Урыэль Вайнрайх () — амерыканскі лінгвіст і асветнік, даследчык у галіне агульнага мовазнаўства, дыялекталогіі, сацыялінгвістыкі, структурнай лінгвістыкі і семантыкі. Стваральнік амерыканскай сістэмы акадэмічнага вывучэння і выкладання мовы і культуры ідыш. Аўтар нарматыўнага сучаснага англа-ідыш і ідыш-англійскага слоўніка, стваральнік канцэпцыі «Моўнага і культурнага атласа ашкеназскага яўрэйства».

Біяграфія Урыэль Вайнрайх нарадзіўся ў Вільні, у сям’і мовазнаўцы і навуковага арганізатара Макса Вайнрайха. Дзедам па маці быў выбітны лекар і грамадскі дзеяч Цэмах Шабад. Атмасфера ў сям’і была прасякнутая ідышызмам і настроямі здабыцця лепшай долі для ўсходнееўрапейскага яўрэйства. Ужо ў маладыя гады Урыэля прываблівала мовазнаўства, і шматнацыянальная Вільня, з яе культурнай і моўнай разнастайнасцю, значна паўплывала на фарміраванне светапогляду і зацікаўленняў юнака. Урыэль вучыўся ў Віленскай рэальнай гімназіі, дзе мовай выкладання быў ідыш, які лічыўся нацыянальнай мовай ашкеназскага яўрэйства і адной з галоўных падвалін мадэрнай яўрэйскай тоеснасці.

З пачаткам Другой сусветнай вайны сям’я Вайнрайхаў апынулася ў Амерыцы. Урыэль далучыўся да мясцовай ідышысцкай грамады, затым у 1944—1946 гг. служыў у амерыканскім войску ў Германіі. Дэмабілізаваўшыся, скончыў навучанне ў Калумбійскім універсітэце. Ён апублікаваў падручнік ідыш для вышэйшай адукацыі, College Yiddish (1949, з прадмовай Рамана Якабсона), у 1951 годзе атрымаў доктарскую ступень па лінгвістыцы, а праз год узначаліў катэдру Атрана па культуры і мове ідыш у Калумбійскім універсітэце. Разам з Максам Вайнрайхам ён быў дзейным сябрам Інстытута яўрэйскіх даследаванняў ІВО ў Нью-Ёрку.

Жонка Урыэля Вайнрайха, Беатрыс-Біна Сільверман-Вайнрайх (1928—2008), была даследчыцай і калегай у галіне мовазнаўства і фальклору ідыш. У іх нарадзілася двое дзяцей, дачка Шыфра і сын Дон. Урыэль Вайнрайх заўчасна, на 41-м годзе жыцця, памёр у 1967 годзе.

Навуковая дзейнасць З юнацкіх гадоў Урыэль Вайнрайх цікавіўся тэарэтычнымі пытаннямі мовазнаўства. Застаючыся чынным актывістам культуры ідыш і стаўшы ў 1952 годзе прафесарам мовы і культуры ідыш у Калумбійскім універсітэце, Урыэль Вайнрайх пашырыў свае даследаванні на больш шырокія пытанні мовазнаўства, уключаючы сацыялінгвістыку і пытанні моўнага кантакту, высвятляючы, як мовы развіваюцца, мяняюцца, узаемадзейнічаюць і ўплываюць адна на адну. Прыкладам уціску і дамінацыі ў моўнай галіне была русіфікацыя нацыянальных моў пры Саветах, якой Вайнрайх прысвяціў адмысловы артыкул.

У сваіх падыходах Урыэль Вайнрайх здолеў спалучыць еўрапейскі і амерыканскі досвед. На падставе сваёй доктарскай працы Вайнрайх апублікаваў манаграфію Мовы ў кантакце (1953), якая адразу прыцягнула ўвагу навукоўцаў, была некалькі разоў перавыдадзена і перакладзена на іншыя мовы.

Вайнрайх пад кіраўніцтвам выбітнага швейцарскага лінгвіста Андрэ Мартынэ вывучаў білінгвізм і мультылінгвізм. У 1953—1960 гг. Вайнрайх быў сурэдактарам аўтарытэтнага часопіса па лінгвістыцы Word. Вайнрайх плённа працаваў таксама ў галінах структурнай лінгвістыкі і семантыкі, супрацоўнічаючы са сваімі вучнямі Марвінам Герцагам і Уільямам Лабавам над працай Language and Culture Atlas of Ashkenazic Jewry (). Паралельна ён займаўся вялікім лексікаграфічным праектам — нарматыўным сучасным англа-ідыш і ідыш-англійскім слоўнікам, які выйшаў неўзабаве пасля яго смерці.

Цікава адзначыць, што сярод прац Урыэля Вайнрайха ёсць грунтоўны артыкул «Геаграфічны лад беларускага ідышу» (1969), са звесткамі пра беларускую мову і з мапамі дыялекталагічных ізаглос. У архіве У. Вайнрайха ў Інстытуце ІВО захоўваецца аўтарызаваны пераклад артыкула на беларускую мову.

Крыніцы