Гаруда — міфічны цар птушак у індуісцкай і ў будыйскай традыцыі, паўчалавек і паўптушка. У індуізме — ездавая птушка сонечнай прыроды (вахана) бога Вішну. У будызме Ваджраяны Гаруда — ідам, адзін з сімвалаў прасветленага розуму. Гісторыя паходжання Гаруды і міфы аб ім выкладзены ў «Махабхараце», «Сканда-пуране» і «Шрымад Бхагаватам». Гарудзе прысвечаны шэраг тэкстаў, у прыватнасці, «Гаруда-упанішад» і «Гаруда-пурана». У міфе пра пахтанне акіяна багамі і дэманамі Гаруда з’яўляецца выкрадальнікам амрыты ў нагаў, хтанічных дэманаў-змеяў, сваіх ворагаў.

У індуізме Гаруда з’яўляецца адным з трох другарадных бостваў, культ якіх сфармаваўся ўжо ў постведыйскі перыяд. Двума іншымі аналагічнымі персанажамі з’яўляюцца Ганеша і Хануман. У іканаграфічнай традыцыі Гаруда адлюстроўваецца як арол з чалавечым тулавам. Катэгорыя:Багі індуізму