Віктар Уладзіміравіч Таранеўскі (нар. , в. Байкі, Слонімскі раён — , Віцебск) — беларускі літаратуразнавец, перакладчык з польскай мовы, педагог. Даследчык польскамоўнай мемуарнай літаратуры Беларусі XVII стагоддзя.

Біяграфія Нарадзіўся 18 верасня 1954 года ў вёсцы Байкі Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1972—1974 гадах служыў у Савецкай Арміі ў танкавых войсках (быў камандзірам экіпажа танка Т-34). Пасля службы працаваў токарам на Мінскім аўтамабільным заводзе.

У 1975 годзе паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які скончыў у 1980 годзе. Пасля заканчэння ўніверсітэта быў накіраваны ў Віцебск. Спачатку працаваў метадыстам абласной станцыі юных турыстаў, затым выкладаў беларускую мову і літаратуру ў сярэдніх школах № 10 і № 34 горада Віцебска.

У кастрычніку 1983 года прыняты на працу ў Віцебскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя С. М. Кірава (цяпер ВДУ імя П. М. Машэрава) асістэнтам кафедры беларускай мовы і літаратуры. З лістапада 1986 года навучаўся ў аспірантуры пры кафедры беларускай літаратуры БДУ пад навуковым кіраўніцтвам прафесара А. А. Лойкі. У 1988 годзе праходзіў навуковую стажыроўку ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве, дзе працаваў з прафесарам Здзіславам Нядзелем.

Пасля заканчэння аспірантуры вярнуўся ў ВДПІ, дзе ў канцы 1990 года быў абраны на пасаду старэйшага выкладчыка. Стаяў ля вытокаў стварэння факультэта беларускай філалогіі і культуры ВДУ. З 1993 па 2014 год нязменна займаў пасаду намесніка дэкана па выхаваўчай працы. У жніўні 2016 года выйшаў на пенсію па стане здароўя.

Памёр 10 сакавіка 2020 года.

Навуковая дзейнасць Асноўнай сферай навуковых інтарэсаў В. У. Таранеўскага была польскамоўная мемуарыстыка Беларусі XVI—XVII стагоддзяў. Ён даследаваў дыярыушы Самуіла і Багуслава Маскевічаў, Піліпа Казіміра Абуховіча, Яна Уладзіслава Пачобута-Адляніцкага, Яна Антонія Храпавіцкага, лісты Філона Кміты-Чарнабыльскага.

У ВДУ імя П. М. Машэрава выкладаў гісторыю беларускай літаратуры XI—XVIII стст., курсы па міфалогіі, спецкурсы па тэксталогіі і старажытным пісьменстве. Аўтар шэрагу вучэбна-метадычных дапаможнікаў.

Перакладчыцкая дзейнасць Віктар Таранеўскі зрабіў значны ўклад у пераклад і папулярызацыю польскамоўных крыніц па гісторыі Беларусі. У 1990-я гады ў часопісах «Спадчына» і «Полымя», а таксама ў кніжнай серыі «Беларускі кнігазбор» былі апублікаваны яго пераклады: Магілёўская хроніка Трафіма Сурты і Юрыя Трубніцкага (1992, 1997); Дыярыуш Піліпа Казіміра Абуховіча (1995); Віцебскі летапіс Міхала Панцырнага і Стафана Аверкі (1997); Дыярыуш Яна Уладзіслава Пачобута-Адляніцкага (1998); Лісты Яна Баршчэўскага да Юліі Корсак (2004).

У 1998 годзе атрымаў стыпендыю фонду Ежы Гедройца парыжскага часопіса «Культура» за папулярызацыю польскамоўнай літаратуры ў Беларусі.

Бібліяграфія Магілёўская хроніка Трафіма Сурты i Юрыя Трубніцкага / пер. з польскай і камент. В. Таранеўскага // Беларускія летапісы і хронікі. — Мінск : Беларускі кнігазбор, 1997. — С. 281—390. Віцебскі летапіс / пер. з польскай і камент. В. Таранеўскага // Беларускія летапісы і хронікі. — Мінск : Беларускі кнігазбор, 1997. — С. 257—280.

Піліп Казімір Абуховіч. Дыярыуш / пераклаў В. Таранеўскі // Старажытная беларуская літаратура (XII–XVII стст.) / уклад., прадм., камент. І. Саверчанкі. — 2-е выд. — Мінск : Кнігазбор, 2010. — С. 531—560.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Нарадзіліся 18 верасня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1954 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Слонімскім раёне Катэгорыя:Памерлі 10 сакавіка Катэгорыя:Памерлі ў 2020 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Віцебску Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі Катэгорыя:Перакладчыкі з польскай мовы Катэгорыя:Выкладчыкі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. М. Машэрава Катэгорыя:Выпускнікі філалагічнага факультэта БДУ