Станіслаў Антоній Аўгуст Панятоўскі, Аўгуст IV (,  — , Санкт-Пецярбург) — дзяржаўны і палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, апошні кароль польскі і вялікі князь літоўскі (1764—1795).

У 1764 абраны каралём польскім і вялікім князем літоўскім пры падтрымцы Расіі. Але вакол новага караля згуртаваліся магнаты і шляхта, якія жадалі адраджэння Рэчы Паспалітай. Пры Панятоўскім паступова праводзіліся эканамічныя рэформы: адчыняліся мануфактуры, будаваліся каналы, наладжваліся кірмашы, падтрымліваўся гандаль. Каб соймы не зрываліся праз права liberum veto, яны праводзіліся як канфедэрацыйныя. Гэта не задавальняла Расію і Прусію, у 1767 пры іх падтрымцы пратэстанцкая і праваслаўная шляхта (дысідэнты) утварылі Торуньскую і Слуцкую канфедэрацыі, якія запатрабавалі ўраўнавання сваіх правоў з каталікамі. Пад ціскам Расіі вальны сойм у 1768 прыняў рашэнне аб ураўнаванні правоў дысідэнтаў. У адказ каталіцкая шляхта стварыла Барскую канфедэрацыю і пачала рокаш. Паўстанне канфедэратаў было падаўлена ў 1771 расійскімі войскамі, а ў 1772 Расія, Прусія і Аўстра-Венгрыя падпісалі дамову аб першым падзеле Рэчы Паспалітай.

Рэформы працягваліся — Чатырохгадовы сойм (1788—1791) прыняў Канстытуцыю. Канстытуцыя ліквідавала падзел Рэчы Паспалітай на ВКЛ і Каралеўства Польскае, аб’ядноўваючы іх ва ўнітарную дзяржаву, улада караля рабілася спадчыннай. Польская мова аб’яўлялася адзінай дзяржаўнай мовай, а каталіцтва — адзінай дзяржаўнай рэлігіяй. Пры захаванні шляхецкіх праў, палепшылася становішча прыгонных сялян, гарады атрымалі прадстаўніцтва ў сойме, касавалася права liberum veto, магнацкія войскі ўваходзілі ў склад дзяржаўнага войска. Была створана Адукацыйная камісія.

Прыняцце Канстытуцыі было кепска сустрэта ў суседніх дзяржавах. Расійская імператрыца Кацярына II лічыла яе небяспечнай, і ў 1792 годзе была створана Таргавіцкая канфедэрацыя, якая пры падтрымцы расійскіх войскаў выступіла супраць Канстытуцыі. У 1793 годзе адбыўся другі падзел Рэчы Паспалітай. У склад Расіі ўвайшла тэрыторыя Цэнтральнай Беларусі, Канстытуцыя 1791 года была скасавана, а ў 1793 годзе апошні сойм Рэчы Паспалітай у Гародні прыняў новую Канстытуцыю, якая захоўвала федэрацыйны лад дзяржавы і ўзнаўляла выбарнасць караля.

24 сакавіка 1794 года ў Польшчы пачалося патрыятычнае паўстанне, якое ўзначаліў генерал Тадэвуш Касцюшка. У красавіку паўстанне пачалося і ў ВКЛ, дзе яго ўзначальваў Якуб Ясінскі. У ВКЛ былі ўведзеныя расійскія войскі. Адначасовае змаганне з Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй сталі прычынай няўдачы паўстання. У кастрычніку 1795 адбыўся апошні, трэці падзел Рэчы Паспалітай, якая з гэтага часу спыніла існаванне. Станіслаў Аўгуст выракся стальца, жыў у Санкт-Пецярбургу.

Памёр у 1798 у Санкт-Пецярбургу, дзе і быў пахаваны. У 1938 годзе быў перанесены ў пахавальню воўчынскага касцёла Святога Станіслава, у 1994 у варшаўскі кафедральны касцёл.

Крыніцы

Літаратура Беларуская энцыклапедыя. Т. 15. — Мн., 2002. Беларусь: энцыкл. давед. — Мн., 1995. — С. 557, 683. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: энцыкл. даведнік. — Мн., 1995. Саўчук А. Кніга Станіслава Аўгуста Панятоўскага // Гістарычны Альманах. Том 8’2003; Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 1. — Мн., 2001. — С. 401.

Спасылкі

Марчук Н. Р. Жыццё і смерць Станіслава Аўгуста Панятоўскага // «Літаратура і мастацтва» № 30, 28 ліпеня 2006; Stanislaus II August Poniatowski на rodovid.org Пераклады тэкстаў пра вяртанне парэшткаў каралёў Станіслава Ляшчынскага і Станіслава Аўгуста Панятоўскага з Ленінграда. Пераклад Леаніда Лаўрэша // Наша слова.pdf № 27 (79), 5 ліпеня 2023 // на pawet.net Янкоўскі Чэслаў. Станіслаў Аўгуст Панятоўскі ў гасцях у князя "Пане Каханку". Пераклад Леаніда Лаўрэша / Наша слова.pdf № 46 (150), 13 лістапада 2024. Янкоўскі Чэслаў. З каралеўскіх мемуараў. Пераклад Леаніда Лаўрэша // Наша слова.pdf № 10 (219), 11 сакавіка 2026: № 11 (220), 18 сакавіка 2026.

Катэгорыя:Вялікія князі літоўскія Катэгорыя:Каралі польскія Панятоўскі Станіслаў Аўгуст Станіслаў Аўгуст