Антысеміты́зм — адзін з відаў ксенафобіі, форма нацыянальнай нецярпімасці, якая выяўляецца ў варожым стаўленні да яўрэяў як этнічнай або рэлігійнай групы, часта грунтуецца на забабонах. Паняцце значыць варожасць да яўрэяў або іўдзеяў, а не да ўсіх народаў семіцкай моўнай групы.
Гісторыя Лічаць, што паняцце «антысемітызм» увёў нямецкі публіцыст Вільгельм Мар у 1879 годзе, які называў групу сваіх прыхільнікаў «антысеміцкай лігай». Нямецкі гісторык Міхаэль Уладзіка піша, што ўпершыню паняцце ўжыта ў энцыклапедыі «Rotteck-Welckeschen Staatslexikon» у 1865 годзе, а пасля памылкова прыпісана МаруMichael Wladika: Hitlers Vätergeneration: Die Ursprünge des Nationalsozialismus in der k.u.k. Monarchie. Böhlau, Wien 2005, ISBN 3205773373, S. 60.
Гэтая з’ява вядома са старажытнасці. На думку шэрага даследчыкаўНапрыклад, Louis H. Feldman. AntiSemitism in the Ancient World, 1997, антысемітызм паўстаў і развіўся ў свеце антычнага паганства.
Гістарычныя карані антысемітызму ідуць ад часоў вымушанага масавага перасялення яўрэяў з Палесціны ў іншыя краіны Рымскай імперыі ў I ст. н.э., іх шматвяковых блуканняў па краінах Еўропы, дзе яны ўспрымаліся мясцовым насельніцтвам як «іншароднае цела». У эпоху феадалізму ў Германіі, Аўстра-Венгрыі, Расійскай імперыі яўрэі былі непаўнапраўнымі, падвяргаліся рэлігійным і нацыянальным ганенням, часта іх сялілі ў асобных, ізаляваных кварталах (гета). У выніку буржуазных рэвалюцый гэтыя прававыя абмежаванні ў большасці краін зняты, але міфы пра «сусветную змову яўрэяў», іх вінаватасць у розных супярэчнасцях і няўстойлівасці жыцця перыядычна адраджаліся. У Расіі для яўрэяў у канцы XVIII стагоддзя была ўведзена мяжа аселасці, дзейнічалі законы, якія забаранялі ім купляць зямлю, паступаць на дзяржаўную службу, займаць афіцэрскія пасады ў арміі, служыць у паліцыі, працаваць на чыгунцы, у паштовых установах і іншае. У 1880-я гады і ў перыяд рэвалюцыі 1905—1907 гадоў па Расіі пракаціліся хвалі пагромаў, арганізатарамі якіх найчасцей выступалі палітычная паліцыя, шавіністычныя арганізацыі, аддзяленні чарнасоценнага «Саюза рускага народа». Асабліва жахлівыя формы набыў антысемітызм у нацысцкай Германіі і акупаваных ёю краінах, калі гітлераўцы знішчылі каля 6 мільёнаў яўрэяў, у тым ліку 3 мільёны грамадзян былога СССР.
Антысемітызм на Беларусі На Беларусі, дзе яўрэі пражывалі з XIV—XVI стагоддзяў, антыяўрэйскія акцыі напачатку мелі эпізадычны характар, пазней праяўляліся ў выступленнях на соймах, у магістратах і цэхах з патрабаваннямі абмежавання яўрэяў у правах.
Найбольш антысемітызм на Беларусі праявіўся напярэдадні і ў час рэвалюцыі 1905—1907 гадоў. На абвастрэнне сітуацыі паўплываў яўрэйскі пагром, арганізаваны царскімі ўладамі ў красавіку 1903 года ў Кішынёве. Адпаведныя акцыі рыхтаваліся і ў некаторых гарадах і мястэчках Беларусі — у Пінску, Шклове і інш. У Бабруйску, Бешанковічах, Гомелі, Копысі, Мінску адбыліся сходы рабочых, на якіх абмяркоўваліся пытанні стварэння баявых дружын для адпору пагромшчыкам. Яны былі створаны ў Пінску (300 чал.), Копысі (150), Оршы, Гомелі, Магілёве, Мінску і іншых гарадах і мястэчках. Дружыны прадухілілі пагромы ў Шклове, Смалянах Аршанскага павета і інш.
Аднак у Гомелі 1 верасня 1903 года адбыўся яўрэйскі пагром, у якім удзельнічала і частка рабочых чыгуначных майстэрняў. Паліцыя і вайсковыя нарады не толькі не прымалі ніякіх захадаў супраць пагромшчыкаў, але і душылі супраціўленне ім з боку рабочых дружын, арганізаваных Гомельскім сацыял-дэмакратычным камітэтам Бунда. Толькі вечарам паліцыя і салдаты спынілі пагром, выкарыстаўшы пры гэтым зброю. У афіцыйных ацэнках гомельскага пагрому дзеянні мясцовых улад, паліцыі і войска цалкам апраўдваліся, а дружыннікаў абвінавачвалі ва ўзброеным супраціўленні войску, накіраванаму для ўтаймавання пагромшчыкаў. Іншая ацэнка падзей у Гомелі была дадзена ў сацыял-дэмакратычным друку, які рэзка крытыкаваў пазіцыю ўлад і расцэньваў пагромы як інструмент адцягнення ўвагі насельніцтва ад рэвалюцыйнага руху. Да гадавіны пагрому 1 верасня 1904 года ў Гомелі былі выдадзены прысвечаныя гэтай падзеі лістоўкі, арганізаваны 4 масоўкі і палітычная стачка пратэсту з удзелам 700 рабочых.
Восенню 1904 пры садзейнічанні мясцовых улад адбыўся пагром у Магілёве, праўда, непараўнальна меншы па маштабах, чым у Гомелі. Напружаная абстаноўка ў гэтых адносінах назіралася і ў іншых гарадах і мястэчках Беларусі (Дзятлава, Мазыр, Слонім), але дзякуючы контрзахадам сацыял-дэмакратычных арганізацый пагромы там не адбыліся. Бундаўская прэса адзначала, што ў цэлым антысемітызм сярод беларускага насельніцтва не атрымаў шырокага распаўсюджвання. У пераважнай масе яно адносілася да яўрэяў дружалюбна. Гэтаму садзейнічала агітацыя сацыял-дэмакратаў, якая ў перыяд рэвалюцыі 1905—1907 гадоў узмацнілася. У красавіку—маі 1905 года сацыял-дэмакратычныя арганізацыі Бабруйска, Ваўкавыска, Гомеля, Магілёва, Парычаў і іншых гарадоў і мястэчак Беларусі разгарнулі шырокую кампанію пратэсту супраць пагрому ў Жытоміры. У сувязі з гэтым гомельскія арганізацыі РСДРП і камітэт Бунда 12 мая 1905 года правялі агульнагарадскую палітычную забастоўку пратэсту і вулічныя маніфестацыі.
У час Усерасійскай палітычнай стачкі ў кастрычніку 1905 года чарнасоценцам удалося арганізаваць яўрэйскія пагромы ў Полацку, Оршы, Рэчыцы і іншых гарадах. Полацкія чарнасоценцы выступілі 23 кастрычніка 1905 года, праз 2 дні пасля завяршэння ў горадзе ўсеагульнай стачкі, у час якой улада некалькі дзён знаходзілася ў руках мясцовага рэвалюцыйнага камітэта. Пасля малебна яны разам з духавенствам арганізавалі шэсце на цэнтральнай вуліцы, якое ператварылася ў яўрэйскі пагром. Рабочыя дружыны спрабавалі спыніць пагромшчыкаў, але апошніх падтрымалі паліцыя і 2 роты салдат; звыш 60 дружыннікаў забарыкадаваліся ў гасцініцы «Залаты якар», другі атрад — у гасцініцы «Парыж». Большасць з іх загінула ў баі. У Оршы ў барацьбе з пагромшчыкамі загінуў 31 рабочы. У час пагрому ў Рэчыцы на дапамогу мясцовым дружыннікам быў накіраваны атрад рабочых з Гомеля (30 чал.). Рэчыцкія чарнасоценцы, даведаўшыся пра гэта, наладзілі засаду. У выніку 9 гомельскіх дружыннікаў былі забіты, астатнія — паранены. Трывожнай была сітуацыя і ў Гомелі. Але тут вырашальную ролю адыграла пазіцыя чыгуначнікаў (выключна хрысціян, у большасці беларусаў), якія актыўна далучыліся да Усерасійскай палітычнай стачкі. Агульны сход дэлегатаў Гомельскага вузла Лібава-Роменскай і Палескіх чыгунак 30 кастрычніка 1905 года, абмеркаваўшы пытанне аб пагромах, прыняў рэзалюцыю, у якой гаварылася: «Мы… заяўляем, што рабочыя і служачыя мясцовых чыгунак не толькі не будуць садзейнічаць пагромам і насіллю, але, наадварот, рашуча і энергічна пойдуць супраць граміл» (газета «Северо-Западный край», 1905, № 779). Рабочыя чыгуначных майстэрняў арганізавалі баявую дружыну, на кругласутачнае патруляванне вуліц выходзіла да 100 чалавек. У такіх умовах гомельская «чорная сотня» не адважылася на выступленне. Рэзалюцыі аналагічнага зместу і адпаведныя арганізацыйныя захады былі прыняты і ў іншых гарадах Беларусі. Рабочыя мінскага завода «Тэхнолаг», у асноўным беларусы, заслухаўшы 24 кастрычніка 1905 года прадстаўніка мясцовай групы РСДРП, выказалі ў сваёй рэзалюцыі глыбокае абурэнне пагромамі яўрэяў, армян, інтэлігенцыі і свядомых рабочых. Ацэньваючы гэта як «контррэвалюцыйныя спробы з боку абсалютызму… затрымаць і задушыць рост вызваленчага руху», яны заявілі, што ўсе сродкі, якія ёсць у іх распараджэнні, накіруюць «супраць гэтых гнюсных спроб пагромаў». Бязлітасную барацьбу з кіраўнікамі пагромаў абвясцілі ў сваёй рэзалюцыі ўсе беларускія рабочыя гарбарных заводаў Смаргоні. У такіх умовах выступаць у ролі пагромшчыкаў давялося непасрэдна паліцыі і карнікам, што і адбылося ў Гомелі ў студзені 1906 года. Калі рабочыя Гомеля забастоўкамі адзначалі гадавіну рэвалюцыі, нягледзячы на палажэнне аб надзвычайнай ахове, пачаліся карныя акцыі, якія 13 студзеня выліліся ў пагром. Было падпалена некалькі яўрэйскіх магазінаў. Ноччу пажар ахапіў большую частку горада. Пажарнікам дазволілі распачаць яго тушэнне толькі на другі дзень. Афіцыйным расследаваннем высветлена, што мясцовы жандарскі начальнік ротмістр Падгарычані яшчэ да пагрому перадаў «чорнай сотні» 38 рэвальвераў, адабраных у рэвалюцыянераў, а таксама захопленую раней падпольную друкарню для публікацыі адпаведнай агітацыйнай літаратуры.
У 1920-я гады яўрэйскія пагромы на тэрыторыі Беларусі ўчынялі польскія ўлады, атрады Станіслава Булак-Балаховіча, бандыцкія фарміраванні. У гады сталінскага тэрору былі ліквідаваны створаныя ў 1920-я гады яўрэйскія культурна-асветніцкія арганізацыі і школы, распачаты рэпрэсіі супраць дзеячаў яўрэйскай культуры. На тэрыторыі Беларусі ў час яе акупацыі нацыстамі створана 70 лагераў смерці (гета) і знішчана больш за 300 тысяч яўрэяў. Пасля вайны ўлады Беларусі (як і іншых рэспублік былога СССР) праводзілі палітыку скрытага антысемітызму.
Антысемітызм у СССР
Палітыка дзяржаўнага антысемітызму праводзілася пасля Вялікай Айчыннай вайны і кіраўніцтвам СССР, сведчаннем чаго сталі кампаніі супраць так званых касмапалітаў (1949), «справа ўрачоў» (1953) і інш
Сталінскі антысемітызм не быў ні этнічным, ні расісцкім, ані выкліканым рэлігійнай антыпатыяй, як у Расійскай імперыі. Антысемітызм ператварыўся ў частку афіцыйнай палітыкі, калі стала зразумела, што Ізраіль займае прынцыповую праамерыканскую пазіцыю. Такім чынам сталінскі антысемітызм быў цалкам «палітычным», хоць гэта можа быць толькі прыцерушэннемMedvedev, R., Medvedev Z. The unknown Stalin: his life, death and legacy / Roy Medvedev and Zhores Medvedev; translated by Ellen Dahrendorf. — Woodstock, N.Y.: Overlook Press, 2004. — 335 p. — P. 262. — ISBN 1585675024.. Святлана Алілуева тлумачыць чысткі старых партыйных функцыянераў «антысемітызмам… які ўзрос у самой партыі»Only one year / Svetlana Alliluyeva; Translated from the Russian by Paul Chavchavadze. — New York: Harper & Row, . — VIII, 444 p. — P. 153. — ISBN 0-06-010102-4..
Падчас Другой сусветнай вайны кіраўніцтва СССР неахвотна прызнавала Халакост на акупаванай тэрыторыі. Сам Іосіф Сталін згадаў пра генацыд еўрапейскіх яўрэяў толькі аднойчы — у прамове 7 лістапада 1941 года. Савецкае кіраўніцтва сцвярджала на афіцыйным узроўні, што на акупаваных тэрыторыях нямецкія акупацыйныя ўлады ставяцца да яўрэяў як да ўсіх іншых народаў. Толькі ў снежні 1942 года, пасля ціску з боку сусветнага яўрэйскага грамадства, кіраўніцтва СССР выдала дэкларацыю «Выкананне плана па вынішчэнні яўрэйскага насельніцтва Еўропы гітлераўскім рэжымам»Smilovitsky, L. Antisemitism in the Soviet Partisan Movement, 1941—1944: The Case of Belorussia // Holocaust and Genocide Studies. — 2006. — Vol. 20. — № 2. — P. 209..
Вядомыя антысеміты Вальтэр Грос Адольф Гітлер Генрых Гімлер Ясір Арафат Садам Хусейн Алі Хаменеі Халед Машаль Ях’я Сінвар
Крыніцы
Літаратура Антысемітызм у нацысцкай Германіі Антысемітызм. Катастрофа. Küntzel M. National Socialism and Anti-Semitism in the Arab World . Jewish Political Studies Review 17:1-2 (Spring 2005)
Спасылкі
Post-Holocaust and Anti-Semitism
Нацыянальны мемарыял Катастрофы (Халакоста) і Гераічнасці
Катэгорыя:Расізм Катэгорыя:Ксенафобія