Ян Хрызасто́м Па́сак (; каля 1636, Венгржынавіцы, Мазовія — ) — польскі шляхціц, вайсковец і пісьменнік-мемуарыст. Аўтар знакамітых «Успамінаў» (Pamiętniki), якія лічацца каштоўным помнікам старапольскай літаратуры, крыніцай па гісторыі XVII стагоддзя і яркім узорам ментальнасці часоў сарматызму.
Біяграфія Нарадзіўся каля 1636 г. у Венгржыновіцах на Мазоўшы. Паходзіў з мазавецкай шляхты герба «Даліва», атрымаў адукацыю ў езуіцкім калегіуме ў Раве Мазавецкай.
Вайсковая служба Ва ўзросце 19 гадоў Пасак паступіў на ваенную службу, якую нёс на працягу 11 гадоў (1655—1667). Служыў пад камандаваннем гетмана Стэфана Чарнецкага, удзельнічаў у вайне са шведамі («Патоп»), у тым ліку ў выправе ў Данію. Прымаў актыўны ўдзел у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў, ваяваў на тэрыторыі Беларусі. У 1663—1664 гадах удзельнічаў у зімовай ваеннай выправе караля Яна II Казіміра за Дняпро на Левабярэжную Украіну. Падчас рокашу Любамірскага (1665—1666) стаў на бок караля, хоць прызнаваў рацыю апазіцыі і крытыкаваў братазабойчыя сутыкненні.
З тэрыторыяй ВКЛ шчыльна звязаныя амаль тры гады з жыцця Пасака (1660—1662). Ён удзельнічаў у пераможных для польска-літоўскага войска бітвах пад Палонкай (28 чэрвеня 1660) і на рацэ Басі (8 кастрычніка 1660). У тым жа 1660 годзе мемуарыст наведаў Менск, дзе ў гэты час камісары Рэчы Паспалітай дамаўляліся з маскоўскімі пасламі пра мір. У 1662 годзе быў прыставам пры маскоўскіх паслах, якія праязджалі праз Беларусь.
Мірнае жыццё У 1667 годзе ажаніўся з Ганнай з Рэмішоўскіх і асеў гаспадарыць у маёнтках у Кракаўскім ваяводстве (ці Свентакшыскім ваяводстве, недалёка ад Кракава), дзе валодаў некалькімі маёнткамі. Удзельнічаў у абранні каралёў Міхала Вішнявецкага (1669) і Аўгуста II (1697). Нязвыклы да мірнага жыцця, Пасак меў рэпутацыю хулігана і забіякі, з’яўляючыся «сапраўдным кашмарам» для суседзяў. Васемнаццаць разоў яго выклікалі ў суд за парушэнне грамадскага спакою, пяць разоў прыгаворвалі да выгнання, аднак ніводны прысуд не быў выкананы. У самым канцы жыцця, у 1700 годзе, быў асуджаны на «інфамію» (сімвалічнае пазбаўленне гонару і добрага імя). Памёр 1 жніўня 1701 года, ужо падчас Паўночнай вайны.
Гісторыя з выдрай У сучаснай масавай польскай свядомасці Ян Хрызастом Пасак непарыўна звязаны з гісторыяй пра яго ручную выдру па мянушцы Чарвяк (Robak), якая адбылася каля 1680 года. Выдра спала са сваім гаспадаром у адным ложку, выконваючы ролю вартаўніка і будзільніка, калі Пасак не мог сам працвярэзець і прачнуцца. «Чарвяк» імгненна разумеў каманды, кідаючыся пры патрэбе, як сабака, на зламысніка. Калі гаспадар даваў каманду «Robak, гуль-гуль у ваду!», гадаванец пачынаў насіць яму рыбу з першай-лепшай сажалкі.
Слава пра выдру дайшла да самога караля Яна III Сабескага, які любой цаной пажадаў мець гэтую жывёлу ў сваім палацы ў Вілянове. Пан Пасак з цяжкім сэрцам мусіў расстацца з Робакам, прызнаўшыся: «Хацеў бы я хутчэй падзяліцца часткай свайго цела, чым гэтым гадаванцам, якога так кахаў». Але жывёла, сумная і прыгнечаная, не змагла знайсці сябе на новым месцы. Аднойчы, спрытна пазбавіўшыся ад надакучлівага ашыйніка са званочкамі, выдра кінулася на ўцёкі на віляноўскія палі, але была забітая выпадковым драгунам. Даведаўшыся пра гэта, кароль цэлы дзень не еў і ні з кім не размаўляў. Доўгі час гэтая гісторыя лічылася выдумкай, але праз нейкі час была знойдзена цалкам незалежная крыніца, якая пацвердзіла яе сапраўднасць.
Творчасць Галоўны твор Яна Хрызастома Пасака — «Успаміны» (Pamiętniki), напісаныя ім у канцы жыцця (прыблізна ў 1690—1695 гадах). У іх гістарычна дакладна і вобразна апісаны ваенныя і палітычныя падзеі, удзельнікам якіх быў аўтар, дадзены звесткі пра іншыя падзеі, у тым ліку пра бітву з туркамі пад Венай (1683).
Твор напісаны простай штодзённай польскай мовай таго часу (у тым ліку з выкарыстаннем ненарматыўнай лексікі), у значнай ступені бесстаронні, але з пазіцый тыповага шляхціча-«сармата» XVII стагоддзя.
Уплыў Мемуары Пасака — каштоўнейшы помнік старапольскай мемуарыстыкі, у якім яскрава адбілася шляхецкая ментальнасць Рэчы Паспалітай XVII ст. Пасак лічыцца родапачынальнікам гістарычнай прозы ў Польшчы (і ў пэўнай ступені ў іншых краінах — спадкаемцах Рэчы Паспалітай). Яго сюжэты, героі, псіхалагічныя рысы і гістарычныя рэаліі, апісаныя ў «Успамінах», аказалі каласальны ўплыў на польскамоўную гістарычную прозу (асабліва на жанр шляхецкай гавэнды) і рамантычную паэзію. Яны натхнялі такіх пісьменнікаў, як Адам Міцкевіч, Юльюш Славацкі, Генрык Сянкевіч, Зыгмунт Красінскі, Юзаф Ігнацы Крашэўскі, Генрык Жавускі і многіх іншых вядомых літаратараў.
Памяць Вядомы мастак-баталіст Юліуш Косак намаляваў Пасака ў бітве пад Палонкай на малюнку 1898 года. У 2022 годзе ў Раве-Мазавецкай, на плошчы Юзафа Пілсудскага, быў усталяваны помнік мемуарысту: Пасак у тыповай сармацкай вопратцы і з адпаведнай фрызурай, з пяром у руцэ, сядзіць на скрыні, на якой ляжаць кнігі і сядзіць верная выдра.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1636 годзе Катэгорыя:Памерлі 1 жніўня Катэгорыя:Памерлі ў 1701 годзе Катэгорыя:Пісьменнікі Польшчы Катэгорыя:Мемуарысты Польшчы Катэгорыя:Польскамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Ваенныя дзеячы Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Удзельнікі вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—1611 гадоў Катэгорыя:Удзельнікі вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў Катэгорыя:Удзельнікі Паўночнай вайны