Акаліна — прадукт акіслення паверхні металаў, сплаваў пры ўзаемадзеянні з вонкавым асяроддзем. Звычайна акалінай называюць прадукт акіслення жалеза і яго сплаваў. У шырокім сэнсе акаліна — хімічныя злучэнні, утвораныя на паверхні любога металу пры яго рэакцыі з акісляльнікамі (кіслародам, серай, азотам і інш.). Пагаршае якасць паверхні і прыводзіць да страты металу (каля 6 %); у некаторых выпадках выкарыстоўваюць яе ахоўныя ўласцівасці (гл. аксідаванне). Акаліна, што ўтвараецца на паверхні металу ў час пракаткі, коўкі, штампавання, выкарыстоўваецца ў канвертарнай, доменнай ці мартэнаўскай вытворчасці. З акаліны кіпячых сталяў атрымліваюць жалезны парашок, які выкарыстоўваюць у магнітнай дэфектаскапіі, парашковай металургіі. Спецыяльнй апрацоўкай з акаліны легіраваных сталяў і сплаваў вылучаюць каштоўныя металы. Акаліны здымаюць механічным спосабам, траўленнем ці электрагідраўлічнай апрацоўкай.

Літаратура

Катэгорыя:Металургічныя працэсы і аперацыі