Удар па школе для дзяўчынак у Мінабе быў нанесены 28 лютага 2026 года на фоне ізраільска-амерыканскай кампаніі супраць Ірана. Паводле іранскіх афіцыйных крыніц, пры ўдары загінулі каля 180 чалавек.
Ход падзей Раніцай 28 лютага 2026 года ўзброеныя сілы Ізраіля і ЗША пачалі наносіць удары па Іране. Ракетны ўдар быў нанесены ў тым ліку і па горадзе Мінаб, размешчаным у правінцыі Хармазган у паўднёвай частцы краіны. Адна з ракет трапіла ў будынак школы для дзяўчынак «Шаджарэ Таебэ», у якім праходзілі заняткі. Іранскія ўлады паведамілі, што ў школе ў гэты момант знаходзілася каля 170 вучняў. Паводле адных звестак, удар быў нанесены паміж 8 і 10 гадзін раніцы, па іншых — у 10:45 раніцы.
Пачуўшы выбухі, мясцовыя жыхары збегліся да школы і самастойна спрабавалі дастаць дзяцей з-пад завалаў. Супрацоўнікі сіл бяспекі спрабавалі адцясніць людзей, баючыся новых удараў. Неўзабаве ўлады арганізавалі выратавальныя працы, а сваякі дзяцей і супрацоўнікаў чакалі іх вынікаў паблізу.
Абставіны Школа размешчана прыблізна ў 600 метрах ад базы Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР), таксама атакаванай у той жа дзень. Паводле спадарожнікавых здымкаў, у 2013 годзе будынак школы з’яўляўся часткай базы, але да верасня 2016 года ён быў аддзелены ад базы сцяной.
Ахвяры Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя Ірана, у выніку ўдару загінулі каля 180 чалавек. Раненні атрымалі 96 чалавек. Многія з ахвяр — дзяўчынкі ва ўзросце ад сямі да дванаццаці гадоў.
Рэакцыя Прэзідэнт Ірана Масуд Пезешкіян адзначыў, што здарэнне «ніколі не сатрэцца з гістарычнай памяці іранскага народа», назваўшы гэта варварствам. Ён выказаў спачуванні сем’ям загінулых, жыхарам Мінаба і ўсяму народу Ірана. Прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Ірана Хасейн Керманпур назваў паведамленне пра атаку «самай горкай навіной» на той момант, дадаўшы, што пад заваламі можа быць яшчэ больш целаў.
ЮНЕСКА ў сваёй заяве назвала атаку цяжкім парушэннем гуманітарнага права.
Прэс-сакратар Цэнтральнага камандавання ЗША заявіў, што ім «вядома аб паведамленнях аб прычыненні шкоды грамадзянскаму насельніцтву» і што камандаванне будзе «працягваць прымаць усе даступныя меры засцярогі, каб мінімізаваць рызыку ненаўмыснай шкоды». Міністр абароны ЗША Піт Хегсет заявіў, што ў дачыненні да ўдару па школе праводзіцца расследаванне. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп бяздоказна абвінаваціў Іран ва ўдары па школе, заявіўшы, што «мы лічым, што гэта зрабілі іранцы... як вы ведаеце, іх боепрыпасы вельмі недакладныя. У іх наогул няма дакладнасці».
Ізраільскія вайскоўцы паведамілі, што ім не было вядома пра ўдары ў гэтым раёне.
Крыніцы
Катэгорыя:2026 год у Іране Катэгорыя:Люты 2026 года Катэгорыя:Падзеі 28 лютага Катэгорыя:Вайна на Блізкім Усходзе (з 2023)