Уладзімір Іванавіч Шэлестаў () — беларускі акцёр тэатра і кіно, тэатральны рэжысёр, педагог. Заслужаны артыст БССР (1988).
Біяграфія Нарадзіўся 6 студзеня 1948 года ў Палтаве (Украінская ССР).
У 1967 годзе паступіў у Ленінградскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі. Скончыў навучанне па спецыяльнасці «акцёр тэатра і кіно» (курс В. С. Андрушкевіча) у 1971 годзе. Дыпломныя работы — ролі Яшы і Пеці Трафімава ў спектаклі «Вішнёвы сад» А. Чэхава, а таксама Казачніка і Саветніка ў «Снежнай каралеве» Я. Шварца.
Па сканчэнні інстытута працаваў акцёрам у Рускім драматычным тэатры імя А. Чэхава ў Кішынёве (Малдаўская ССР). Сыграў ролі Марцімера («Марыя Сцюарт» Ф. Шылера), Алёшы («Муж і жонка здымуць пакой» М. Рошчына) і Валянціна («Валянцін і Валянціна» М. Рошчына).
З 1976 года працаваў у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры імя М. Горкага (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя М. Горкага — НАДТ) у Мінску. На пачатку кар'еры выступаў у амплуа сацыяльнага героя. Пазней адзін з вядучых акцёраў НАДТ імя М. Горкага. Удзельнічаў у антрэпрызных праектах (напрыклад, у спектаклі «Пяць вечароў» Першай прыватнай антрэпрызы «Тэатральныя зоркі»). Унёс уклад у развіццё жанру монаспектакля ў Беларусі праз супрацоўніцтва з тэатрам «Зніч».
Апроч акцёрскай работы, навучаў акцёрскаму майстэрству ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.
Памёр 19 чэрвеня 2017 года. Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Творчасць
Творчаму метаду Уладзіміра Шэлестава былі ўласцівы псіхалагізм, эмацыянальнасць і прастата выразных сродкаў пры ўнутраным напале страсцей.
Тэатральныя ролі За час працы ў тэатры імя М. Горкага сыграў больш за 40 роляў, сярод іх: Майстар — «Майстры» А. Дударава паводле М. Булгакава; Уладзімір Ільіч Ленін — «Сінія коні на чырвонай траве» М. Шатрова; Епіходаў — «Вішнёвы сад» А. Чэхава; Освальд Алвінг — «Здані» («Прывіды») Г. Ібсена; Ясюнін — «Гняздо глушца» В. Розава; Озрык, Гарацыо — «Гамлет» У. Шэкспіра; Беркутаў — «Ваўкі і авечкі» А. Астроўскага; Парамон Ільіч Корзухін — «Бег» М. Булгакава; Альфрэд Дулітл — «Пігмаліён» Б. Шоу.
Монаспектаклі Супрацоўнічаў з Беларускім паэтычным тэатрам аднаго акцёра «Зніч» больш за 20 гадоў. Сярод маналогаў і сольных работ Уладзіміра Шэлестава: «Пакорлівая» паводле Ф. Дастаеўскага; «Нобіль — барвяны ўладар» паводле аповесці «Сівая легенда» У. Караткевіча; «Камедыя пра Барыса Гадунова і Грышку Атрэп’ева» паводле А. Пушкіна; «Пугачоў» паводле С. Ясеніна і А. Пушкіна; «Палескія рабінзоны» паводле Я. Маўра.
Рэжысёрскія работы Як рэжысёр у тэатры імя М. Горкага паставіў спектаклі (усе ў 1982): «Жалезнае вяселле» О. Наважылава; «Людзьмі звацца» паводле Я. Купалы і Я. Коласа; «Іван-царэвіч» Ю. Міхайлава. Таксама ў 2003 годзе сумесна з В. Баркоўскім паставіў спектакль «Заўтрак на траве» Е. Паповай.
Фільмаграфія Здымаўся ў кіно з 1976 года. Асноўныя ролі: «Марк Твен супраць…» (1976); «Дзяржаўная мяжа» (1980); «Сказка пра Зорнага хлопчыка» (1983); «Мудрамер» (1988); «На Чорных Былінах» (1995); «Снайпер-2. Тунгус» (2012).
Узнагароды Заслужаны артыст БССР (1988); Медаль «За працоўную адзнаку» (1988); Грамата Вярхоўнага Савета БССР (1988); Лаўрэат Міжнароднага фестывалю монаспектакляў «Я» (Мінск, 1996); Прэмія «Лепшая мужчынская роля» на Фестывалі нацыянальнай драматургіі (Бабруйск, 1998); Гран-пры Міжнароднага фестывалю монаспектакляў ва Уроцлаве (Польшча, 2001); Ганаровая грамата Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь (2007); Нагрудны знак Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2008).
Крыніцы
Літаратура Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 2004. — Т. 18, кн. 1. — С. 29. Республика Беларусь : энциклопедия : [в 7 т.]. — Минск, 2008. — Т. 7. — С. 581. Современное искусство Республики Беларусь : справочник персоналий / Министерство культуры Республики Беларусь, Учреждение образования «Белорусский государственный университет культуры и искусств»; [составители: В. П. Прокопцова и др.]. ― Минск, 2018. — С. 418—419. Уладзімір Караткевіч : энцыклапедыя / [рэдкалегія: В. У. Ваніна (галоўны рэдактар) і інш.]. — Мінск, 2020. — С. 419.