Бенядзікт Беньямін Марыко́ні (памёр пасля 1794) — дзяржаўны дзеяч і ўраднік Вялікага Княства Літоўскага.
Біяграфія Паходзіў са шляхецкага роду Марыконі ўласнага герба італьянскага паходжання. Сын Марцыяна Марыконі, старасты вількамірскага і пісара скарбовага літоўскага і Аляксандры Ганны з Тызенгаўзаў. Брат Ігната Марыконі (памёр да 1823), старасты берасцейскага і вількамірскага.
Дзякуючы сваяцкім сувязям з Антоні Тызенгаўзам зрабіў значную палітычную кар’еру. З 1773 года — каралеўскі шамбялян, пасол на соймы 1773—1775, 1776, 1780, 1784 і 1786 гадоў. Быў абраны членам Пастаяннай Рады і Скарбовай камісіі Вялікага Княства Літоўскага, дзе служыў да 1792 года.
З 1777 года займаў пасады вялікага пісара літоўскага і старасты пінскага.
Падчас паўстання 1794 года падпісаў у Вільні акт паўстання (24 красавіка) і ўваходзіў у склад Найвышэйшай літоўскай рады (у дэпутацыі бяспекі). З 1 чэрвеня — член Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага Княства Літоўскага. Падчас узяцця Вільні 12 жніўня 1794 года знаходзіўся ў Коўне. Далейшы яго лёс невядомы.
Сям’я
У першым шлюбе з Марыяй Вікторыяй з Радзівілаў, дачкой князя Міхала Казіміра Радзівіла «Рыбанькі» і Ганны з Мыцельскіх.
У другім шлюбе з Каралінай Цэцыліяй з Горскіх, дачкой Людвіка Горскага і Канстанцыі з Адахоўскіх.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Пісары вялікія літоўскія Катэгорыя:Старосты пінскія Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1794 года