Ка́раль Казімі́равіч Жуко́ўскі (пры хрышчэнні — Ма́рцін Ка́раль, , ; , Беласток — , Санкт-Пецярбург) — мастак-малявальшчык і літограф, дзейнічаў у Расійскай імперыі. Малодшы брат мастака Рудольфа Жукоўскага.
Біяграфія Нарадзіўся года ў Беластоку (у ранейшых біяграфічных даведніках памылкова пазначаўся 1815 ці 1816 год). Ахрышчаны 25 лістапада (7 снежня) 1814 года ў беластоцкім касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ксяндзом Юзафам Кулікоўскім. Сям’я пражывала ў Беластоку на вуліцы Зялёнай. Бацькі — Казімір і Юстына з Краўзаў Жукоўскія. У метрычным запісе аб хрышчэнні бацькі пазначаны як мяшчане, аднак у пазнейшых дакументах сям’я фігуруе як шляхта: напрыклад, старэйшы брат Ян у 1827 годзе браў шлюб ужо як шляхціц. Меў таксама старэйшага брата Казіміра, які нарадзіўся ў 1810 годзе ў Кнышыне.
Пасля заканчэння гімназіі ў Беластоку ў 1832 годзе разам з братам прыехаў у Санкт-Пецярбург, дзе паступіў у Акадэмію мастацтваў у клас гістарычнага жывапісу. З 1 студзеня 1833 года быў залічаны ў вучні ў якасці пенсіянера Міністэрства народнай асветы. У гады вучобы неаднаразова адзначаўся ўзнагародамі: атрымаў сярэбраныя медалі другога (1835, 1836) і першага (1838) годнасці. У 1839 годзе быў удастоены залатога медаля другога годнасці за выкананне праграмы «Вестка Якаву пра ўяўную смерць Іосіфа, прададзенага братамі». Скончыў навучанне 28 кастрычніка 1839 года, атрымаўшы званне свабоднага мастака са шпагай, права на чын чатырнаццатага класа і рэкамендацыю на заняцце пасады настаўніка малявання ў гімназіі.
Дзейнасць У 1840 годзе пачаў вывучаць тэхніку літаграфіі пад кіраўніцтвам жывапісца і друкара Карла Іагана Поля. Гэты саксонскі падданы прыехаў у Санкт-Пецярбург па запрашэнні Таварыства заахвочвання мастакоў для навучання расійскіх майстроў (пазней ён працаваў у Варшаве). Пад яго кіраўніцтвам Караль выканаў паводле ўласных малюнкаў літаграфаваныя партрэты прафесара Маскоўскага ўніверсітэта Міхаіла Рыгоравіча Паўлава і міністра народнай асветы князя П. А. Шырынскага-Шыхматава.
Быў членам літаратурнага гуртка польскамоўных інтэлектуалаў з Беларусі, заснаванага пісьменнікам Янам Баршчэўскім у Санкт-Пецяргубргу. Выканаў партрэты сяброў гуртка: Яна Баршчэўскага, Антона Абрамовіча, Ігнацыя Жэготы Анацэвіча, Плацыда Янкоўскага (Джона Дыкалпа), Рамуальда Падбярэскага, Тадэвуша Лады-Заблоцкага.
У 1841 годзе разам з братам і аднакурснікам па Акадэміі В. Ф. Трухманавым быў прыняты ў штат Часовай літаграфскай майстэрні Дэпартамента ваенных паселішчаў Ваеннага міністэрства. Майстэрня была спецыяльна створана для выдання шматтомнай працы А. В. Віскаватава «Гістарычнае апісанне адзення і ўзбраення Расійскіх войскаў». Падчас працы ў майстэрні выканаў шэраг літаграфаваных відарысаў ваеннай формы і партрэты манархаў. Улетку 1843 года звольніўся з майстэрні па ўласным прашэнні з-за сямейных абставін.
У 1844 годзе прыцягваўся да ілюстравання кнігі М. А. Палявога «Аповесць пра вялікую бітву Барадзінскую, якая была 25-га жніўня 1812 года». Для гэтага выдання мастак стварыў літаграфаваныя партрэты імператара Напалеона I Банапарта (з арыгінала Ж.-Л. Давіда), князя М. І. Галянішчава-Кутузава, князя М. Б. Барклая-дэ-Толі, віцэ-караля Італіі Эжэна Багарнэ і князя П. І. Баграціёна (з арыгінала Дж. Доу).
Сярод іншых вядомых прац Жукоўскага — маляваныя партрэты князя А. П. Урусава, маскоўскага гарадскога галавы А. П. Шастова і таемнага саветніка І. В. Капніста, якія пазней былі літаграфаваны Г. Д. Мітрэйтэрам у 1850-я гады. У гэты ж перыяд Караль служыў па прыдворным ведамстве на Каўказе, дзе пазнаёміўся з князем Р. Р. Гагарыным, будучым віцэ-прэзідэнтам Акадэміі мастацтваў.
Сям’я Быў жанаты з Марыяй Восіпаўнай Жукоўскай. У шлюбе нарадзіліся сыны Эдуард і Іосіф. Пасля смерці мастака ў 1866 годзе ўдава з малалетнімі дзецьмі засталася без сродкаў да існавання і ўтрымлівалася за кошт брата мужа — Рудольфа Жукоўскага.
Спадчына Некаторыя малюнкі і літаграфіі Караля Жукоўскага зберагаюцца ў зборах Дзяржаўнай Траццякоўскай галерэі ў Маскве і Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Нарадзіліся 11 лістапада Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1814 годзе Катэгорыя:Памерлі 24 снежня Катэгорыя:Памерлі ў 1866 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Санкт-Пецярбургу Катэгорыя:Мастакі Расійскай імперыі Катэгорыя:Выпускнікі Імператарскай Акадэміі мастацтваў