Віндзішбергердорф () — раён горада Кам у акрузе Верхні Пфальц, зямля Баварыя, Германія. Знаходзіцца прыблізна за 4 км ад цэнтра Кама. У 1947—1949 гадах тут дзейнічаў лагер для перамешчаных асоб, які стаў важным асяродкам беларускай эміграцыі.

Гісторыя Гісторыя паселішча пачынаецца ў Сярэднявеччы, калі на гары Гальгенберг стаяў імперскі замак, які ахоўваў гандлёвы шлях у Багемію. Уладальнікі замка называлі сябе Пухбергерамі (адсюль першапачатковая назва вёскі — Пухбергердорф). У 1204 годзе ў дакументах згадваецца Ота фон Пухберг.

Назва Віндзішбергердорф упершыню сустракаецца ў 1574 годзе. Прыстаўка «Віндзіш» (ням.: windisch — вендскі, славянскі) служыла для адрознення вёскі ад Грос-Бергердорфа (каля Пемфлінга) і паказвала на яе блізкасць да тэрыторыі рассялення славян (Багеміі).

Мясцовы маёнтак неаднаразова мяняў уладальнікаў. У 1740 годзе будынкі былі часткова разбураны пандурамі, а ўладальнік Фелікс Бахль забіты. Пазней маёнтак быў адноўлены, але з цягам часу страціў сваё значэнне.

1 мая 1978 года ў ходзе адміністрацыйнай рэформы абшчына Віндзішбергердорф (разам з вёскамі Камердорф, Котмайслінг і Шламерынг) была ўключана ў склад горада Кам.

Беларускі лагер для перамешчаных асоб пасля Другой сусветнай вайны У маі 1947 года ў Віндзішбергердорф была перавезена група беларускіх эмігрантаў (каля 500 чалавек), вылучаная з іншанацыянальных лагераў. Іх рассялілі па драўляных бараках на схіле пагорка каля шашы Кам—Фурт, дзе ў гады вайны жылі палонныя ці рабочыя.

Беларусы наладзілі ў лагеры для перашчаных асоб актыўнае грамадскае жыццё. Адзін з баракаў быў перабудаваны пад праваслаўную царкву. Дзейнічалі дзіцячы садок і пачатковая школа. Быў арганізаваны скаўцкі звяз (45 сяброў) і аддзяленне Згуртавання беларускіх ветэранаў.

4 кастрычніка 1948 года ў Віндзішбергердорф прыбыла група беларусаў з лагера Міхельсдорф, у тым ліку Беларуская гімназія імя Янкі Купалы на чале з дырэктарам Аляксандрам Орсам. Гімназія працягвала працу ў лагеры да канца навучальнага года. У снежні 1948 года тут урачыста адзначалася 3-годдзе гімназіі.

15 чэрвеня 1949 года беларускі лагер быў ліквідаваны, а яго жыхары перавезены ў Розенгайм (Верхняя Баварыя).

Славутасці Касцёл Святога Міхаіла — каталіцкі храм, пабудаваны ў 1946—1951 гадах. Фантан аўтарства Ёзэфа Міхаэля Нойштыфтэра на вясковай плошчы. Статуя святога Яна Непамуцкага.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Населеныя пункты Баварыі Катэгорыя:Кам (Верхні Пфальц) Катэгорыя:Беларускія лагеры для перамешчаных асоб