Ігнат Мікалаевіч Даніловіч () — гісторык права і археограф. Адзін з першых даследчыкаў летапісных і заканадаўчых помнікаў ВКЛ. Прафесар (1822 г.).
Біяграфія З сям’і беларускага ўніяцкага святара. Скончыў Віленскі ўніверсітэт (1812), дзе ў 1814—1824 гадах выкладаў права. Пасля раскрыцця таварыства філаматаў звольнены з працы, пакінуў Вільню, бо яму забаронена жыць на тэрыторыі беларуска-літоўскіх губерняў. У 1825—1829 гадах прафесар Харкаўскага ўніверсітэта, у 1830—1835 гадах працаваў Санкт-Пецярбургу ў камісіі М. М. Спяранскага па падрыхтоўцы збору мясцовых законаў для заходніх губерняў. У 1835—1842 гадах выкладаў права ў Кіеўскім Імператарскім універсітэце св. Уладзіміра і Маскоўскім універсітэтах.
Навуковая дзейнасць Як вучоны і грамадзянін сфарміраваўся ў часы вучобы і працы ў Віленскім універсітэце ў вольналюбівым патрыятычным асяроддзі, у якім панавала глыбокая павага і цікавасць да мінуўшчыны краю. Займаўся зборам, вывучэннем і публікацыяй пісьмовых крыніц па гісторыі беларуска-літоўскіх губерняў. Упершыню апісаў усе рукапісныя і друкаваныя экзэмпляры Статута ВКЛ, падрыхтаваў першае навуковае выданне Статута ВКЛ 1529 (у 1841 г. апублікаваны А. Т. Дзялынскім у «Зборы літоўскіх законаў ад 1389 да 1529»). У працы «Гістарычны агляд літоўскага заканадаўства» (1837) даў характарыстыку гістарычнага развіцця права ў беларуска-літоўскіх губернях, першы спрабаваў высветліць яго крыніцы і сувязь са старажытнарускім і заходнееўрапейскім заканадаўствам, сцвярджаў пра самабытнасць права ВКЛ. Упершыню апублікаваў беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. паводле рукапісу 1519 г., які ў 1822 г. разам з М. К. Баброўскім выявіў у бібліятэцы Супрасльскага манастыра; перавыдадзены асобна пад назвай «Летапісец Літвы і руская хроніка»Daniłowicz I. Latopisiec Litwy i kronika ruska : z rękopisu sławiańskiego przepisane. — Wilno, 1827. (1827), Працы Даніловіча «Пра літоўскія летапісы» (1840)Данилович И. О литовских летописях. — Санкт-Петербург, 1840. і «Паведамленне пра сапраўдных літоўскіх летапісцаў» (1841) далі пачатак навуковым даследаванням беларуска-літоўскага летапісання. Сваімі публікацыямі канчаткова развеяў сумненні асобных вучоных пра існаванне ў ВКЛ летапісання і даказаў, што беларусы і літоўцы ўжо ў XV ст. мелі сваіх гісторыкаў. Разам з М. А. Абаленскім падрыхтаваў і выдаў «Кнігу пасольскую метрыкі Вялікага княства Літоўскага» (Т. 1, 1843). У «Скарбніцы грамат» (Т. 1 — 2, 1860—1862, выдадзены Я.Тышкевічам у Вільні) апісаў, пераказаў змест і часткова апублікаваў каля 2500 розных пісьмовых крыніц па гісторыі Беларусі і Літвы ад выпісак з Герадота да актаў 1569 года. Марыў пра адраджэнне літоўска-беларускай дзяржавы і мовы Статутаў ВКЛ.
Літаратура Маракоў, Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991: Энц. даведнік: У 10 т. Т.1. — Мн:, 2003. — ISBN 985-6374-04-9. Улащик, Н. Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания / Н. Н. Улащик. — М.: Наука, 1985. Улащик, Н. Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода / Н. Н. Улащик. — М.: Наука, 1973. Чамярыцкі, В. Даніловіч Ігнат Мікалаевіч // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя: У 2 т. Т. 1. Абаленскі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: БелЭн, 2007. — 688 с.: іл. — С. 576. — ISBN 985-11-0041-2.
Церашковіч, П. Падляшане, якія разбудзілі беларусаў // Наша гісторыя, № 3, 2018, с. 44—47. — ISBN 2617—2305.
Спасылкі
Катэгорыя:Гісторыкі Расійскай імперыі