды Валагодскага акружнога ўпраўлення Саюза польскіх патрыётаў. З чэрвеня 1945 года — інструктар Баранавіцкага абкама камсамола, 1-ы сакратар Дзятлаўскага райкама камсамола.

Са снежня 1945 года на журналісцкай рабоце — літаратурны супрацоўнік баранавіцкай абласной газеты «Чырвоная змена», на абласным радыё, у рэдакцыях рэспубліканскіх газет «Савецкі селянін», «Чырвоная змена», у маладзечанскай абласной газеце «Сталінскі шлях». У 1947 годзе далучаецца да нелегальнай падпольнай арганізацыі Саюз вызвалення Беларусі, неўзабаве арганізацыю выкрылі савецкія спецслужбы.http://jivebelarus.net/history/new-history/freedom-belarus-union.html Кароткі нарыс гісторыі Саюзу Вызваленьня Беларусі Актыўны сябра арганізацыі Алесь Бажко не быў арыштаваны і асуджаны, пазней выступаў як публіцыст-барацьбіт з нацыяналізмам. Супрацоўніцтва Бажко з савецкімі спецыяльнымі службамі пацвярджаў былы выкладчык Гродзенскага педінстытута Браніслаў Ржэўскі — КДБ падаслала Бажко да Ржэўскага, выкліканага ў Мінск быццам для ўдакладнення праграмы па беларускай літаратуры, тры дні Бажко круціўся вакол, потым змест іх размоў прыгаданы на допытах Ржэўскага супрацоўнікамі КДБ у 1957 годзе.https://novychas.by/poviaz/duch_jaho_nie_zlamali_z_uspami Новы Час. Дух яго не зламалі. З успамінаў Міколы Канаша

Скончыў завочна Літаратурны інстытут у Маскве ў 1955 годзе. З 1956 — карэспандэнт, загадчык аддзела лістоў газеты «Літаратура і мастацтва». З 1959 — намеснік рэдактара газеты «Голас Радзімы», з 1962 — загадчык рэдакцыі мастацкай літаратуры выдавецтва «Беларусь», з 1970 — намеснік галоўнага рэдактара газеты «Літаратура і мастацтва». У 1973—1977 працаваў дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы, у 1977—1978 — галоўны рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі і намеснік начальніка Упраўлення па справах мастацтваў Міністэрства культуры БССР. З 1979 года персанальны пенсіянер саюзнага значэння.

Член Саюза пісьменнікаў СССР і Беларусі з 1957 года.

Памёр 17 красавіка 2013 года ў Мінску. Пахаваны ў Мінску (?) (Паўночныя-1, 19, 4).

Творчасць Дэбютаваў у друку нарысамі і нататкамі ў 1945. Першыя вершы апублікаваў у 1947. Аўтар аповесцяў «Перад вераснем» (1959), «Позняе ворыва» (1963), «Лясныя крушні» (1981), «Жывыя прывіды» (1986), зборніка нарысаў і памфлетаў «Татальнае банкруцтва» (1973), кнігі аповесцей «Перад вераснем. Позняе ворыва» (1979). Выйшлі паэмы Бажко «Карвіга пакідае хутар» (1961), «Татры» (1964), «Паэмы» (1968), зборнікі вершаў «Блакітныя вербы» (1973), «Суладдзе» (1975), «Каласы і скалы: Выбранае» (1978). У 1987 выйшлі Выбраныя творы (паэмы і вершы). Перакладаў з польскай і славацкай моў.

Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 61) і Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (фонд 311, вопіс 5).

Узнагароды Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі. Заслужаны работнік культуры БССР (1977).

Гл. таксама Самсон Пярловіч

Літаратура

Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі са славацкай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі з польскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову Катэгорыя:Члены арганізацыі «Чайка» Катэгорыя:Персанальныя пенсіянеры саюзнага значэння