Паўлі́на Керсно́ўская () — беларуская народная спявачка, апавядальніца другой паловы XIX — пачатку XX стагоддзя.
Біяграфія Паходзіла са шляхецкага роду. Нарадзілася ў вёсцы Рудзевічы (сучасны Зэльвенскі раён Гродзенскай вобласці).
Валодала фенаменальнай памяццю, ведала шмат беларускіх народных павер’яў, легенд і паданняў, абрадаў, свят, песень і іншага фальклорнага матэрыялу. У 1877—1890-я гады выступала ў якасці інфарматаркі вядомага этнографа Міхала Федароўскага, дапамагаючы яму фіксаваць беларускі фальклорна-этнаграфічны матэрыял. Ад яе М. Федароўскі запісаў вялікую колькасць беларускіх вясельных песень, а ў 1877—1878 гадах Паўліна Керсноўская падрабязна праінфармавала яго пра вясельны абрад у беларусаў.
Калі ў Ваўкавыскім павеце кампазітар і этнограф Ян Карловіч рабіў музычныя запісы для М. Федароўскага, Паўліна Керсноўская паведаміла яму каля 300 мелодый. За веданне надзвычай вялікай колькасці фальклорных твораў, уменне па-майстэрску выконваць іх, расказваць ці спяваць, Я. Карловіч назваў яе «Шахеразадай». М. Федароўскі ў прадмове да першага тома сваёй манументальнай працы «Люд беларускі» (1897) захапляўся яе памяццю, ведамі польскіх і беларускіх абрадаў, свят, песень. Фальклорныя запісы, атрыманыя ад Паўліны Керсноўскай, увайшлі ў пяты і шосты тамы «Люду беларускага», якія пабачылі свет у 1958—1960 гадах.
Сям’я Маці Паўліны Керсноўскай, Тэрэза Калупайла, таксама была далучана да захавання фальклорнай спадчыны: за два месяцы да сваёй смерці яна паведаміла Яну Карловічу старыя польскія мелодыі XVIII стагоддзя. Дачка Паўліны, Пелагея, працягнула сямейную традыцыю і выступала інфарматаркай Міхала Федароўскага, паведаміўшы яму шмат песень, павер’яў, забабонаў, прыказак і прымавак.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Нарадзіліся ў XIX стагоддзі Катэгорыя:Нарадзіліся ў Ваўкавыскім павеце (Расійская імперыя) Катэгорыя:Нарадзіліся ў Зэльвенскім раёне Катэгорыя:Памерлі ў XX стагоддзі Катэгорыя:Фалькларысты Беларусі