Альтдорфскі ўніверсітэт (, таксама вядомы як Altdorfina або Academia norica) — былая вышэйшая навучальная ўстанова вольнага імперскага горада Нюрнберга, якая размяшчалася ў горадзе Альтдорфе. Была адкрыта ў 1575 годзе як акадэмія, а ў 1622 годзе атрымала статус універсітэта. Установа была ліквідавана ў 1809 годзе баварскім каралём Максіміліянам I.

Гісторыя

Перадумовы і стварэнне акадэміі У маі 1526 года ў Нюрнбергу з удзелам такіх вядомых гуманістаў і рэфарматараў, як Філіп Меланхтан і Марцін Лютэр, была заснавана гімназія Святога Эгідзія (). Гэтая ўстанова праіснавала ўсяго дзевяць гадоў. У 1565 годзе Іаахім Камерарый Старэйшы, былы рэктар гэтай гімназіі, звярнуўся да гарадской рады Нюрнберга з прапановай зрабіць новую спробу стварэння вышэйшай школы. Пасля агляду некалькіх варыянтаў для размяшчэння ўстановы быў абраны суседні гарадок Альтдорф. Будаўніцтва будынка калегіума, якое фінансавалася ахвяраваннямі нюрнбергскага патрыцыяту, пачалося 30 верасня 1571 года (будавалася як г. зв. «вышэйшая школа», ). Ва ўзамен за фінансаванне фундатары атрымлівалі права бясплатнага пражывання для сваіх сыноў-студэнтаў. Урачыстае адкрыццё калегіума адбылося 29 чэрвеня 1575 года.

Навучальная ўстанова стваралася як паўуніверсітэцкая структура () з перспектывай далейшага пераўтварэння ў паўнавартасны ўніверсітэт. У 1580 годзе імператар Рудольф II надаў гімназіі абмежаваныя правы акадэміі. Згодна з імператарскім указам, толькі філасофскі факультэт атрымаў права прысуджаць ступені магістра і доктара. Гараджане Нюрнберга нават не спрабавалі прасіць такія правы для медыцынскага і тэалагічнага факультэтаў з-за пракаталіцкай пазіцыі імператара. З гэтай прычыны ўстанова таксама магла называцца філасофскай гімназіяй (). Першыя магістарскія ступені былі прысуджаны ў 1581 годзе. Першым рэктарам у 1582 годзе стаў Эда Хільдэрыкус.

Пераўтварэнне ва ўніверсітэт і Трыццацігадовая вайна Паколькі Альтдорфская акадэмія квітнела і мела значны прыток студэнтаў, імператар Фердынанд II 3 кастрычніка 1622 года падвысіў яе статус да ўніверсітэта з правам прысуджаць ступені таксама па медыцыне і праве. Узамен Нюрнберг быў вымушаны выйсці з Пратэстанцкай уніі і выплаціць імператару 25 тысяч гульдэнаў. Афіцыйнай датай заснавання ўніверсітэта пачалі лічыць 29 чэрвеня 1623 года (гадавіну адкрыцця гімназіі). Мясцовая царква Святога Лаўрэнція стала ўніверсітэцкай, дзе да 1809 года прайшлі ардынацыю больш за 1100 пратэстанцкіх святароў. Нягледзячы на тое, што на працягу 42 гадоў студэнты медыцыны і права не маглі атрымаць ступень, установа была больш знакамітай за многія іншыя ўніверсітэты. Акрамя таго, Альтдорф стаў адным з нешматлікіх гарадоў разам з Цюбінгенам і Каселем, дзе існавалі каледжы для камфортнага пражывання багатых студэнтаў.

Праз восем гадоў пасля заснавання ўніверсітэта Трыццацігадовая вайна дасягнула Альтдорфа: у лістападзе 1631 года войскі Іагана Цілі занялі горад і ўніверсітэт, але пасля выплаты 1000 рэйхсталераў пакінулі яго без рабавання. У 1632 годзе на прадстаўнікоў універсітэта нападалі харвацкія вершнікі, а рэктар Георг Нёслер быў вымушаны служыць урачом у войску Валенштэйна да бітвы пры Лютцэне.

У перыяд з 1614 па 1618 гады ўніверсітэт быў кароткачасовым цэнтрам сацыніянства ў Германіі: натхнёныя сувязямі з Ракоўскай акадэміяй у Рэчы Паспалітай, нямецкія і польскія антытрынітарыі спрабавалі стварыць падобную акадэмію ў Альтдорфе. Праз гэта студэнт-сацыніянін Самуэль Пшыпкоўскі быў нават выключаны з установы ў 1616 годзе.

Росквіт і ліквідацыя

Пасля заканчэння вайны і да першай чвэрці XVIII стагоддзя ўніверсітэт перажываў перыяд росквіту. У 1650 годзе быў створаны анатамічны тэатр, у 1657 годзе з’явілася абсерваторыя, у 1682 годзе — хімічная лабараторыя. У 1696 годзе ўстанова атрымала імператарскі прывілей на прысуджэнне тэалагічных ступеней, стаўшы такім чынам паўнавартасным універсітэтам. Аб статусе поўнага ўніверсітэта было ўрачыста абвешчана ў 1697 годзе. Нягледзячы на маштабнае святкаванне стагоддзя ў 1723 годзе, колькасць новых студэнтаў пачала зніжацца. Пасля 1740 года назіраўся значны спад, а пасля 1770 года колькасць новых паступленняў часам ледзь перавышала 20 чалавек у год.

У 1806 годзе Нюрнберг разам са сваім універсітэтам перайшоў пад уладу Каралеўства Баварыя. З-за недахопу фінансавых сродкаў і неабходнасці падтрымліваць новыя баварскія дзяржаўныя ўніверсітэты, кароль Максіміліян I ліквідаваў Альтдорфскі ўніверсітэт 24 верасня 1809 года. Бібліятэка ўстановы была перададзена ў Эрлангенскі ўніверсітэт.

Сёння будынкі былога ўніверсітэта, пабудаваныя ў стылі Рэнесансу, ахоўваюцца як помнікі архітэктуры, у іх размяшчаецца інтэрнат і дом састарэлых, а таксама невялікі ўніверсітэцкі музей.

Сувязі з ВКЛ У канцы XVI і першай палове XVII стагоддзя Альтдорфскі ўніверсітэт прыцягваў пратэстанцкую моладзь з розных краін, у тым ліку з Вялікага Княства Літоўскага.

2 снежня 1586 года ў матрыкул навучальнай установы запісаўся вялікалітоўскі паэт і мысляр Саламон Рысінскі. Пры паступленні ён пазначыў сваё паходжанне лацінскім тэрмінам «Solomo Pantherus Leuсorussus». Гэты запіс з’яўляецца першым вядомым гістарычным выкарыстаннем этноніма «беларус» у якасці саманазвы.

Таксама адукацыю ў Альтдорфскім універсітэце атрымліваў князь Януш Радзівіл — будучы дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, вялікі гетман літоўскі. Яго бацька, Крыштаф Радзівіл, шчодра фінансаваў атрыманне адукацыі мясцовай пратэстанцкай моладзі ў еўрапейскіх універсітэтах.

Справа Валенштэйна У жніўні 1599 года ў Альтдорф паступіў шаснаццацігадовы Альбрэхт фон Валенштэйн, будучы славуты палкаводзец Трыццацігадовай вайны. Хутка ён апынуўся ўцягнутым у скандал з забойствам прапаршчыка мясцовай грамадзянскай міліцыі, а ў студзені 1600 года жорстка збіў свайго слугу. Нягледзячы на гэтыя правіны, пакаранне з боку ўніверсітэта было вельмі мяккім (кароткі хатні арышт і штраф у 30 гульдэнаў на лячэнне пацярпелага). У сакавіку 1600 года Валенштэйн пакінуў Альтдорф і адправіўся працягваць навучанне ў ІталіюKarl Wittich: Wallenstein, Albrecht Wenzel Eusebius von. In: Allgemeine Deutsche Biographie (ADB). Band 45, Duncker & Humblot, Leipzig 1900, S. 582—641..

Вядомыя выпускнікі Готфрыд Вільгельм Лейбніц — выдатны нямецкі філосаф, логік і матэматык. Атрымаў ступень доктара права ў Альтдорфе ў 1666 годзе пасля таго, як Лейпцыгскі ўніверсітэт адмовіў яму ў прысуджэнні ступені з-за яго занадта маладога ўзросту. Альбрэхт фон Валенштэйн — герцаг, славуты палкаводзец і дзяржаўны дзеяч Свяшчэннай Рымскай імперыі перыяду Трыццацігадовай вайны (навучаўся ў 1599—1600 гадах). Януш Радзівіл — дзяржаўны і ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, ваявода віленскі і вялікі гетман літоўскі. Саламон Рысінскі — вялікалітоўскі паэт-лацініст, філолаг і фалькларыст. Іаган Пахельбель — вядомы нямецкі кампазітар і арганіст эпохі барока. Готфрыд Генрых цу Папенгайм — фельдмаршал Свяшчэннай Рымскай імперыі, камандуючы кавалерыяй падчас Трыццацігадовай вайны. Мельхіёр Гольдаст — швейцарскі гісторык і публіцыст (атрымаў ступень у 1597 годзе).

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Гістарычныя ўніверсітэты Катэгорыя:Адукацыя ў Баварыі Катэгорыя:З’явіліся ў 1575 годзе Катэгорыя:Зніклі ў 1809 годзе Катэгорыя:Нюрнберг