Архіпелагскія экспедыцыі рускага флоту — тры паходы расійскага Балтыйскага флоту ў Міжземнае мора і яго баявыя дзеянні ў раёне Грэчаскага архіпелага ў 2-й палове 18 — пачатку 19 стагоддзя: 1-я экспедыцыя (1769—74) праведзена ў час расійска-турэцкай вайны 1768—74 гадоў для нанясення ўдару па прыморскіх пунктах і адцягнення часткі турэцкіх сіл з дунайскага і крымскага напрамкаў. 2 расійскія эскадры на чале з адміралам Рыгорам Спірыдавым і контр-адміралам Эльфінстонам прыбылі ў Эгейскае мора, у баях у Хіяскім праліве (24.6.1770) і Чэсменскай бухце (26.6.1770) разграмілі турэцкі флот адмірала Хасан-бея і блакіравалі праліў Дарданелы (да 1773). 2-я экспедыцыя (1806—07) адбылася ў час расійска-турэцкай вайны 1806—12 гадоў. Расійская эскадра і грэчаская флатылія пад агульным камандаваннем віцэ-адмірала Дзмітрыя Сянявіна блакіравалі Дарданелы і ў бітвах каля іх, вострава Лемнас і Афонскага паўвострава (1807) разграмілі турэцкі флот. У ходзе 3-й экспедыцыі (1827) аб’яднаныя брытанская, расійская і французская эскадры пад агульным камандаваннем брытанскага віцэ-адмірала Кодрынгтана перамаглі турэцка-егіпецкі флот у Наварынскай бухце (8.10.1827). Экспедыцыі паскорылі заканчэнне расійска-турэцкіх войнаў, садзейнічалі нацыянальна-вызваленчай барацьбе грэчаскага народа супраць турэцкага панавання. Літаратура
Катэгорыя:Руска-турэцкія войны