Ян Караль Хадкевіч ( — Анатоль Грыцкевіч. Ян Караль Хадкевіч . Гісторыя Беларусі, асобы., Хоцін) — вайсковы і дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Адміністратар Інфлянтаў (1603—1621), Гетман вялікі літоўскі (1605), ваявода віленскі (1616). Прадстаўнік старажытнага магнацкага роду Хадкевічаў, што паходзіў ад гарадзенскіх баяраў XV ст. Належаў да найстарэйшай, быхаўскай, галіны роду і ад бацькі атрымаў у спадчыну тытул графа «на Шклове, Мышы і Быхаве».
Адзін з самых таленавітых вялікалітоўскіх палкаводцаў 17 ст. Прадстаўнік старажытнага магнацкага роду Беларусі і Літвы, што паходзіў ад праваслаўскіх баяраў, якія мелі пасады і маёмасць на Гарадзеншчыне, Віленшчыне, Паляшшы, Кіеўшчыне і ў Падняпроўі Ян Караль Хадкевіч належаў да старэйшай, быхаўскай, галіны роду і ад бацькі атрымаў у спадчыну тытул графа на Шклове, Мышы і Быхаве. Вучыўся ў Віленскай і Інгальштацкай (Германія) акадэміях. Ездзіў да Мальційскіх рыцараў вучыцца сучаснаму ваеннаму мастацтву.
Падчашы літоўскі (1596—1599), генеральны стараста жамойцкі (1599—1616), адначасова гетман польны (1601—1605), адміністратар Інфлянтаў з 1603 да смерці, вялікі гетман літоўскі з 1605, ваявода віленскі з 1616; стараста дэрпцкі, вяленскі, любашанскі і інш.
У 1596 удзельнічаў у падаўленні паўстання Налівайкі (1595—1596). У вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй (1600—1629) вызначыўся ў бітве пад Кокенгаўзенам (1601), Дэрптам (1603), Белым Каменем (1604) і асабліва ў бітве пад Кірхгольмам (1605), дзе перамог з меншымі сіламі у трохкроць большага ворага. Спачатку быў праціўнікам вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй (1609—1618), пасля камандваў войскам у паходах 1611 года на Маскву, прывозіў у 1611—1612 гадах харчаванне і боепрыпасы для гарнізона ў Крамлі. У жніўні-верасні 1612 года штурмаваў Маскву, але не прабіўся на дапамогу гарнізону. У 1613—1615 абараняў Смаленскае ваяводства ад расійскіх войскаў. У 1617—1618 гадах узначаліў войска, якое пайшло з каралевічам Уладзіславам (фармальна маскоўскім царом з 1610 года) здабываць маскоўскі сталец. Разам з украінскім казацкім войскам гетмана П. Канашэвіча-Сагайдачнага заняў Тушына. У 1621 годзе ўзначаліў беларуска-літоўскае, польскае і казацкае войска, супраць туркаў і крымскіх татар, пад канец пераможнай Хоцінскай бітвы памёр.
Доўгі час сакратаром у Я. К. Хадкевіча служыў Шыман Старавольскі.
Продкі Хадкевіча
У сям’і Хадкевічаў была традыцыя актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці Вялікага княства Літоўскага. З сярэдзіны 16 ст. яны ўжо складалі сур’езную канкурэнцыю пры двары Радзівілам і іншым магнацкім дамам. Яго бацька, Ян Геранімавіч Хадкевіч (1537—1579), быў кашталянам віленскім (сенатарам) і адміністратарам Інфлянтаў (1566—1578) таму ад Жыгімонта Аўгуста ен атрымаў ў герб белага грыфона — сімвал Інфлянтаў. Ён жа ў 1568 годзе атрымаў ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Фердынанда тытул графа з назвамі галоўных гарадоў і маёнткаў, якія яму належалі. Дзед — Геранім Хадкевіч (1500—1561), быў кашталянам віленскім і ўваходзіў у склад паноў рады Вялікага княства Літоўскага. А брат дзеда, Рыгор Аляксандравіч Хадкевіч, які памёр у 1572 г., быў кашталянам віленскім і гетманам вялікім літоўскім. Гэтыя традыцыі роду, багатыя латыфундыі, галоўным чынам на Беларусі, і сваяцкія сувязі з магнацкімі сем’ямі ВКЛ і Польскага каралеўства давалі магчымасць здольнаму і амбіцыйнаму чалавеку рабіць сваю кар’еру.
Ян Караль Хадкевіч быў сынам Яна Геранімавіча Хадкевіча, у той час яшчэ стольніка літоўскага, і Крысціны Збароўскай, дачкі польскага магната Марціна Збароўскага, ваяводы пазнаньскага, а потым кашталяна кракаўскага. Адзін з братоў маткі, Ян Збароўскі, быў гетманам надворным у Польшчы; іншыя яе браты займалі пасады каронных ваявод і кашталянаў.
Дзяцінства і юнацтва
Дзяцінства Яна Караля праходзіла ў гады Лівонскай вайны. Ён быў сведкам ваенных дзеянняў у Беларусі і Прыбалтыцы і вельмі цікавіўся вайсковай справай. Калі хлопчыку было некалькі гадоў, бацька ўзяў яго ў паход супраць маскоўскіх войскаў Івана Грознага, што ўварваліся ў Беларусь. Беларуска-літоўскім войскам камандавалі гетманы вялікі Мікалай Радзівіл і польны Рыгор Хадкевіч, дзядзька яго бацькі. Асобным атрадам камандаваў і сам Ян Хадкевіч, які раней удзельнічаў у бітве над Улай у 1564 годзе. Такім чынам, 8-гадовы хлопчык пабачыў, як жаўнеры ездзяць падчас паходу, як становяцца на месцы лагерам і, галоўнае, як удзельнічаюць у баях.
Пасля папярэдняй дамашняй адукацыі ў 1573 годзе Ян Караль разам са сваім старэйшым братам Аляксандрам (каля 1560—1626), які потым стаў ваяводам троцкім, пачаў вучобу ў Віленскім езуіцкім калегіуме, а потым і ў Віленскай акадэміі. Калі кароль Стэфан Баторый у сакавіку 1579 годзе праязджаў праз Вільню з войскам, каб здабыць Полацк, ад імя студэнтаў акадэміі яго вітаў малады Ян Караль Хадкевіч урачыстай прамовай. Ён вылучаўся сваёй здольнасцю да навукі і ўжо тады вылучаўся моцным характарам, хаця і без перашкоды ўстанаўліваў кантакты з людзьмі. Пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну не толькі маёнткі, але і тытул графа на Шклове, Мышы і Быхаве.
У 1586—1589 гадах малады Ян Караль Хадкевіч разам з братам вучыўся ў езуіцкай акадэміі ў Інгальштаце (Баварыя), дзе вывучаў філасофію і права. У верасні 1589 года яны атрымалі пасведчанні пра паспяховае заканчэнне курса вучобы. Брат стаў доктарам права. Потым браты паехалі ў Італію, у Падую. Аляксандр Хадкевіч застаўся ў Італіі, а Ян Караль наведаў Мальту, дзе ў мальтыйскіх рыцараў азнаёміўся з дзеяннямі артылерыі, з агнястрэльнай зброяй, фартыфікацыяй і правіламі аблогі крэпасцей. За мяжой Ян Караль Хадкевіч, апрача акадэмічнага курса, шмат увагі прысвячаў вайсковым ведам і тэорыі вайсковай справы.
Дзейнасць
Пачатак кар’еры Пасля вяртання на радзіму ў 1590 годзе Хадкевіч пачаў вайсковую службу. Ужо ў 1595 годзе Хадкевіч камандаваў уласнай ротай з 50 коннікаў, а потым камандаваў ротай у 100 коннікаў на Украіне.
Паўстанне Налівайкі
У канцы 1594 года на Украіне падняліся казакі на чале з Севярынам Налівайкам, парабаваўшы на Валыні шляхту, рушылі на Палессе. Заняўшы Петрыкавічы, казакі заказалі «подарки собе давать». Калі ж з суседняга Слуцка не прыслалі адкупнога, дык сваявольная шайка ў дзве тысячы ліхадзеяў 6 лістапада штурмам здабыла слуцкі замак. У няволю трапіла з двума дзецьмі і сваячніца Хадкевіча, жонка ягонага стрыечнага дзядзькі Гераніма. Нарэшце на чале 600 вершнікаў да горада падышоў Мікалай Буйвід. Але з-за звычайнага ўжо свавольства шляхты военачальнік нічога годнага не дабіўся. Казакі заселі ў абкружаным вазамі табары і адтуль адстрэльваліся з гармат і пулгакаў (мушкетаў). Шляхта адступіла.
Нарэшце ў Капыль сабралася тры тысячы шляхціцаў, якія гатовыя былі зброяй паслужыць Бацькаўшчыне. Да іх далучыўся са сваім почтам і Ян Кароль Хадкевіч. Па дарозе ён наведаў у Станькаве Крыштофа Радзівіла. Вялікі гетман даручыў начальстваваць над аддзелам Хадкевічу.
Польскае 17-тысячнае войска было разбіта мяцежнікамі каля Белай Царквы. Аднак Налівайка не скарыстаўся перамогай і заняўся рабаваннем паноў і шляхты. А да Станіслава Жулкеўскага, падаспелі з новымі сіламі камянецкі староста Патоцкі і Хадкевіч. Налівайка ўпусціў свой шанц. Два тыдні, засеўшы ў табары каля Лубнаў, адбіваліся мяцежнікі ад урадавага войска. Па адных звестках, яны пацярпелі паражэнне. Але па другіх — Налівайка паверыў Жалкеўскаму, які ад імя караля абяцаў дараванне мяцежнікам, калі яны складуць зброю. Налівайка заключыў з Жалкеўскім перамір’е і адправіўся ў Варшаву для падпісання поўнага міру, дзе яго схапілі і пакаралі смерцю. У першай бітве пад Каневам, які быў узяты 14 красавіка 1596 г., Я. К. Хадкевіч выявіў свой вайсковы талент. Вызначыўся ён і падчас аблогі казацкага табара пад Лубнамі (25 мая-7 чэрвеня 1596 г.). За свае вайсковыя заслугі Ян Караль Хадкевіч атрымаў пасаду падчашага літоўскага, а праз тры гады, у 1599 г., яму было нададзена Жамойцкае староства, што раўнялася ваяводскай пасадзе, і ён увайшоў, такім чынам, у склад сената Рэчы Паспалітай.
Род Хадкевічаў начале з Геранімам Хадкевічам узяў апеку над сваячкай Софяй Алелькавіч пасля смерці яе бацькоў. Род князёў Слуцкіхі быў вельмі заможным, Гедымінавічамі і меў родавае месца у сенаце ВКЛ. Біржанскія Радзівілы заключылі кантракт і атрымалі гарантыі ад Хадкевічаў, што Соф’я выйдзе за Януша Радзівіла, але калі прыйшоў час выконываць абяцанае — апекуны перадумалі. Як адзін з аргументаў прыводзілася, што Софя — каталічка, а біржанскія Радзівілы- кальвіністы. Суды скончыліся нічым, зімой 1599—1600 г. бакі пачалі сцягваць войска ў Вільню. Я. К. Хадкевіч быў актыўным удзельнікам спрэчкі з Хадкевічаў з Радзівіламі за спадчыну, рыхтаваў палац Хадкевічаў у Вільні да абароны. У канфлікт умяшаўся кароль і сенатары абодвух частак Рэчы Паспалітай і выказаліся на баку Радзівілаў — Хадкевічы саступілі, хатняя вайна ў ВКЛ не пачалася, аднак старое напружанне паміж родамі толькі ўзмацнілася.
Паход у Малдову Летам 1600 года Ян Караль Хадкевіч разам з братам Аляксандрам на чале ўласнай коннай роты ўдзельнічаў у паходзе гетмана вялікага кароннага Яна Замойскага ў Малдову, якую заняў гаспадар Валахіі Міхай Харобры (Вітязул), каб аб’яднаць Дунайскія княствы. Рэч Паспалітая намагалася захаваць палітычную залежнасць ад яе Малдовы і ўстанавіць там уладу залежнага ад яе гаспадара. Бітва войска Яна Замойскага з арміяй Міхая Харобрага адбылася ў ваколіцах Плаешці 20 кастрычніка 1600 г. і закончылася перамогай Замойскага. Хадкевічы былі ў перадавым атрадзе добраахвотнікаў, якія ўдарылі па сілах гаспадара Міхая і зрабілі ўнёсак у перамогу. Гетман Ян Замойскі сярод лепшых воінаў вылучаў Яна Караля Хадкевіча. У выніку перамогі ў Валахіі ў кастрычніку 1600 г. быў пасаджаны на трон стаўленнік Рэчы Паспалітай Сымон Магіла з малдаўскага баярскага роду.
Вайна ў Інфлянтах 1600—1606 г.
Пасля вяртання з вайны, трэба было выпраўляцца на вайну ў Інфлянты супраць шведаў пад камадаванне К. Радзівіла «Пяруна» і да свежай спрэчкі дадаліся рэлігійныя матывы. Шэраг ротмістраў-католікаў адмовілася падначальвацца гетману — кальвіністу і з’ехалі з яго табара. Карыстаючыся гэтым у красавіку 1601 года Жыгімонт Ваза прызначыў яго «палкоўнікам войска паноў католікаў ў Інфлянтах» (т.б. кіраўніком часткі экспедыцыйных сіл, а не палявым гетманам ВКЛ), што дало яму камандаванне часткай войскам, якое дзейнічала ў Інфлянтах, але толькі падчас адсутнасці вялікага гетмана Крыштафа «Пяруна» Радзівіла, з якім Хадкевіч канфліктаваў і ў міжродавай і ў кампетэнтнаснай сферы. У летам 1601 годзе камандаваў часткай сіл ў пераможнай бітве са шведскім войскам пры Кокенхаўзене, але з-за канфлікта з гетманам дапусціў да забойства і абрабавання часткі капітуляваўшых шведаў з варожай абложнай арміі. Восенню ў Інфлянты прыйшла маса кароннага войска з запарожскімі казакамі.
У кастрычніку 1602 года ўжо Я. Замойскі з’ехаў з большасццю кароннага войска ў Польшчу, Г. Фарэнсбах загінуў, а К. Радзівіл увайшоў у жорсткі канфлікт з каралём і Я. К. Хадкевіч заняў пост кіраўніка наяўнага у Інфлянтах войска. ён адваяваў у шведаў Дэрпт (9-13 красавіка 1603 года) і абараніў Рыгу. 6 жніўня 1603 года Жыгімонт Ваза афіцыйна выдаў універсал, у якім абвясціў аб перадачы яму камандавання ў Інфлянтах і ен стаў не толькі кіраўніком «літвінаў», «палякаў» і «літвінаў» у Інфлянцкім войску Рэчы Паспалітай, але таксама кіраўніком мясцовай адміністрацыі — адміністратарам (губернатарам) Інфлянтаў. 23 верасня 1604 года ён выйграў бітву пад Белым Каменем, дзе, камандуючы падраздзяленнем з 2300 чалавек, разбіў 6000 шведскае войска. Шведскі бок панёс страты ў 3000 чалавек, а яго ўласныя страты склалі 150 ваяроў.