Губернскія вучоныя архіўныя камісіі — губернскія ўстановы па зборы гістарычных крыніц у Расійскай імперыі ў 1884—1918 гадах. Створаны па ініцыятыве дырэктара імператарскага Археалагічнага інстытута Мікалая Калачова. Дзейнічалі ў 41 губерні Расійскай імперыі, на Беларусі — Віцебская вучоная архіўная камісія. Паводле «Палажэння» ад 13 красавіка 1884 года іх задачай было захаванне дакументаў і стварэнне з іх калекцый для гістарычных архіваў. У рабоце камісій удзельнічалі вучоныя (у т. л. Уладзімір Іванавіч Пічэта), пісьменнікі (Максім Горкі, У.Г.Караленка). Камісіі арганізоўвалі бібліятэкі, музеі, збіралі этнаграфічны матэрыял, праводзілі археалагічныя раскопкі, выдавалі зборнікі «Труды», «Известия», «Действия»; агулам выйшла каля 900 выданняў. Да 1912 года архіўныя камісіі падпарадкоўваліся Археалагічнаму інстытуту, пасля — Рускаму гістарычнаму таварыству.
Літаратура
Самошенко В. Н. История архивного дела в дореволюционной России. М., 1989. С. 135—138; Макарихин В. П. Губернские учёные архивные комиссии России. Нижний Новгород, 1991.