Дзень вышыванкі ў Беларусі — свята беларускай вышыванкі, якое прайшло эвалюцыю ад грамадскай ініцыятывы да прызнання на дзяржаўным узроўні, дало старт папулярызацыі традыцыйных сімвалаў, мовы і культуры Беларусі і займела міжнародны розгалас. Дзясяткі буйных беларускіх кампаній пачалі выкарыстоўваць нацыянальныя матывы на сваёй прадукцыі і ў рэкламе, а Дзень вышыванкі пачалі адзначаць не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах.
Гісторыя 5 кастрычніка 2014 у Мінску адбыўся першы «Дзень вышыванкі» ў фармаце фэсту беларускай культуры. Гэта была ініцыятыва Symbal.by і «Арт Сядзібы», канцэпцыю і фармат якой распрацаваў грамадскі актывіст і культурны менеджар Мікіта Броўка. Удзел прынялі 15 майстроў, якія працуюць у розных кірунках — ад класічнай вышыўкі да лічбавай расфарбоўкі тканіны. Цягам 7 гадзін прастору «ДК» на вуліцы Талбухіна наведалі каля 1500 чалавек.
13 снежня 2014 года ў Палацы мастацтва адбыўся другі Дзень вышыванкі. На ім працавала выстаўка традыцыйных і сучасных вышыванак, адзення і сувеніраў ад папулярных моладзевых брэндаў, разнастайных вырабаў рамеснікаў і майстроў. У канферэнц-зале праходзілі майстар-класы, конкурсы, прэзентацыі ды музычныя выступы беларускіх гуртоў. Падзея сабрала ў адным месцы некалькі дзясяткаў вытворцаў беларускіх вырабаў, мастакоў і музыкаў.
Наступны Дзень вышыванкі зладзіла 22 снежня 2014 года культурная пляцоўка «Беларуская прастора» ў Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна пад дэвізам «Віншуем па-беларуску». Там выступілі беларускія музыкі Лявон Вольскі, Павел Аракелян, Зміцер Вайцюшкевіч, Генадзь Аўсяннікаў, Андрэй Хадановіч, Зміцер Бартосік, Серж Мінскевіч, Валярына Кустава, Леанід Дранько-Майсюк, Алёна Масла і іншыя.
18 студзень 2015 года Дзень вышыванкі адбыўся ў Бабруйску. Яго арганізавалі майстрыха народнага адзення Юлія Літвінава і архітэктар, дудар Зміцер Мурашка са Студэнцкага этнаграфічнага таварыства. Народныя майстры Наста і Вячаслаў Шпілеўскія, Васіль Падабед, Зінаіда Рынкова, Любоў Гарбар, Валянціна Нікіціна паказалі гледачам вырабы з металу, саломкі, паперы, нітак і тканіны. Музыка Пётра Клюёў прэзентаваў «вышымайкі» і іншыя сучасныя рэчы, зробленыя з нацыянальным каларытам.
У студзені 2015 года «Арт Сядзіба» запусціла школу для маладых, актыўных і творчых людзей ва ўзросце ад 16 да 26 гадоў, якія хочуць рабіць яскравыя арт-праекты і мяняць сваю краіну да лепшага, як «Дзень вышыванкі» ці «Беларускаястужка».
20 лютага 2015 года «Дзень вышыванкі і роднай мовы» правялі ў ліцэі БДУ.
6 чэрвеня 2015 года Дзень вышыванкі адбыўся ў Русінах пад Баранавічамі. У ім прынялі ўдзел каля сотні чалавек. Адбыліся выступы аб гісторыі вышыўкі, сімвалах, прайшла выстаўка ручнікоў і паказ фільму пра вышыванку, старых фотаздымкаў беларусаў у нацыянальных строях.
У студзені 2016 года Савет міністраў пастановай № 51 зацвердзіў план мерапрыемстваў, прымеркаваных да Году культуры, у які ўпершыню ў гісторыі Беларусі ўключылі «Дзень вышыванкі».
У чэрвені 2016 года афіцыйна стала вядома, што ў Беларусі «Дзень вышыванкі» будуць святкаваць на дзяржаўным узроўні штогод 2 ліпеня напярэдадні афіцыйнага свята Дня Незалежнасці. Арганізатарамі будуць БРСМ, Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам.
2 ліпеня 2016 года ў цэнтры Мінску ўпершыню афіцыйна адзначылі «Дзень вышыванкі». У праграме былі дэфіле «Пад сцягам з вышыванкай», раздача стужак з народным арнаментам, дэфіле ў касцюмах з вышыўкай і эстрадны канцэрт.
Пасля гэтага «Дзень вышыванкі» пачалі актыўна адзначаць у рэгіёнах.
25 чэрвеня 2017 года на запрашэнне міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея кіраўнікі дыпламатычных місій разам са сваімі сем’ямі прынялі ўдзел у свяце «Дзень беларускай вышыванкі».
10 верасня 2017 года ў Гродна прайшоў «Фэст вышыванкі» з выстаўкай-кірмашом, лекцыямі, выступамі дзеячаў культуры.
2 ліпеня 2018 года БРСМ разам з Міністэрствам культуры правялі чарговы «Дзень вышыванкі» — каля Палаца спорту працаваў фуд-корт «Беларуская карчма». Асноўнай часткай свята стаў паказ дызайнерскай вопраткі ў нацыянальным стылі. У вячэрняй праграме былі "Disco-folk «Вышыванка. BY».
3 ліпеня 2019 года «Дзень вышыванкі» адзначалі ў забаўляльным цэнтры «Сонечная даліна». Там арганізавалі салон беларускага арнаменту, рухомая пляцоўка, фотавыстава, канцэртная праграма і іншае.
2 ліпеня 2020 года перад Палацам спорту ў Мінску ізноў адзначалі «Дзень вышыванкі».
2 ліпеня 2022 года «Дзень вышыванкі» прайшоў у Віцебску, а таксама ў іншых беларускіх гарадах.
Рэакцыі Альгерд Бахарэвіч, беларускі пісьменнік і перакладчык: Здаецца, перадусім трыумф вышыванкі значыць, што ўсё было дарэмна. Мы прапалі. Вышываначная Беларусь зноў перамагла Беларусь еўрапейскую. Мы вярнуліся туды, дзе былі. Да Беларусі льняной, жытнёвай, баравой, а таксама баваўнянай, саматканай, паркалёвай, пладова-ягаднай і сінтэпонавай. Быць беларусамі без вышыванкі не атрымліваецца… Проста беларусам, без вышыванкі, быць нецікава. Беларускасць трэба насіць на сабе. І зашпільваць на ўсе гузікі.
Мар’яна Мікалаева, начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Беларусі: Вышыванка з’яўляецца «візітоўкай беларусаў і своеасаблівым сімвалам-абярэгам нацыі», яна стане агульнай мастацкай дамінантай шэрагу культурных мерапрыемстваў.
Юры Дракахруст, журналіст і палітычны аглядальнік:Многія, прызнаю, у тым ліку і я, выказвалі вялікія сумневы ў тым, што гэта кампанія надта пашырыцца за межы кола палітызаванай моладзі, для якой вышыванкі былі фактычна псеўданімам бел-чырвона-белага сцяга. Прызнаю — скептыкі памыляліся. Прынамсі, да пэўнай ступені. Паказнікам гэтага стала з’яўленьне ў вышыванках знакавых асоб — музыкаў, спартоўцаў, фотамадэляў, яны сталі з’яўляцца на календарах, у рэкламе. Але што вельмі важна — моду падхапіла, акцэптавала ўлада.
Дзмітрый Варанюк, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу: Дзень вышыванкі ўжо стаў традыцыяй суверэннай Беларусі. Апранаючы вышыванку, мы злучаем сябе з пакаленнямі нашых продкаў, якія марылі пра светлую, мірную і прыгожую Беларусь. Сёння яна ў нас ёсць. І задача сучаснай моладзі — усё гэта прымножыць.
Віталь Портнікаў, украінскі журналіст і публіцыст: У Беларусі ўпершыню на афіцыйным узроўні адзначылі Дзень вышыванкі — мабыць, першае свята, якое не выклікала ніякага антаганізму ў беларускім грамадстве, якое дазволіла апрануцца ў аднолькавую вопратку і адэптам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, і самым заўзятым апазіцыянерам.
Сяргей Шыпценка, журналіст ИА Regnum:«Вышыванкавая» апантанасць дзяржагітпрапа Беларусі, асабліва яскрава праяўленая падчас святкавання «Дня Незалежнасці» 2-3 ліпеня, з’яўляецца рэалізацыяй сцэнара, распрацаванага заходнімі куратарамі нацыяналістаў. Млявае шанаванне «вышываначнікаў» магло б і не адбыцца, калі б «дзяржаўныя ідэолагі» постсавецкай Беларусі дзейнічалі ў цвярозым розуме і цвёрдай памяці.
Уладзімір Макей, міністр замежных спраў Беларусі: Кожны з нас павінен узяць на сябе абавязанні хадзіць часцей у вышыванцы і гаварыць на роднай беларускай мове. Для мяне асабіста гэты дзень — цудоўная нагода зноў адчуць неразрыўную сувязь з нашымі продкамі — беларусамі, якія стагоддзямі жылі на гэтай зямлі і ў святочныя дні насілі традыцыйныя вышыванкі.
Васіль Чэрнік, намеснік міністра культуры Беларусі: З’яўленню Дня вышыванкі папярэднічала назапашванне ў грамадстве інфармацыі пра вытокі, ведаў у галіне народнай творчасці, нацыянальных рамёстваў… Сёння аўтэнтычнае ўспрымаецца як сучаснае, расце цікавасць моладзі да нацыянальных традыцый, адзначыў ён. Беларуская культура багатая, разнастайная. Дзень вышыванкі — мерапрыемства, якое добра ўпісаўся ў святкаванне Дня Незалежнасці.
Крыніцы
Катэгорыя:Беларуская культура Катэгорыя:2014 год у Мінску