Завелле (Завілле), пазней у гістарыяграфіі Завілейская Літва (, ) — гістарычнае найменне тапаграфічнага абшару (харонім), які ў гістарыяграфіі часта апісваюць як гістарычны рэгіён Вялікага Княства Літоўскага.
Назва акрэслівала землі на паўночным (правым) беразе Віліі (Вяллі) з пункту гледжання назіральніка на паўднёвым (левым) беразе.
Велікакняжацкая Канцылярыя ўжывала назву Завелле ў дакументах з пачатку XVI ст.. Часцей за ўсё ў актах Завелле супрацьстаўлялася «стороне ошмянской».
У Ашмянскім павеце, праз яго велічыню пасля рэформы 1565—1566 года, для завілейскай часткі павета (Завелля) стварылі асобную судовую акругу, дзе земскі і гродскі суды пачаргова праводзілі сесіі. Пасяджэнні для «ашмянскага боку» адбываліся ў Ашмянах, а для Завелля — у Мядзелі, з 1775 года ў Паставах. Такім чынам, ашмянскае Завелле ахоплівала на тэрыторыі сучаснай Беларусі землі пракладна да ракі Дзісны. Урэшце, у 1791 годзе з завілейскай часткі Ашмянскага павету ўтварылі асобны Завілейскі павет, скасаваны у 1793 годзе, практычна другім падзелам Рэчы Паспалітай. У Расійскай імперыі ў 1795 годзе створаны Завілейскі павет, з цэнтрам у Свянцянах, у 1842 годзе перайменаваны ў Свянцянскі павет.
З 1560-х гадоў вядомы Завілейскі дыстрыктр кальвінскай Ядноты Літоўскай, называўся так адносна Віленскага дыструкту і ахопліваў тэрыторыі на поўнач ад Віліі, уключаў Вількамір, Коўна, Упіту і іншыя месцы да меж Жамойцкага дыстрыкту. Межы дыстрыктаў не суадносіліся з адміністрацыйна-тэрытарыяльным падзелам.
Апостальскі візітатар , па выніках візітацыі завілейскай часткі Віленскага арцыбіскупства ў 1595 годзе, пісаў у справаздачы Святому Прастолу ад 22 снежня 1595 года:
Паколькі па даручэнні згаданага Нашага Святога Айца Папы Клімента VIII і яго Святога Апостальскага Прастола мы правялі візітацыю Віленскай дыяцэзіі і агледзелі некаторую яе частку за ракой Віліяй, мы заўважылі, што там мноства парафіяльных касцёлаў закінута і не мае сваіх пробашчаў праз недастатковы клопат ужо доўгі час.
Калі ж дзе і здолелі знайсці святароў пры некаторых касцёлах, мы заўважылі, што праз няведання мясцовай літоўскай мовы яны былі зусім бескарыснымі для касцёлаў і народа гэтага краю. Праз іх недахоп і няведання мовы людзі застаюцца не толькі без якога-небудзь неабходнага для выратавання вучэння і без прыняцця святых сакрамэнтаў, але і без саміх таінстваў і без самога пазнання Бога, жывучы нібы неразумныя жывёлы, а велізарная колькасць немаўлят вельмі часта памірае без святой хрышчальнай вады, пра што мы даведаліся з вялікім болем…Michał Baliński. Dawna Akademia Wileńska: próba jéj historyi od założenia w roku 1579 do ostatecznego jéj przekształcenia w roku 1803. — Wilno, 1862. — S. 440.
Упершыню назву Літва Завілейская ужыў Мацей Стрыйкоўскі ў сваёй хроніцы, адкуль яна трапіла ў гістарыяграфію. У пазнейшай польскай гістарыяграфіі землі на паўднёвым (левым) беразе Віліі пачалі называць Павілейскай Літвой, як проціпастаўленне гістарыяграфічнай Завілейскай Літве.
Палітычны і эканамічны характар «Завілейскай Літвы» не раз быў аб’ектам даследаванняў, калі не ўласна, то ў межах шырэйшых тэм. Ежы Ахманскі ў склад Завілейскай Літвы ўключаў паўночную частку Віленскага, Вількамірскі і Браслаўскі, а ў склад Павілейскай — Ашмянскі і Свянцянскі пазнейшыя паветы Расійскай імперыі.
З’яўленне наймення ў XVI стагоддзі асобна даследаваў Збыслаў Вайтковяк. Даследчык знайшоў у актах адзінкавы выпадак звароту да намеснікаў і баяраў «по обе стороне Вилеи» у сярэдзіне XV ст., і з гэтага асцярожна дапусціў, што азначэнне Завелле магло быць ужо ў гэты час. Таксама Вайтковяк звярнуў увагу, што крыжакі ў XIII—XIV стагоддях выразна адрознівалі землі абодвух берагоў Віліі, з гэтага даследчык дапусціў, што магчыма крыжацкія храністы мелі на ўвазе не толькі тапаграфічную, але і грамадска-палітычную розніцу паміж гэтымі абшарамі. Далей, праз шматлікія дапушчэнні і рэтраспектыўныя экстрапаляцыі, якія ясна падкрэсліваў і агаворваў, Вайтковяк дапускаў, што Завілейскую Літву можна суаднесці ў племянным часе з зямлёй Дзяволтвай, а Павілейскую — з Нальшанамі.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Вялікае Княства Літоўскае Катэгорыя:Рэгіёны Беларусі Катэгорыя:Рэгіёны Літвы