Гарадзішча-2 — помнік археалогіі, гарадзішча на паўднёва-заходняй ускраіне гарадскога пасёлка Свір Мядзельскага раёна Мінскай вобласці, на беразе возера Свір.

Гарадзішча-2 на паўднёва-заходняй ускраіне пасёлка, злева ад дарогі на Смаргонь, ва ўрочышчы Гарадок. Займае мыс прыроднага ўзвышша, якое ўразаецца ў возера Свір. Адносіцца да перыяду ранняга жалезнага веку (VI стагоддзе да н.э. — VII стагоддзе н.э.). З заходняга боку ўмацавана валам вышынёй 1—1,5 м і ровам шырынёй да 8—10 м. Пляцоўка з паўднёвага боку пашкоджана кар’ерам. Культурны пласт 0,4—0,6 м. У 1980 годзе выявіў Міхаіл Чарняўскі, у 1985 годзе абследаваў Яраслаў Звяруга. Знойдзена штрыхаваная і гладка-сценная кераміка. Раскопкі не праводзіліся.

Літаратура

Зверуго Я. Г. Верхнее Понеманье в IX—XIII вв. Минск, 1989; Зверуго Я. Г. Исследования Верхнёнеманского отряда // АО 1976. Минск, 1977.

Катэгорыя:Свір (гарадскі пасёлак) Катэгорыя:Гарадзішчы Мядзельскага раёна Катэгорыя:Жалезны век на Беларусі