Камень спатыкнення (אֶבֶן נֶגֶף , אדער, א שטיין אין וועג), чытаецца: Эвен негеф, одэр а штэйн ін вэг — раман на ідышы пяра Якава Дзінесона, выданы ў 1890 годзеУ арыгінальным напісанні іўрыцкай назвы апошняя літара мела дыякрытыку.. Другая з яго надрукаваных мастацкіх кніг.
Быў практычна завершаны ў 1877 годзе, але Дзінезон пасля выхаду «Чорнага малойчыка» не хацеў больш нічога публікаваць, так на яго ўплывала маўклівае неадабрэнне з боку маскіліцкай прэсы і хваля бульварных перайманняў. Наступную кнігу ён аддаў у друк ужо ў варшаўскі перыяд жыцця, па просьбе Пераца, сяброўства з Перацам і Дубновым надало яму творчы імпэт.
Змест Пачынаецца эпіграфам з Ісаі (8:14).
Апавядае гісторыю нешчаслівага кахання маладой Рохале і яе кузэна Мойшале, шлюбу з якім не дазваляюць ёй бацькі. Мойшале са згоды Рохале паехаў у Брэслаў вучыцца ў семінарыі, і хасіды з цодыкам лічаць гэта ерассю. Рохале супраць волі заручылі з іншым, яна ўцякае і памірае ахвярай асяродку, ахвярай таго, што Мойшале назваў «камень спатыкнення» і з чым ён клянецца ўсімі сіламі змагацца.
Дзінезон паказвае розныя сем’і на фоне змагання ідэй гаскалы і хасідызму, канфлікт унутры самой сям’і. Бацька гераіні, багаты маскіл рэб Лэйзар спалучае асвету і традыцыйныя звычкі. Дачка нагадвае яго, яна пяшчотная і слухмяная, але ў яе душы расце пратэст. Зусім іншы характар ягонай жонкі Хаі, яна прыхільніца хасідскага рэбэ, эгаістычная і крывадушная. Па смерці мужа яна сабралася «скласці партыю» для дачкі, таемна змовілася з мужавым братам-хасідам, бяздзетным рэб Шлоймам і з інтрыганам рэб Пінхусам, які служыць у сінагозе і хоча ажаніцца з удавой Хаяй з-за яе грошай.
На першых старонках рамана Рохале заходзіць у хедар і заўважае, які ён несамавіты, гразкі, смярдзючы. Ёй не хочацца аддаваць дзяцей сюды, на гэта меламед Шыман адказвае словамі з торы, узвялічвае смутак і пакуты. Рохале шкадуе яго, ён часты госць у рэб Лэйзара і іншых заможных дамах, дзе хасіды любяць выпіць і з’есці бісквіт. Шыман не злы ад прыроды, але ён злуецца ад беднасці і хатніх сварак, б’е дзяцей. Ён ніяк не збярэ грошы на пасаг уласнай дачкі. Найгоршую шкоду робіць ён, калі згаджаецца за невялікую плату выступіць у ролі шадхана-свата і падбірае Рохале кепскага жаніха.
Думкі Мойшале гаворыць у канцы кнігі пра бедака, што спатыкнуўся на камені і зламаў нагу, яўрэі паднялі яго і аднеслі ў прытулак. Мойшале заклікае прыбраць каменне з дарог. «Спачуванне — дапамагчы таму, хто ўпаў. Але розум і мудрасць вучаць зрабіць так, каб ніхто не падаў, усімі сіламі прадухіліць бяду».
Шмуіл Ражанскі піша ў сваёй кнізе, у раздзеле пра гэты раман: беднасць вядзе да злых учынкаў. Бедны не можа быць адказным. Таксама і багаты мяняецца ў горшы бок.
Асаблівасці Меер Пінес заўважае, што нешчаслівы канец — вельмі пашыраная рыса ва ўсёй яўрэйскай літаратуры; станоўчыя героі, на яго думку, гавораць саладжавай мовай, развіццё кахання незвычайнае. Ёсць пазнавальныя адступленні (у адной сцэне Мойшале тлумачыць Рохале, што такое воблака). Пінес лічыць цікавымі другасных герояў. — Старая служанка Фэйга стала для дзяўчыны другой маткай. Бедны настаўнік Інгале, калі выпіў першую шклянку малака ад сваёй казы, шкадуе, што для малака і вады ўстанавілі адну малітву, ад шчасця яму хочацца, каб малако шанавалася так, як віно, і мела сваю асобную малітву.
Шмуіл Ражанскі ацэньвае раман вышэй і заўважае, чым ён лепшы за папярэдні. Важна, што ўпершыню ў яўрэйскім рамане створаны вобразы цэлых сем’яў. Дзінезон захоўвае кантраст добрых і злых герояў, але ўжо не спрошчаны, не абсалютны. Станоўчыя маюць мноства добрых якасцей, але і злыя маюць добрыя рысы, а некаторыя героі супярэчлівыя. У мове кнігі стала менш варварызмаў і дыялектызмаў. Дыялогі карацейшыя, увага пільней засяроджваецца на сюжэце, лепей атрымаліся персанажы, стыль.
Дзінезон паказвае маральную дэградацыю хасідаў. Ён далёкі ад сатыры Лінецкага, яго стыль мякчэйшы, стрыманы.
Выданні Раман вытрымаў 4 выданні. Вільня, 1890, 380 ст. Варшава, 1902 — анлайн Варшава, 1928, 492 ст.; правы на стварэнне копій Шрэберк зарэгістраваў у Нью-Ёрку — анлайн Масква, 1938, 275 ст.
Заўвагі
Літаратура Jacob Dinezon — Chapter Five, jacobdinezon.com — паводле: Rozshanski, Shmuel. Jacob Dinezon: The Mother Among Our Classic Yiddish Writers. Translated by Miri Koral. Raleigh, NC: Jewish Storyteller Press, 2016. 140 pp. М. Я. Пинес. История еврейской литературы. Авторизованный пер. с немецкого С. С. Вермеля. М.: Универсальное книготоварищество Л. А. Столяр, типография Торгового дома «Мысль», 1913
Катэгорыя:Літаратурныя творы паводле алфавіта Катэгорыя:Літаратурныя творы на ідышы Катэгорыя:Раманы XIX стагоддзя Катэгорыя:Раманы Катэгорыя:Кнігі 1890 года