Бая́н () — археалагічная культура эпохі неаліту і ранняга энеаліту (VI — сярэдзіна V тысячагоддзя да н. э.), распаўсюджаная на тэрыторыі сучасных Румыніі і Балгарыі (дзе яна вядомая як культура Марыца). Вылучана і названа па астраўным паселішчы на месцы былога возера Баян каля вёскі Вэрэшць у жудзецы Кэлэрашы (гістарычная вобласць Мунтэнія, паўднёва-ўсходняя Румынія), раскапаным у 1924 годзе.

Гісторыя і перыядызацыя

Паходжанне культуры Баян звязваюць з культурамі ранняга неаліту: Дудэшці, Хаманджыя і культурай лінейна-стужачнай керамікі. Фарміраванне культуры адбылося ў левабярэжжы Ніжняга Дуная. На ранняй фазе, якая налічвала каля 30 паселішчаў, яна займала галоўным чынам цэнтральныя раёны Мунтэніі. Пазней яе арэал рэзка пашырыўся па далінах рэк, дасягнуўшы каля 110 паселішчаў і ахапіўшы тэрыторыю ад ракі Олт да вусця Сірэта і паўднёва-ўсходнюю Трансільванію.

У развіцці культуры вылучаюць чатыры перыяды: Балінтіняну, Джулешці, Відра і Спанцаў. Ранняя фаза Балінтіняну датуецца 5050—4850 гадамі да н. э., узнікненне фазы Джулешці ў Мунтэніі адносяць да 4850 года да н. э., а познія фазы Відра і Спанцаў існавалі аж да сярэдзіны V тысячагоддзя да н. э. Падчас апошняй фазы культура Баян зліваецца з суседняй культурай Вэдастра.

Характарыстыка

Паселішчы і жыллё

Усяго вядома каля ста паселішчаў культуры Баян. Пераважная іх большасць уяўляе сабой тэлі (мясцовая назва мэгура) — пагоркі, якія ўтварыліся ў выніку назапашвання культурных слаёў з глінабітнымі жытламі. Гэтыя паселішчы цягнуцца на поўнач і поўдзень ад Дуная аж да гор Стара-Планіна. Лакалізаваліся яны пераважна на ўзвышшах, мысах, высокіх рачных і азёрных берагах.

Культура Баян прайшла доўгі шлях развіцця, на працягу якога змяняліся тыпы паселішчаў і жылля. Раннія паселішчы па берагах рэк складаліся з зямлянак і паўзямлянак. Пазней яны змяніліся паселішчамі на высокіх месцах з наземнымі жытламі са сценамі з дрэва і гліны. Доўгія дамы, характэрныя для культуры лінейна-стужачнай керамікі, адсутнічалі. Раскопкі ў прыдунайскім паселішчы Радавану паказалі, што ў перыяд Баян III—IV дамы будавалі з дрэва з глінабітнай падлогай памерам прыкладна 7 на 3,5 метра. Многія стратыфікаваныя тэлі былі заселены на працягу больш за 500 гадоў (напрыклад, тэль Тангыру выявіў 21 будаўнічы гарызонт).

Гаспадарка і побыт

Асновай гаспадаркі насельніцтва з'яўляліся земляробства і жывёлагадоўля, дапоўненыя паляваннем і рыбалоўствам.

Для культуры характэрна чорная і шэрая глянцаваная (лакшчоная) кераміка з паглыбленым, канеляваным, разным і рэльефным геаметрычным арнаментам. Спіралі і прамавугольнікі звычайна выдрапвалі, а рады з трохвугольнікаў і шахматны ўзор выразалі. Паглыбленні часта запаўняліся белай пастай для кантрасту. Пасля абпалу ўзорыстыя паверхні афарбоўвалі ў белы ці чырвоны колер. Шырокае распаўсюджанне мелі сасуды на ножцы, а таксама біканічныя чашы і гаршкі прамавугольнай формы. Кераміка выраблялася з добра вычышчанай гліны і была танкасценнай. На позніх этапах з'явіўся белы і графітны роспіс.

Сярод прылад працы асаблівую цікавасць уяўляюць каменныя калодкападобныя сякеры. На позніх этапах культуры пачынаюць сустракацца першыя вырабы з медзі. Таксама вядомыя жаночыя антрапаморфныя статуэткі з косці і гліны.

Пахавальны абрад На паселішчах знойдзены як адзінкавыя пахаванні, так і буйныя магільнікі. У ранні перыяд нябожчыкаў хавалі ў скурчаным становішчы на баку, у пазнейшы перыяд — у выцягнутым становішчы на спіне.

Пераемнасць Культура Баян адыграла выключна важную ролю ў фарміраванні наступных культур меднага веку. Яна стала непасрэднай асновай для фарміравання культуры Гумельніца і паўплывала на генезіс культуры Кукутэн-Трыполле.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Археалагічныя культуры Еўропы Катэгорыя:Археалогія ў Румыніі Катэгорыя:Археалогія ў Балгарыі Катэгорыя:Неаліт Катэгорыя:Энеаліт