Шляхта Рэчыцкага павета — сукупнасць шляхецкіх родаў, якія пражывалі і валодалі маёнткамі на тэрыторыі Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVIII стагоддзях. Павет, створаны ў выніку адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы 1565—1566 гг., ахопліваў паўднёвы ўсход ВКЛ — ад Бабруйска да Гомеля. У XVIII ст. у ім было зафіксавана каля 180 шляхецкіх родаў і 68 маёнткаў; паводле спісу 1816 г., у павеце налічвалася 553 асобы шляхты — 290 чыншавых, 254 служачых пры дварах і 9 аколічных. Найбуйнейшымі прыватнымі маёнткамі былі Горваль князёў Санґушкаў, Добасна Хадкевічаў і Стрэшын Віленскага біскупства; маёнткі трымалі таксама дамініканцы, езуіты і Віленскі капітул.
Гісторыя Рэчыцкі павет паўстаў на аснове ранейшага Рэчыцкага старасцтва і ўвайшоў у склад Мінскага ваяводства з самастойнай юрысдыкцыяй. На яго тэрыторыі знаходзіліся Рэчыцкае, Прапойскае, Гомельскае, Чачэрскае, Бабруйскае і Рагачоўскае старосцтвы. Указам Аўгуста III ад 15 ліпеня 1734 г. Рэчыца і Рэчыцкае старасцтва перайшлі ва ўладанне князёў Радзівілаў; апошнім рэчыцкім старастам быў Альбрэхт Радзівіл (да 1793).
Прывілеі на ўнутрыпавятовыя староствы пры Уладзіславе IV (1632—1648) атрымалі Аляксандар Агінскі (Рагачоўскае, 1633), Крыштап Радзівіл (Чачэрскае, 1633), Гедэон Міхал Трызна (Бабруйскае, 1638) і Аляксандр Слушка (Прапойскае, 1643); буйнейшым трымальнікам быў Слушка, які ў розны час займаў рэчыцкае, прапойскае і гомельскае старасцтва і пасады здолеў пакінуць сваім сынам.
Цэнтральнае месца ў палітычнай эліце павета займаў у той перыяд род Юдзіцкіх: яму належала 8 з 14 намінацыйных прывілеяў на земскія ўрады, выдадзеных пры Уладзіславе IV, а ў 1633—1635 гг. — 5 з 9 павятовых пасадаў; найвышэйшую кар'еру зрабіў Мікалай Уладзіслаў Юдзіцкі, які ад рэчыцкага скарбніцтва (1636) узнёсся да генерала артылерыі ВКЛ (1654) і навагрудскага кашталяна (1660). 7 верасня 1641 г. у Варшаве была выдадзена «Канфірмацыя праў прывілеяў і вольнасцяў шляхце Рэчыцкага павета», якая на падставе ліста Стэфана Баторыя 1576 г. вызваляла буйную групу мясцовых землеўладальнікаў ад падаткаў і прыналежнасці да чачэрскага замка; гэты дакумент сведчыць пра працяглы працэс афармлення радавітай шляхты з ніжэйшых слаёў вайскова-служылага стану ў перыферыйных раёнах ВКЛ.
Бескаралеўе 1733—1735 гг. падзяліла шляхту павета між прыхільнікамі Станіслава Ляшчынскага і Аўгуста III. У наступныя дзесяцігоддзі рытм павятовага жыцця вызначала барацьба магнацкіх кліентэл: больш за палову грамнічных соймікаў павета ў гэты час было сарвана. Прарадзівілаўская партыя абапіралася на роды Юдзіцкіх, Дзерналовічаў і Фашчаў, антырадзівілаўская — на Кельчэўскіх і Халецкіх, якія на пачатку 1760-х гг. пераарыентаваліся на групоўку Чартарыйскіх («Фаміліі»). У бескаралеўе 1764 г. супрацьстаянне стала адкрытым: на перадканвакацыйным сойміку 6 лютага ў Рагачове кожны бок абраў сваіх паслоў і свой склад каптуровага суда, а 27 лютага радзівілаўцы атакавалі каптуровы суд праціўнікаў «агняпальнай зброяй і арматамі», у выніку чаго загінулі шляхцічы Стэфан Сенажэцкі і Тэадор Харкевіч. 16 красавіка 1764 г. мясцовая шляхта стварыла ўласную канфедэрацыю на чале з К. Халецкім; падтрымка яе нарастала ад 55 подпісаў на ўстаноўчым сходзе да 179 на сойміку перад каранацыйным соймам. Інструкцыі рэчыцкім паслам патрабавалі абароны аўтаноміі ВКЛ, абмежавання павятовых урадаў для мясцовых землеўладальнікаў і захавання ліберум вета.
Падзелы Рэчы Паспалітай Падзелы Рэчы Паспалітай карэнным чынам змянілі лёс шляхты павета. Пасля Першага падзелу 1772 г. усходняя частка павета адышла да Расійскай імперыі; стараста рэчыцкі з роду Радзівілаў адмовіўся ад прысягі, і яго маёнткі былі секвестраваны. Другі падзел 1793 г. скасаваў павет, тэрыторыя якога была падзелена паміж Мінскай, Магілёўскай і Чарнігаўскай губернямі. Падчас Паўстання Касцюшкі 1794—1795 гг. было канфіскавана 26 маёнткаў з 36 080 сялянскімі душамі, а пасля Лістападаўскага паўстання 1830—1831 гг. — яшчэ 115 маёнткаў з 38 544 сялянамі; маёнткаў пазбавіліся Радзівілы, Сапегі і Чартарыйскія.
Самакіраванне
Асноўнымі формамі шляхецкага самакіравання ў Рэчыцкім павеце былі соймікі, выбарныя павятовыя ўрады і шляхецкія суды. Праз соймікі шляхта выбірала паслоў на сойм Рэчы Паспалітай, дэпутатаў у Галоўны Трыбунал ВКЛ, вызначала пазіцыю павета па дзяржаўных і мясцовых пытаннях і давала паслам інструкцыі.
Соймікі
Соймікі рэчыцкай шляхты збіраліся не ў цэнтры павета, а ў Рагачове: сярод паветаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі Рэчыцкі быў у гэтым выключэннем. Пасяджэнні адбываліся ў царкве на рагачоўскім замку: шляхта, якая пратэставала супраць грамнічнага сойміка 1751 г., сцвярджала, што прыбыла «да замкавай рагачоўскай царквы, дзе заўжды соймікі адбываліся»; тое ж вядома і пра соймік 1706 г. Такім чынам рэчыцкія соймікі праходзілі ва ўніяцкай царкве — іншага павета ВКЛ з такім месцам пасяджэнняў не вядома. Пратэстацыі супраць соймікаў 1756 і 1762 гг. кажуць ужо пра «соймікавую шопу» і «соймікавую ізбу», значыць да 1756 г. на замку быў пабудаваны спецыяльны соймікавы будынак. Паводле прызначэння сярод соймікаў вылучаліся грамнічныя (дэпутацкія), на якіх выбіралі дэпутатаў у Галоўны Трыбунал ВКЛ, пасольскія — для выбараў паслоў на сойм, рэляцыйныя — для справаздач паслоў, а таксама гаспадарчыя і элекцыйныя. У 1735—1763 гг. у Рагачове прайшло 29 грамнічных соймікаў, з якіх 17 было сарвана — адна з найбольшых лічбаў сярод паветаў ВКЛ. У 1776—1792 гг. на соймікі з'язджалася ад 39 да 100 шляхціцаў, а ў сойміку 19 жніўня 1782 г. у Рэчыцы ўдзельнічаў 171 абывацель.
На сойміку 6 лютага 1706 г., у часы барацьбы за трон паміж прыхільнікамі Станіслава Ляшчынскага і Аўгуста II, за дэпутата ў Трыбунал было пададзена 118 галасоў; ён таксама праходзіў у замкавай царкве. Пасяджэнне суправаджалася ўзброенымі інцыдэнтамі з удзелам людзей магнатаў Красінскіх.
Пастановай сойма 1776 г., пацверджанай сеймам 1780 г., для шляхты кожнага ваяводства і павета былі ўведзены ваяводскія мундзіры, у якіх належала з'яўляцца на сойміках і соймах. Менскае ваяводства атрымала кармазінавы кунтуш пры гранатавых жупане і вылогах, а Рэчыцкі павет — той жа кунтуш, але з белымі жупанам і вылогамі.
Магнацкія кліентэлы
У часы панавання Аўгуста III моцны ўплыў на шляхту Рэчыцкага павета мелі два магнатскія роды — Радзівілы і Сапегі; свой уплыў на мясцовую шляхту мелі і Чартарыйскія, часткай групоўкі якіх («Фаміліі») Сапегі працяглы час былі.
Радзівілаўскую групоўку ў павеце ўзначальваў рэчыцкі гродскі стараста Альбрэхт Радзівіл; да яе належалі роды Юдзіцкіх, Вішчынскіх, Фашчаў і Дзерналовічаў. Прыхільнікамі Сапегаў і «Фаміліі» былі , Халецкія, Прушаноўскія, Хлявінскія, Скарабагатыя і Францішак Ракіцкі.
Моц Сапегаў у павеце грунтавалася на іх значных тутэйшых уладаннях — Новым Быхаве, Лоеве і іншых; менавіта з гэтых уладанняў фінансавалася шляхта на сойміках у Рагачове. Так, на соймік 1742 г. Сапегі выдалі Хлявінскаму і Макоўскаму 300 злотых. Кліентура дзейнічала і за межамі павета: нямкоўскі стараста Караль Вішчынскі і ашмянскі войскі Францішак Ракіцкі выконвалі даручэнні сваіх магнацкіх патронаў — адпаведна Радзівілаў і Сапегаў — на сойміках іншых паветаў ВКЛ.
Паводле складу паслоў, абраных на сойміках у Рагачове, А. Мацук вылучае кола родаў, якія складалі мясцовую шляхецкую эліту павета: Халецкія, Кельчэўскія, Прушаноўскія, Вішчынскія, Юдзіцкія, Фашчы і Дзерналовічы. Пасламі на соймы Рэчы Паспалітай абіраліся, з нязначнымі агаворкамі, выключна прадстаўнікі гэтых родаў; найбольшую колькасць разоў — па тры — рэчыцкі войскі Міхал Даніэль Кельчэўскі, рэчыцкі войскі Ігнат Прушаноўскі і нямкоўскі стараста Караль Вішчынскі.
Гэтае кола злучалі не толькі магнацкія патранаты, але і шлюбы: скарбнік рэчыцкі Казімір Вішчынскі быў жанаты з Францішкай Хлявінскай, а іх сын Юзаф — з Барбарай Дарналовіч.
Шэсць з гэтых сямі родаў пісаліся і ў попісе 1765 г.; Юзаф Дамінік Фашч і Казімір Вішчынскі былі на ім ротмістрамі гомельскай і чачэрскай парафій, а ўніверсалы, якімі попіс склікаўся, рассылаў харужы рэчыцкі Юзаф Леон Дэрнатовіч.
Павятовыя ўрады
Павятовыя ўрады складалі важную частку сістэмы шляхецкага самакіравання і адначасова былі адным з галоўных паказчыкаў палітычнага становішча мясцовых родаў. Да земскіх ураднікаў належалі, між іншымі, маршалак, падкаморы, харужы, стольнік, падчашы, лоўчы і іншыя ўраднікі. Намінацыі на павятовыя ўрады афармляліся каралеўскімі прывілеямі і запісваліся ў кнігі Метрыкі ВКЛ.
Маршалак належаў да найважнейшых павятовых ураднікаў і быў цесна звязаны з арганізацыяй шляхецкага самакіравання. Змаганне за павятовыя ўрады было адным з істотных элементаў палітычнай канкурэнцыі паміж мясцовымі родамі і магнацкімі групоўкамі, асабліва ў XVIII стагоддзі.
Рэчыцкія павятовыя маршалкі
Маршалак быў найстарэйшым земскім ураднікам павета і галавой мясцовай шляхецкай карпарацыі: ён старшыняваў на сойміках і ўзначальваў павет у паспалітым рушэнні. Падаецца спіс рэчыцкіх маршалкаў, чые намінацыі пацверджаны крыніцамі.Пра ўраднікаў Менскага ваяводства, у склад якога ўваходзіў Рэчыцкі павет, гл.:
Маршалак Год Іншыя ўрады і заўвагі Андрэй Халецкі 1589 пасаду заняў 5 лютага 1589 г.; пасол павета на Люблінскі сойм 1569 г., прывесіў пячатку да акта Люблінскай уніі; памёр перад 6 лютага 1595 г. Філон Аляксандр Юдзіцкі 1650 скарбнік рэчыцкі (1639), войскі браслаўскі (1646—1650), войт наваградскі (1647); электар Яна II Казіміра ад Мінскага ваяводства (1648); памёр у 1652 г. Міхал Юдзіцкі 1729 харужы рэчыцкі (1715), маршалак Галоўнага Трыбунала ВКЛ (1740), кашталян мінскі (1742); памёр у 1758 г. Казімір на Хальчы Халецкі 1765 на яго просьбу (ad Instantiam) быў пададзены попіс шляхты павета 1765 г. Юзаф Юдзіцкі 1771 абозны вялікі літоўскі (1774), стражнік вялікі літоўскі (1776—1789), стараста рэчыцкі (1773), маршалак Галоўнага Трыбунала ВКЛ (1777); галоўнакамандуючы войскам ВКЛ у вайне 1792 г.; 1719—1797 Казімір Хлявінскі 1787 пісар земскі рэчыцкі ў 1765 г.; кавалер ордэна Святога Станіслава (1787) і Белага Арла (1792); памёр 19 лістапада 1792 г.
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай урад маршалка быў пераўтвораны ў пасаду павятовага маршалка дваранства — гл. Рэчыцкія павятовыя маршалкі (1796—1917).
Суды
Земскі суд разглядаў маёмасныя і іншыя грамадзянскія справы шляхты; апеляцыйнай інстанцыяй для земскіх судоў служыў Галоўны Трыбунал ВКЛ. У перыяды бескаралеўя з прадстаўнікоў шляхты ствараліся каптуровыя суды, якія часова пераймалі судовыя функцыі. Кніга каптуровага суда Рэчыцкага павета была апублікавана Ю. Бартошэвічам у 1881 г.
Сярод вядомых судовых працэсаў сярэдзіны XVIII стагоддзя — справа 1762 г. аб узброеным нападзе на маёнтак Васкоўскага каля ракі Сож, у выніку якога загінулі пяць чалавек. Суд прызначыў штраф у 100 000 злотых, які не быў выплачаны; праз некалькі гадоў асноўныя фігуранты справы атрымалі павятовыя пасады.
Судовыя кнігі павета захавалі і шматгадовыя маёмасныя спрэчкі паміж самімі мясцовымі родамі. Вішчынскія судзіліся за свае рэчыцкія маёнткі больш за трыццаць гадоў: 18 лістапада 1705 г. падчашы рэчыцкі Казімір-Ян Вішчынскі ўнёс у гродскі суд маніфест супраць віцебскага ваяводы і рагачоўскага старасты Казіміра Пацея за забранне падчас вайны маёнткаў Вішчын, Круплі, Шапчыцы і іншых; 3 сакавіка 1734 г. яго сын Пётр атрымаў па той жа справе дэкрэт рэчыцкага каптуровага суда; а 4 кастрычніка 1738 г. трое братоў Вішчынскіх падалі ў гродскі суд маніфест супраць Юдзіцкіх за невяртанне дакументаў на тыя ж маёнткі.
Шляхецкія роды паводле попісу 1765 г.
30 верасня 1765 г. пад Рагачовам адбыўся попіс паспалітага рушэння шляхты Рэчыцкага павета, скліканы паводле канстытуцыі канвакацыйнага сойма 1764 г. Складзеная на ім Tabella alias Regestr Popisowy была ўнесена ў земскія кнігі павета 5 кастрычніка 1765 г. на Міхайлаўскіх роках у Рагачове. Дакумент ахоплівае 24 старонкі — ад загалоўка Aktykacya Tabelli alias Regestrow Popisowych Prześwietnego Powiattu Rzeczyckiego да заключнай формулы Wypis Wydan — і пералічвае больш за 400 запісаў з пяці парафій павета.НГАБ. Ф. 1783. Воп. 1. Спр. 1. Арк. 54—65адв.