Анатоль Бароўскі (нар. 12 мая 1942, Крушнікі, Мазырскі раён, Гомельская вобласць) — беларускі пісьменнік.

Жыццяпіс Нарадзіўся ў сям’і настаўніка.

Пасля сканчэння Асавецкай сярэдняй школы Мазырскага раёна (1960) працаваў у калгасе, затым на заводзе жалезабетонных вырабаў у Мазыры, настаўнікам пачатковых класаў у вёсцы Турбінка Мазырскага раёна.

У 1961—1962 гадах студэнт Мазырскага педагагічнага інстытута, які скончыў завочна ў 1967 годзе.

У 1962—1964, 1968—1970 гадах служыў у Савецкай арміі.

Працаваў у Мазырскай раённай газеце «Камуніст Палесся», адказным сакратаром гарадскога таварыства «Веды», інструктарам гаркама партыі, намеснікам дырэктара Мазырскага вучылішча геалогіі.

З 1975 года — уласны карэспандэнт газеты «Чырвоная змена» па Гомельскай і Брэсцкай абласцях. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1990 года.

Творчасць Друкуецца з 1963 года. Аўтар кніг прозы «Каліна пад акном» (1987), «Азірніся ў каханні» (1994), «Чорны бусел — белы цень» (1997), «Пякельны рай» (2002), «Искушение» (2007), «Будуем заўтрашні дзень» (2008), «Раманы. Аповесці. Апавяданні» (двухтомнік, 2012), «Мы — Юницкие» (2010), «Юницкого небесные дороги» (2014), «К небесам — через тернии» (2018), «Струнный триумф Юницкого» (2020), «Воляй абраны» (2015), «Кузня» (2018), «Мікола Пушкар — вязень, мастак, перасмешнік» (2020), «Пацалунак Юніты» (2021) і кнігі вершаў «Заручуся з бліскавіцай» (2007).

Грамадская дзейнасць Больш за пятнаццаць гадоў узначальваў Гомельскую абласную арганізацыю Таварыства беларускай мовы. Старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Узнагароды Лаўрэат літаратурнай прэміі «Воін Святла» за раман «Воляй абраны» пра каханне кіраўніка паўстання 1863—1864 гадоў Вінцэнта Канстанціна Каліноўскага і яго нарачонай Марыі Ямант.

Спасылкі Бароўскі Анатоль. Біяграфія.

Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі