Конкурс маладога літаратара — штогадовы літаратурны конкурс, які праводзіў Беларускі ПЭН-цэнтр у 2003—2006 і 2009—2012 гадах.

Гісторыя

Арганізацыя Гісторыя праекта пачалася ў 2002 годзе, калі паэт Андрэй Хадановіч і крытык Ганна Кісліцына па прыняцці ў Беларускі ПЭН вырашылі праводзіць конкурсы, якія б называліся ад імёнаў значных літаратараў. Асноўным ідэйным натхняльнікам конкурсаў быў паэт Хадановіч, арганізацыяй і каардынацыяй праекта займаліся Хадановіч і Кісліцына.

Асноўная мэта — падтрымка маладых творцаў, пошук новых талентаў і дапамога станаўленню іх уласнага голасу праз майстар-класы. Узроставыя межы ўдзелу ў розныя гады вагаліся, мінімальныя — ад 15 да 16, максімальныя — да 22, 26 і ўрэшце 30 гадоў.

Ад пачатку для ўдзелу не было моўных абмежаванняў: апроч беларускай большасці, заўсёды была рускамоўная меншасць, а таксама аўтары, якія пісалі на дыялектах і трасянцы. Гэта спрыяла інтэграцыі рускамоўных аўтараў (напрыклад, Паўла Анціпава) у агульны беларускі літаратурны працэс.

Роля Хадановіча была не толькі арганізацыйная, але і ментарская. Хадановіч здолеў стварыць вакол конкурсаў нефармальны моладзевы літаратурны асяродак. Для многіх удзельнікаў ён стаў «настаўнікам і куратарам», які займаўся прафесійным ростам маладых аўтараў і іх папулярызацыяй. У прыватнасці, Уладзімір Лянкевіч адзначаў, што менавіта Хадановіч стаў натхняльнікам для цэлага пакалення маладых перакладчыкаў. Хадановіч таксама быў рэдактарам многіх дэбютных кніг фіналістаў конкурсу, сярод якіх зборнікі Вальжыны Морт, Марыі Мартысевіч, Віталя Рыжкова, Андрэя Адамовіча, Уладзіміра Лянкевіча і Антона Рудака.

Склад журы конкурсаў, якое традыцыйна налічвала 5 чалавек, быў даволі сталым цягам ўсіх гадоў, што дазваляла экспертам назіраць за шматгадовай дынамікай творчага росту аўтараў, якія падаваліся на конкурс неаднаразова. Многія літаратары (напрыклад, Уладзімір Лянкевіч, Андрэй Адамовіч, Ганна Янкута і інш.) станавіліся фіналістамі некалькі разоў, кожная наступная перамога патрабавала ад іх відавочнага прафесійнага росту, бо члены журы маглі параўнаць іх новыя творы з папярэдне зададзенай планкай.

Важнай асаблівасцю было падвядзенне вынікаў для фіналістаў на адмысловым літаратурным семінары. На семінарах маладыя аўтары працавалі над сваімі тэкстамі з вядомымі літаратарамі, такімі як Васіль Сёмуха, Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, Валянцін Акудовіч, а таксама мовазнаўцамі Пятром Садоўскім, Юрасём Бушляковым, Змітром Саўкам, Лявонам Баршчэўскім, выдаўцом Ігарам Логвінавым. На выніках кожнага конкурсу выдавалі калектыўны зборніка твораў пераможцаў, публікаваліся не першапачаткова дасланыя, а ўжо праўленыя і ўдасканаленыя падчас семінараў тэксты.

Для прэзентацыі зборнікаў выкарыстоўвалі стратэгію літаратурных тураў па ўніверсітэцкіх гарадах Беларусі. Праз цяжкую сітуацыю на кніжным рынку Марыя Мартысевіч параўноўвала распаўсюд беларускіх кніг з марыхуанай — «праз сваіх людзей, кропкі і вечарыны». Прэзентацыі звычайна праходзілі ў фармаце імпрэз, дзе Андрэй Хадановіч выступаў як вядоўца і выканавец песень пад гітару, што спрыяла папулярнасці маладых аўтараў сярод студэнцкай моладзі.

Асноўнымі асвятляльнікамі конкурсаў былі незалежныя выданні («Наша Ніва», «Радыё Свабода», «Дзеяслоў», «Новы час»), тым часам дзяржаўныя літаратурныя СМІ («Літаратура і мастацтва», «Маладосць») падзеі цалкам ігнаравалі.

Уплыў Многія пераможцы розных гадоў пазней увайшлі ў кіраўніцтва Беларускага ПЭН-цэнтра, што вызначае конкурсы як своеасаблівую «кузню кадраў». Таццяна Нядбай была старшынёй і намесніцай старшыні, Павел Анціпаў — першым намеснікам старшыні (2013—2019), Марыя Мартысевіч, Ганна Янкута, Уладзімір Лянкевіч, Юля Цімафеева, Алена Казлова (Анка Упала) — членамі Рады і актыўнымі дзеячамі арганізацыі.

Вынікамі дзейнасці «маладога актыву» ПЭНа былі новыя літаратурныя ініцыятывы: Кніжная падсерыя «Пункт адліку», заснаваная Паўлам Анціпавым і Юляй Цімафеевай, арыентавалася на «прыватны рэйтынг» і выдавала перадусім фіналістаў ПЭНаўскіх конкурсаў. Інтэрнэт-часопіс перакладной літаратуры «Прайдзісвет», які ўзнік у 2009 годзе як нізавая ініцыятыва маладых перакладчыкаў праз абмежаванасць магчымасцяў для друку. Медыя-праект «Літаратурнае радыё», створаны Паўлам Анціпавым. Удзел Паўла Анціпава ў аргкамітэце прэміі імя Ежы Гедройца ў 2012—2016 гадах, адзін з прыкладаў паспяховай інтэграцыі рускамоўных фіналістаў конкурсаў у агульнабеларускія літаратурныя інстытуцыі.

Паводле Таццяны Нядбай, высокая якасць твораў, якія прайшлі праз конкурсныя майстар-класы, стала адным з матываў заснавання прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Большасць лаўрэатаў «Дэбюта» першых гадоў у намінацыях «Паэзія», «Проза» і «Пераклад» былі фіналістамі і пераможцамі ПЭНаўскіх конкурсаў маладога літаратара.

На думку Ганны Міхальчук, конкурсы былі адной з важных форм кансалідацыі пісьменніцкіх сіл, якая па сваёй значнасці параўнальная з дзейнасцю такіх гістарычных літаратурных аб’яднанняў, як «Маладняк», «Узвышша» ці «Тутэйшыя».

2003: Конкурс імя Наталлі Арсенневай Першы конкурс прысвечаны паэтцы Наталлі Арсенневай. Па выніках конкурсу выдадзены зборнік «12 + 1». Пераможцы: Арцём Арашонак, Дзмітрый Дмітрыеў, Анатоль Івашчанка, Вольга Каленік, Крысціна Курчанкова, Глеб Лабадзенка, Кацярына Марголь, Вальжына Морт, Ірына Поўх, Сяргей Прылуцкі, Віка Трэнас, Аляксей Чубат, Юлія Шастак.

2004: Конкурс да 700-годдзя Франчэска Петраркі Конкурс 2004 года прысвечаны юбілею італьянскага паэта Франчэска Петраркі. Асаблівасцю гэтага года былі ўзроставыя межы для ўдзельнікаў ад 16 да 22 гадоў. Выніковы зборнік называўся «Формула кахання». Пераможцы: Вольга Анікіевіч, Яўген Буры, Цемрык Велет, Кацярына Вялес, Sany Dragonfly, Югася Каляда, Алесь Квіткевіч, Кася Квяткоўская, Глеб Лабадзенка, Уладзімір Лянкевіч, Кацярына Марголь, Вольга Марозава, Марыя Мартысевіч, Віялета Пачкоўская, Павел Свярдлоў, Зося Тычына, Юлія Шастак.

2005: Конкурс імя Уладзіміра Караткевіча Конкурс 2005 года прымеркаваны да юбілею Уладзіміра Караткевіча. Па выніках выдадзены зборнік «Групавы партрэт з Бабай Броняй» . Для некаторых удзельнікаў конкурс стаў штуршком да напісання вялікіх твораў, як у выпадку Юліі Шаровай, для якой гэта стала стымулам для напісання цэласнага тэксту рамана. Пазней Юлія Шарова атрымала за яго літаратурную прэмію «Дэбют». Пераможцы: Павел Анціпаў, Алеся Башарымава, Аліса Бізяева, Баба Броня, Антон Францішак Брыль, Вікторыя Герасімчук, Антаніна Курдзя, Яўгенія Манцэвіч, Соф’я Марозава, Марыя Мартысевіч, Таццяна Нядбай, Сяргей Прылуцкі, Таццяна Пузенка, Яўген Пыльчанка, Алена Пятровіч, Алена Рыбік, Павел Свярдлоў, Алесь Сушчэўскі, Сяргей Трафілаў, Ціхан Чарнякевіч.

2006: Конкурс да стагоддзя газеты «Наша ніва» Конкурс прысвечаны юбілею беларускай газеты «Наша ніва». Выніковы зборнік называўся «In Вільня veritas». Пераможцы: Яраслава Ананка, Юлія Арцёмава, Ірына Барысевіч, Валянцін Бойка, Кірыл Дубоўскі, Сяргей Карбановіч, Алесь Кудрыцкі, Настасся Манцэвіч, Сяржук Мядзведзеў, Андрэй Пакроўскі, Сірошка Пістончык і Уласік Смаркач, Віталь Рыжкоў, Аляксей Сарока, Ганна Серахан, Сяржук Семянюк, Наталка Харытанюк, Юлія Шастак (Шадзько), Віктар Ываноў, Юлія Яфімовіч, Андрэй Адамовіч і Віялета Пачкоўская.

2009: Конкурс імя Карласа Шэрмана Пасля перапынку, адноўлены конкурс прысвечаны памяці перакладчыка Карласа Шэрмана. У 2009 годзе вылучана асобная намінацыя «Пераклад», абумоўленая ростам цікавасці маладых літаратараў да гэтай дзейнасці пры тагачаснай абмежаванасці магчымасцяў для друку і адсутнасці спецыялізаваных прэмій. Выніковы зборнік — «Святая праўда ды іншыя казкі».

Пераможцы Паэзія: Алена Карп, Алеся Башарымава, Аляксандра Сайко, Віталь Быль, Віталь Рыжкоў, Ігар Кулікоў, Іна Заікіна, Ірына Бельская, Кацярына Зыкава, Паўліна Марозава, Уладзь Лянкевіч. Пераклад: Алена Пятровіч, Алена Талапіла, Анка Упала, Вераніка Сідарэнка, Ганна Янкута, Дар’я Вашкевіч, Наталля Давыдоўская, Павел Анціпаў, Уладзь Лянкевіч, Юлія Шадзько. Эсэістычная проза: Павел Анціпаў, Юлія Шадзько. Заахвочвальны дыплом: Аляксей Арцёмаў.

2010: Конкурс імя Ларысы Геніюш Конкурс 2010 года прысвечаны Ларысе Геніюш. Для гэтага года і наступнага (імя Чэслава Мілаша) мінімальны ўзрост удзельнікаў быў зніжаны да 15 гадоў. Па выніках выйшаў зборнік «Geniush loci».

Фіналісты: Андрэй Адамовіч, Юлія Аляксеенка, Аляксей Арцёмаў, Дар’я Вашкевіч, Ася Волкава, Кірыла Дубоўскі, Алесь Емяльянаў, Сяргей Календа, Юлія Качан, Кацярына Макарэвіч, Аліна Радачынская, Антон Рудак, Яна Санько, Цімур Хоміч, Ганна Шэпт. Прызёры: Ксенія Аўгуст, Юлія Гойка, Андрэй Кабан, Павел Капанскі, Дзмітры Лавіцкі, Дар’я Максімава, Рагнед Малахоўскі, Дзмітрый Марковіч, Аркадзь Несцярэнка, Андрэй Пакроўскі, Таццяна Светашова, Марыя Хадзінская, Таццяна Цуканава, Антон Юркавец, Яна Ядвабная. Заахвочвальныя дыпломы: Алесь Вярцейка, Марыя Паўлоўская, Ірына Хамрэнка, Арцём Хандрыка.

2011: Конкурс імя Чэслава Мілаша Конкурс прысвечаны юбілею Чэслава Мілаша. Выніковы зборнік — «Птушкі лёгкіх паводзінаў».

Дыплом І ступені: Юлія Аляксеенка, Маргарыта Аляшкевіч, Алеся Башарымава, Дар’я Вашкевіч, Ася Волкава, Андрэй Вылінскі, Кацярына Глухоўская, Маша Лапо, Павел Капанскі, Ганна Мананкова, Паліна Маслянкова, Уладзь Лянкевіч, Віялета Пачкоўская, Антон Рудак, Аляксандр Філіпенка, Ганна Янкута. Дыплом ІІ ступені: Яна Аляксеенка, Саша Ветрава, Саша Баравікова, Алесь Емельянаў, Алена Запарожац, Алена Карп, Кацярына Маціеўская, Інна Лугавая, Ліда Наліўка, Алесь Плотка, Марыя Пушкіна, Алена Пятровіч, Уладзімір Садоўскі, Мэры Сіндром, Ганна Спорыш, Максім Субач, Алесь Танкевіч, Зміцер Цярэнцьеў, Вольга Чайкоўская. Заахвочвальны дыплом: Анастасія Левычэнкава.

2012: Конкурс імя Максіма Танка Конкурс прысвечаны Максіму Танку. У гэтым годзе максімальная ўзроставая мяжа ўдзельнікаў паднята да 30 гадоў. Выніковы зборнік называўся «Азёрная школа паэзіі».

Пераможцы: Андрэй Адамовіч, Аляксей Арцёмаў, Павел Капанскі, Ганна Мананкова (1 месца), Таццяна Нядбай, Марыя Пушкіна, Антон Рудак, Юля Цімафеева, Цімур Хоміч, Ганна Янкута. Іншыя ўдзельнікі: Сабіна Брыло, Андрэй Вылінскі, Ігар Канановіч, Уладлена Малашчанка, Наталля Рак, Наталля Рудак, Воля Чайкоўская, Нупрэй Бухановіч, Ехе Кім Ург.

Гл. таксама Конкурс маладых крытыкаў Дэбют (літаратурная прэмія)

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Беларускі ПЭН-цэнтр